Пасля адмены прыгону ў 1861 годзе сельская гаспадарка Магілёўшчыны ў сваім развіцці зрабілі значны крок наперад. Адмена прыгоннага права павысіла мабільнасць сялян, многія з іх у пошуках працы перабраліся ў горад.
У “Вопыце апісання Магілёўскай губерні…” даецца падрабязная характарыстыка казённых, царкоўных, прыватных і сялянскіх зямель на 1880-1881 гады. У самым грунтоўным статыстычным даследаванні нашага краю ХІХ стагоддзя канстатуецца, што ў Рагачоўскім павеце было 368 паселішчаў сялянскіх уласнікаў. На адно паселішча прыходзілася 679 дзесяцін зямлі, 104 душ мужчынскага полу, 35 двароў. На адзін двор прыходзілася ў сярэднім 19 дзесяцін зямлі, і гэта быў самым высокі паказчык у губерні. Так шмат зямлі мелі толькі сяляне быхаўскага павета.
Укладальнікі зборніка канстатавалі, што ў выніку правядзення аграрнай рэформы магілёўскае Падняпроўе страціла ўсе знешнія прыкметы “участковага валодання па заходняму ўзору”, або яны – рэдкае выключэнне з агульнага правіла. Гаспадарчы побыт магілёўскіх вёсак мала адрозніваецца ад велікарускіх нават знешне. Але гэта, на думку аўтараў, толькі знешні выгляд, бо па сутнасці парадак валодання галоўнымі сельскагаспадарчымі ўгоддзямі застаецца спадчынным, падворным, без перадзелаў зямлі, як у казённых, так і ў прыватных маёнтках. “Дастаткова паразмаўляць з любым селянінам, каб адразу ж пераканацца, што “спадчыннае права на зямлю было тут заўжды трывала і выцякала з цвёрда ўстаялага мясцовага звычая – пераходу ўсёй гаспадаркі ад бацькі да дзяцей. Магілёўскі селянін інакш не выказваецца пра сваю зямлю, як называе яе “бацькаўшчынай”.
Увядзенне амаль ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках неадпаведнага мясцовым паняццям абшчыннае землеўладанне па велікарускім узоры напачатку не выклікала сур’ёзных цяжкасцяў, бо зямлі хапала. Але новая форма не выцясніла старадаўнія мясцовыя звычаі і традыцыі. У выніку мірскае ўладанне зямлёй па расійскаму ўзору тут так і “не прыжілся”, – зрабілі вывад тагачасныя расійскія чыноўнікі.
Асабліва нізкае пачуццё калектывізму прадэманстравалі сяляне Аршанскага, Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага і Рагачоўскага паветаў. У наваколлях Рагачова, Жлобіна і Стрэшына сяляне амаль не куплялі ва ўласнасць вясковых грамад лясы, ворыва або выпасы. Да 1881 года сялянскія грамады павета набылі ў агульнае валоданне ўсяго 78 дзесяцін зямлі. Тутэйшыя сяляне, безумоўна, набывалі землі, але не ў калектыўную, а ў асабістую ўласнасць.
У канцы XІX стагоддзя ізноў абвастрылася аграрнае пытанне. Новыя пакаленні сялян уступалі ў самастойнае жыццё. Сярэдні сялянскі надзел з 1877 па 1905 год скараціўся ў Мінскай губерні з 17,2 да 9,1 дзесяціны, а ў Магілёўскай – з 11,9 да 8,2. Магілёўшчына заставалася самай малазямельнай беларускай губерняй. Тутэйшыя сяляне сталі аднымі з самых малазямельных на Беларусі. Тут двары з надзелам да 15 дзесяцін складалі 97,6% агульнай колькасці. У выніку, жлобінскія сяляне вымушаны былі моцна эканоміць, каб сабраць сродкі на пакупку новых так званых купчых зямель. Зямельны голад заставаўся асноўнай прыкметай становішча жлобінскіх сялян. Сяляне вымушаны былі арандаваць значную частку памешчыцкіх зямель.
Сялянскім грамадам моцна не хапала сенажацяў і лясоў. Аднакі прыдняпроўскія і прыбярэзінскія вёскі Жлобіншчыны мелі магчымасць выкарыстоўваць заліўныя дняпроўскія і бярэзінскія пойменныя сенажаці. Менавіта таму, у лепшым становішчы былі сяляне наступных вёсак левабярэжжа Дняпра: Новыя Лукі, Лебядзёўка, Вялікія Рогі, Саланое, Праскурні, Затоны, Шыхаў, Верхняя і Ніжняя Алба. На правым беразе лугамі поймы ракі карысталіся вяскоўцы Цупера, Лугавой Вірні, Калыбаўкі, Чацвярні, Скепні. Скарыстоўвалі блізкасць да ракі таксама жыхары мястэчак: Жлобіна, Карпілаўкі, Стрэшына. Бярэзінскімі пойменнымі лугамі карысталіся сяляне вёсак Сельнае, Васілевічы, Заброддзе, Атрубы і інш. А вось дальнія ад Дняпра і Беразіны вёскі карысталіся лясамі і балотамі, тарфянікамі, сухадольнымі сенакосамі.
Да канца стагоддзя каля 40% зямлі ўсё яшчэ належала памешчыкам. Праўда, значную частку памешчыцкіх зямель складалі лясы, балоты, азёры і рэкі. З-за малазямелля сяляне часцяком пасвілі сваю жывёлу ў лясах. Гэта моцна замінала лесааднаўленню. Жывёла паядала малады падрост – верхавінкі дрэў. Часам пастухі распальвалі свае вогнішчы ў лесе з-за чаго ўзнікалі пажары. Нярэдка яны распальваліся наўмысна, дзеля таго, каб трава лепш расла ў лесе для пашы. Практычна ужо ўсе лясы і хмызняк, што па рэформе выдзелілі сялянам да пачатку 1880 гадоў, распрацавалі пад палеткі. Усё гэта, а таксама вырубка памешчыцкіх лясоў, вяло да пачатку рэзкага абязлесення Падняпроўя.
Пашы і сенажаці былі вельмі патрэбныя для ўтрымання разнастайнай жывёлы, якую ўтрымлівалі ў вясковых, а часцяком і ў гарадскіх гаспадарках. Практычна кожная сялянская сям’я жлобінскіх паселішчаў мела карову ці іншы рагаты скот. Рагатую скаціну трымалі як для харчавання, так і як “завод вырабкі гною (навозу)”. Утрыманне яе ў сялянскіх гаспадарках не патрабавала вялікіх выдаткаў і было рацыянальным. Усяго ў павеце меліся 56 823 рагатыя жывёліны. На 100 чалавек прыходзілася 40 галоў рагатага ската.
Выгляд мясцовых беларускіх кароў, як і ў суседніх паветах, меў мноства недахопаў: рост вельмі нізкі, дарослая карова нярэдка важыла ўсяго 7-8 пудоў (100-120 кг), ейнае цела было кароткім, каржакаватым, формы вуглаватыя, галава параўнальна вялікая, а шыя тонкая, грудзі кепска развітыя, хвост жыдкі і кароткі. Ні каровы, ні быкі не былі годныя ў працу. Адкорм іх быў павольны і стратны, бо найбольш каштоўныя для мяса часткі цела ў іх былі малыя. Малако каровы давалі тлустае, густое, але яго было няшмат. У памешчыцкіх гаспадарках рагатая скаціна мела трохі лепшыя якасці, бо дагляд і ўтрыманне там былі лепшымі. Толькі ў некаторых маёнтках сярэднегадавы ўдой ад каровы складаў 100 вёдраў. Кошт малака летам складаў 30-35 капеек за вядро, а зімой – да 50 капеек. У гарадах зімой вядро малака ў розніцу можна было прадаць і за 1 рубель 50 капеек.
Пераважная большасць коней у жлобінскіх сялян былі беларускай, дастаткова дробнай і не надта моцнай пароды. Затое тутэйшыя коні вызначаліся цягавітасцю і непераборлівасцю ў ежы. Коні любілі чыстую ваду і былі “не ўражлівыя да прастуды і дыхавіцы (запалаў)”. Як землеўласніцкія, так і сялянскія коні ў пасяленнях сучасных Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў, былі аднымі з самых нізкарослых у губерні.
Па конскім перапісе 1882 года ў Рагачоўскім павеце было 71 300 коней, што ў сярэднім у два разы болей за іншыя паветы Магілёўскай губерні. На адну квадратную вярсту тут прыходзілася 10,8 коней – трэцяе месца ў губерні. На 100 чалавек мелася 49,8 коней, або на двух жыхароў меўся адзін конь. Прычым, 86,7 % коней належала тутэйшым сялянам. На адну сялянскую гаспадарку ў сярэднім прыходзілася 2,6 коней. Пры гэтым, 12,2% сялянскіх гаспадарак было бясконнымі, 13,9% – мела аднаго каня, толькі 38,8% мела 2-3 коней. Але кожны трэці селянін (33,9%) меў ад 4 да 6 коней, а 13% сялянскіх гаспадарак – 7 і болей коней.
Наяўнасць ската ў жлобінскіх сялян дэманструе збядненне значнай часткі сялянства і з’яўленне новай сацыяльнай групы заможных сялян, якіх празвалі “кулакамі”. Апошнія паспяхова займаліся сельскай гаспадаркай, часцяком трымалі крамы, будавалі або арандавалі млыны, маслабойні, грыбаваркі, вінакурні і іншыя дробныя прадпрыемствы. Нярэдка кулакі займаліся ліхвярствам. Яны пазычалі беднякам грошы пад вялікія працэнты. Найбольшая колькасць заможных гаспадарак, што мелі 7 і болей коней на гаспадарку, знаходзілася ў Стара-Руднянскай (13 %) і Гарадзецкай (18 %) валасцях.
На гаспадарку сялян істотна ўплывалі разнастайныя эпізаотыі – (эпідэміі жывёл). Так, у 1880 годзе буйны рагаты скот жлобінскіх сялян моцна пакутаваў ад чумы, а ў 1881 коні хварэлі на тыф (тагачасныя назвы хвароб не заўжды адпавядаюць сучасным – аўт.). Не абмінула рэгіён сібірская язва і іншыя хваробы ската. Чуму, як і большасць іншых хвароб, завезлі з Чарнігаўскай губерні па вядучым з паўднёвых губерняў беларускім скотапрагонным тракце.
Галоўнымі культурамі на Жлобіншчыне ў другой палове ХІХ стагоддзя былі жыта, авёс, грэчка, ячмень, бульба, радзей высаджвалася пшаніца. Найбольш высявалі азімае жыта. Па памерах пасеваў далей ішоў авёс (найперш на корм скату) і грэчка. Менш садзілі ячменю. Таксама высявалі яравое жыта, проса, сачавіцу і гарох.
Навіной гэтага перыяду стала паўсюднае вырошчванне жлобінскімі сялянамі палявой бульбы. Калі ў дарэформенны перыяд бульбу садзілі пераважна ў градах, то з развіццём вінакурэння з бульбы, са з’яўленнем ў некаторых маёнтках крухмальных заводаў яна стала таварнай палявой культурай. Ураджай у 100 чвэрцей (дзве асміны) з дзесяціны лічыўся вельмі добрым. У гады, неўраджайныя на жыта, бульба ратавала сялян ад голаду. Праблемай вырошчвання ўжо тады была “бульбяная хвароба” (фтора – аўт.). Збіралі бульбу з палеткаў да самых маразоў.
Да маслінных і прадзільных раслін адносіліся лён і каноплі. Іх вырошчывалі пераважна сяляне. На адзін сялянскі двор прыходзілася каля 400 квадратных сажняў канаплянікаў, што саджалі пераважна ў градах. У Рагачоўскім павеце яны займалі 2,3% ворнай зямлі. Каноплі давалі алей і пяньку для прадзення. Пра ўжыванне яе ў наркатычных мэтах звестак няма. Для свайго карыстання канапляны алей сяляне выраблялі паўсюдна ў многіх вёсках. Найбольш гэты промысел быў развіты ў Клімавіцкім, Быхаўскім і Рагачоўскім паветах.
Так званае адыходніцтва ў тыя часы было вельмі распаўсюджаным. Сяляне ў вольны ад палявых работ час шукалі магчымасць прыробку па-за сваімі населенымі пунктамі. Лясны промысел быў адным з папулярных варыянтаў падзарабіць для жлобінскіх сялян Стараруднянскай воласці, шырока распаўсюджаны ён быў і ў Стрэшынскай воласці. У Магілёўскай губерні вялікая колькасць работнікаў мужчын сезонна займалася вырабам, распілоўкай, вывазам лесу (32,3% ад занятых адыходніцтвам). Шмат работнікаў восенню і зімой працавала за 10-15 рублёў у месяц на цукровых, вінакурных і іншых заводах (26,4%).
Мужчыны прыбярэжных да Беразіны і Дняпра вёсак па вясне займаліся сплавам лесу ў так званыя “паўднёвыя” або “нізавыя” (украінскія) губерні (12,7%). Звычайныя работнікі атрымоўвалі за сплаў платоў па рэках да 40 рублёў, вопытныя “дубавікі”, якія кіравалі плытамі ў небяспечных месцах, мелі да 100 рублёў, а “атаманы” – нават да 300 рублёў. Да таго ж работнікаў кармілі за кошт лесапрамыславіка.
Займаліся жлобінскія сяляне і землянымі работамі (13,6%). Вялікія прыробкі сялянам дало будаўніцтва ў 1870 гады Лібава-Роменскай чыгункі, у 1880 гады – палескіх чыгунак, а ў 1902-1904 гадах – Віцебска-Жлобінскай чыгункі. Адпраўляліся працаваць сяляне таксама ў Кіеў і Адэсу. Памесячная аплата складала 10-15 рублёў, а пасутачная – каля 60 капеек.
Традыцыйным адыходным заняткам была копка сасновых пнёў для смалакурных заводаў (7%), дзе з іх выраблялі дзёгаць. Чысты заробак на гэтых працах з улікам выдаткаў на харчаванне у месяц складаў каля 4 рублі 50 капеек. Трапаннем пянькі па ранейшаму займаліся ўзімку і атрымоўвалі да 47 рублёў за сезон. Адзначалася шырокае распаўсюджванне жыхарамі павета арэнды садоў ва Украіне.
Статыстыку, што прыводзяць ў “Вопыце апісання Магілёўскай губерні” паказвае памеры адыходніцтва ў павеце і асобных валасцях Жлобіншчыны. На Рагачоўшчыне адыходніцтвам займалася 4 176 сялян.
У Стара-Руднянскай воласці адыходніцтвам займаліся сяляне Лугавой Вірні (15 мужчын 9-ці з агульнага 41 двара паселішча), Бабоўкі (17 мужчын 7-мі з 34 двароў), Чорнай Вірні (41 мужчын 22-ці з 79 двароў). Іх гадавы заробак складаў каля 30 рублёў.
У Лукаўскай воласці сітуацыя з адыходніцтвам была наступнай: Кабанаўка (5 муж 5-ці з 30 двароў), Лукі (30 муж 29-ці з 117 двароў), Малевічы (20 муж 20-ці з 51двара), Малевіцкая Рудня (2 муж 2-ух з 24 двароў), Навікі (2 муж 2-ух з 21 двароў), Чарцёж (7 муж 7-мі з 38 двароў), мястэчка Жлобін (112 муж 80-ці з 346 двароў).
У Стрэшынскай воласці сітуацыя з адыходніцтвам мала адрознівалася: сяло Саланое (12 муж 10-ці з 78 двароў); вёскі: Мормаль (7 муж 7-мі з 79 двароў). Шыхаў (10 муж 10-ці з 67), Затон (25 муж 22-х з 68), Жырхаўка (5 муж 5-ці з 52), Зломнае (16 муж 16-ці з 38), Касакоўка (2 муж 2-х з 49), Папаратнае (4 муж 4-х з 66), Праскурні (18 муж 18-ці з 76), Папкі (3 муж 3-х з 65), мястэчка Карпілаўка (10 муж 10-ці з 63).
Возніцтва – гэты промысел быў таксама традыцыйна вельмі распаўсюджаным у Падняпроўі. Моцным ударам па возніцтве стала будаўніцтва чыгунак. Сяляне ў апошнія дзесяцігоддзі стагоддзя рэдка вывозілі тавары за межы губерні. Часцей за ўсё работнікі перавозілі лясныя матэрыялы да рэк ці да чыгуначных станцый. Вывазам і прывозам звычайных тавараў на чыгуначныя станцыі звычайна займаліся мяшчане гарадоў і мястэчак. У Жлобіне ў 1881 годзе перавозкай грузаў займаліся 30 мужчын з 25 гаспадарак. 20 з іх зараблялі па 30 рублёў на год, а для 10 гэта была па сутнасці асноўная праца, і яны зараблялі па 200 рублёў. У суседняй Карпілаўцы толькі 5 мужчын з 5 гаспадарак займаліся возніцтвам і зараблялі ўсяго па 20 рублёў.
Нягледзячы на сезоннасць працы, сяляне, асабліва ўзімку, не цураліся займацца падвозам і вывазам са станцый тавараў. Усяго ў Рагачоўскім павеце возніцтвам тады займаліся 479 мужчын, што было меней, чым у папярэднія дзесяцігоддзі. Распаўсюджаным быў падвоз каменю для Маскоўска- Брэсцкага і Пецярбургска-Кіеўскага трактаў, што праходзілі праз павет.
Промыслы і адыходніцтва дазвалялі сялянам атрымоўваць дадатковыя прыбыткі і часткова кампенсаваць малазямелле. Але аналіз сярэдніх выдаткаў сялянскай сям’і з пяці душ у 358 рублёў 70 капеек у год паказвае, што саматужніцтва, адыходніцтва і возніцтва давалі нязначны прыбытак да сямейнага бюджэту і рабіліся “з вялікай нястачы”. Асноўны ж прыбытак давала сялянам сельская гаспадарка.
Тым не менш, сяляне Рагачоўскага павета былі на другім месцы ў Магілёўскай губерні пасля Гомельскага па колькасці саматужнікаў. На Рагачоўшчыне іх было 9 355 чалавек, што складала 13,14% ад агульнага ліку ў губерні. Але на 100 сялянскіх мужчынскіх душ у 1979 годзе тут прамысловымі заняткамі займаліся толькі 17 сялян. А вось па сярэднім гадавым заробкам у 20 рублёў 56 капеек мясцовыя саматужнікі саступалі толькі гомельскім. Тагачасныя сяляне сучаснага Жлобінскага раёна, такім чынам, па ўцягнутасці ў прамысловыя заняткі знаходзіліся на сярэдніх пазіцыях у губерні. Трэба ўлічваць, што апісанне вясковага саматужніцтва было зроблена ўпершыню і было далёка не поўным. Па многім валасцям статыстыка была недасканалай або нават адсутнічала.
Сялянская рэформа застала памешчыкаў непадрыхтаванымі да перабудовы сваіх гаспадарак. Нават пасля трох дзесяцігоддзяў пераўтварэнняў прыбытковасць памешчыцкай гаспадаркі заставалася нізкай. Дваранскае саслоўе паступова ішло ў заняпад.
Першым і найбольш бачным наступствам замены абавязковай працы сялян на вольнанаёмную стала змяншэнне ворнай зямлі ў памешчыцкіх маёнтках. Няўгноеныя землі давалі вельмі нізкую ўраджайнасць. Калі раней пры дармавой працы сялян дапушчальнай на бедных землях лічылася ўраджайнасць нават у 2 зерня з коласа, бо адно зерне ішло на пасеў, а другое было чыстым прыбыткам, то цяпер праца патрабавала аплаты, і ворная зямля ў панскіх маёнтках паўсюдна скарачалася.
Памешчыкі пасля правядзення аграрнай рэформы таксама страцілі не меней за палову ўсіх сваіх былых лугоў. Гэта было звязана з перадачай іх сялянам і з нерэнтабельнасцю збору сена з аддаленых ад сядзіб лугоў нават пры нізкай аплаце працы сялянам. У выніку зменшылася колькасць утрыманай памешчыкамі жывёлы, а разам з ёй і колькасць гною, што быў неабходны для ўгнаення палеткаў.
Сусветны аграрны крызіс 1880-1890 гадоў балюча ўдарыў па сельскай гаспадарцы, кошт хлеба прыкметна знізіўся з-за канкурэнцыі на сусветных рынках і наяўнасці новых відаў транспарту, што дазвалялі танна дастаўляць грузы на вялікія адлегласці. Крызіс закрануў і сялянскія, і памешчыцкія гаспадаркі. Ён падштурхоўваў да абмеркавання шляхоў пераўтварэнняў у сельскай гаспадарцы.
На думку складальнікаў “Вопыта апісання Магілёўскай губерні” толькі 15% маёнткаў можна было аднесці да катэгорыі “лепшыя”. Да “сярэдніх” яны аднеслі 45%, а астатнія 40% былі “горшымі”. У апошніх гаспадарка або была зусім запушчанай, або вялася “надта дрэнна”. Галоўнай прычынай цяжкага стану памешчыцкіх гаспадарак было тое, што пасля адмены прыгоннага права старая экстэнсіўную сістэму гаспадаркі мусіла замяніць інтэнсіўная. Але далёка не ўсе памешчыкі або кіраўнікі гаспадарак былі здатныя і схільныя да прадпрымальніцтва. Многія гаспадаркі давялі да галечы. Да таго ж, няздатнасць памешчыкаў распараджацца абаротнымі сродкамі адзначалі амаль усе тагачасныя эканамісты. Часцяком памешчыкі выдаткоўвалі крэдытныя пазыкі не на развіццё гаспадарак, а на ўласнае пражыванне.
Непадрыхтаванасць памешчыкаў да гаспадарання ва ўмовах рынкавых адносін адзначалі мноства навукоўцаў і нават літаратараў таго часу. У сацыяльным плане менавіта ў другой палове ХІХ стагоддзя паступова зніжаецца статус прывіліяванага дваранскага саслоўя. Нездарма менавіта ў канцы стагоддзя падаюць “акцыі” дваранскіх маладых паненак на рынку нявест. Іх абыходзяць дочкі купцоў, прадпрымальнікаў, а часам і заможных сялян, за якіх давалі большае прыданае.
Сярод буйных землеўладальнікаў жлобінска – рагачоўскага Падняпроўя вылучаліся Сенажэцкія, Сулістроўскія, Булгакі, Чарнышоў-Круглікавы, Фон-Вермоты. Непараўнальнае багацце гэтых гаспадароў і малазямелле жлобінскіх сялян выклікала сацыяльную напружанасць. Але звычайныя сярэднестатыстычныя маёнткі памешчыкаў мелі значна меншыя памеры і мелі больш лесу, чым раллі і пашы.
У “Вопыце апісання Магілёўскай губерні…” ёсць алфавіты спіс землеўладальнікаў павета, дзе пазначаны гаспадары маёнткаў на пачатак 1880 гадоў, права і час валодання імі, характарызуюцца землі, аброчныя артыкулы, з якіх плацілі прыбытак, і спосаб кіравання, у тым ліку жлобінскага Падняпроўя.
Алфавітны спіс уладароў маёнткаў у пачатку 1880 гадоў
Бараноўскі Аляксандр Іванавіч (рыма-каталік), у 1875 годзе набыў сумесна маёнтак Казловічы: 756 дзесяцін, з якіх 160 – ралля.
Гіжыцкія Уладзіслаў і Адольф Мікалаевічы (рыма-каталікі), сумесна атрымалі ў спадчыну ў 1879 годзе маёнтак Рудзенка: 160 дзесяцін, з якіх 94 – ралля, арандатар.
Жукоўскі Іосіф Антонавіч (рыма-каталік), у спадчыну ў 1869 годзе атрымаў маёнтак Малевічы: 3 746 дзесяцін, з якіх 862 – ралля, дзве карчмы (600 рублёў), вадзяны млын, крупадзёрка, сукнавальня (900 рублёў) ў арэнду. Гаспадарку вёў кіраўнік.
Кісель-Загаранскі Адам Іванавіч (рыма-каталік), у 1858 годзе атрымаў у спадчыну маёнтак Дзяніскавічы: 162 дзесяціны, з якіх 102 – ралля.
Сіксцель Васілі і Міхаіл Міхайлавічы (праваслаўны), у 1876 годзе атрымалі у спадчыну маёнтак Рудня: 1 054 дзесяціны, з якіх 435 – ралля, арандатар, два вадзяныя млыны (300 рублёў).
Солтан-Перасветы Іван Станіслававіч і Канстанцін Іванавіч (рыма-каталікі), набылі 1859 годзе Пірэвічы: 8 102 дзесяціны, з якіх 180 – ралля, вінакурня з 1865 года, два вадзяныя і валавы млыны, цагляны завод.
Сенажэцкі Аляксандр Платонавіч (рыма-каталік), у 1861 годзе атрымаў у спадчыну маёнтак Старая Рудня: 8 001 дзесяцін, з якіх 315 – ралля, карчма (100 рублёў), вадзяны млын, сукнавальня (130 рублёў), дзягцярны завод.
Сенажэцкія-Войніч Антон, Іван і Стэфан Бернардовічы (рыма-каталікі), у 1866 годзе атрымалі у спадчыну маёнтак Асінаўка: 105 дзесяцін, з якіх 24 – ралля, валавы млын.
Цітоў Іван Сяргеевіч (праваслаўны) у 1876 годзе набыў маёнтак Казловічы: 1 303 дзесяціны, з якіх 320 – ралля, арандатар, вадзяны (180 рублёў) і ветраны (40 рублёў) млыны.
Граф Чарнышоў-Круглікаў Іпаліт Іванавіч (праваслаўны), у 1774 годзе набыў Жлобін і Лебедзеўку з 1 319 дзесяцінамі зямлі, з якіх 641 была лесам, 500 – раллёй, 126 – сенажаццю. Таксама ён меў паром, у маёнтку былі дзве карчмы. Гаспадарку вёў спецыяльны кіраўнік.
Шчыроўская-Брандт Алена Аляксандраўна (праваслаўная), удава калежскага асесара, у 1874 і 1881 гадах набыла маёнтак Дзяніскавічы: 352 дзесяціны, з якіх 166 – ралля, кіраўнік, вадзяны млын (60 рублёў).
Яфімовіч Уладзімір Міхайлавіч (праваслаўны), паручык гвардыі, набыў у 1880 годзе Астэрманск, Карпілаўку і Стрэшын: 24 154 дзесяціны, з якіх 2 405 – ралля, 5 корчмаў, 5 млыноў (4 500 рублёў), кіраўнік.
У 1861 годзе ў Старой Рудні і наваколлі дваране Сеняжэцкія валодалі 8 106 дзесяцінамі зямлі, карчмой, вадзяным млыном, сукнавальняй і дзягцярным заводам. Так, Аляксандр Сеняжэцкі ў вёсцы Завод меў берастова-дзягцярны завод, што заснавалі ў 1875 годзе. Тут працавалі 5 чалавек, а гадавы прыбытак складаў 990 рублёў. З 1892 года ў Старой Рудні працаваў бровар, дзейнічаў сенапрасавальны завод і завод па вырабе чарапіцы. Паводле перапісу 1897 года тут знаходзіліся медыцынскі пункт, 4 ветракі, гамарня, маслабойня, крама. У канцы стагоддзя памешчык А.П. Войніч-Сеняжэцкі пабудаваў тут лесапільны завод з лакамабілем.
Памешчыкі спрабавалі наладзіць сваю гаспадарку на рынкавай аснове. Сельскагаспадарчае прадпрымальніцтва дапамагала памешчыкам трымацца на плаву. Вельмі прыбытковым бізнесам было ўтрыманне вінакурных заводаў, дзе гналі спірт і гарэлку. Бровары да таго ж давалі ўгнаенні для палеткаў. Вінакурэнне з бульбы саступала месца вырабу “віна” з жыта. Падобная сістэма дазваляла заставацца ў межах традыцыйнага трохпольнага севазвароту. Гэтая галіна перажывала час канцэнтрацыі вытворчасці. Калі раней у Магілёўскай губерні было каля 300 дробных вінакурняў, то цяпер вытворчасць сканцэнтравалася на 70-80 заводах. Звязана гэта было ў тым ліку з увядзеннем новай акцызнай сістэмы.
Вінакурні меліся ў маёнтках Астэрманск, Красны Бераг, Пірэвічы, Старая Рудня і інш. Падобныя прыклады не былі адзінкавымі, але колькасць вінакурань змяншалася. У Рагачоўскім павеце дзейнічала ў 1881 годзе толькі 7 вінакурань. Напрыклад, у Пірэвічах памешчыкі Іван і Канстанцін Перасвет-Солтаны (рыма-каталікі) мелі ў 1880 гады вінакурню, што дзейнічала з 1865 года. На ёй працавалі дзевяць чалавек. Падобных па памерах вінакурань у павеце была большасць. Усе вінакурні былі сканцэнтраваны ў руках памешчыкаў.
Некаторыя памешчыкі здолелі пераўтварыць свае маёнткі ва ўзорныя шматгаліновыя гаспадаркі. У 1859 годзе Перасвет-Солтаны ў сяле Пірэ́вічы і наваколлі валодалі 8 102 дзесяцінамі зямлі, броварам, 3 млынамі, цагельняй. У 1885 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын. Памешчык А.А. Раговіч меў у канцы стагоддзя ў Пірэвічах сенапрасавальны завод.
На Жлобіншчыне паказальным можна лічыць маёнтак Бяльчо на беразе Беразіны. Ім валодаў у канцы стагоддзя Езехіль Прушынскі. У маёнтку было 210 дзесяцін ворыва, каля 300 дзесяцін сенажаці, 50 дзесяцін пашы і 4 100 дзесяцін пад лесам. Уладар трымаў 75 коней і 150 галоў буйной рагатай жывёлы. Кошт маёнтка ацэньваўся ў 44 960 рублёў, але прыбытку ў 1905 годзе ён прынёс толькі 1 500 рублёў, пры выдатках у 870 рублёў.
Маёнтак Красны Бераг на працягу ХІХ стагоддзя некалькі разоў мяняў сваіх гаспадароў. У канцы стагоддзя пры Марыі Паклеўскай-Козел агульная плошча складала 12 700 дзесяцін. Да 1 000 дзесяцін здавалі ў арэнду. Тут быў сад на 8 дзесяцін, статак буйной рагатай жывёлы дасягнуў 200 галоў (помесь мясцовай і швейцарскай). У той жа час сяляне вёскі Красны Бераг мелі ў сваім распараджэнні толькі 633 дзесяціны зямлі, а сяляне суседняй Краснабярэжскай Слабодкі – 349.
Толькі некаторыя памешчыкі здолелі пераўтварыць свае маёнткі ва ўзорныя шматгаліновыя гаспадаркі. Да такіх адносілі маёнтак Астэрманск (вёска Адраджэнне). Тут ладзілі самы багаты правінцыйны кірмаш. У 1860-х гадах маёнтак належаў ужо князю Галіцыну. З канца ХІХ стагоддзя ім валодала Адэлаіда Аляксандраўна Друцкая-Сакалінская. У пачатку ХХ стагоддзя Астэрманскам кіраваў Міхаіл Макржыцкі. Гаспадарка вялася арандатарам. Зямлі было 6 565 дзесяцін, у тым ліку сядзібнай і агароднай – 149, пад садам – 4, пад ворывам – 1 200, пашы – 60, лугоў заліўных – 320, незаліўных – 655, лесу – 3 100, няўдобіцы – 1 068. Маёнтак дзяліўся на чатыры фальваркі. Меліся два вадзяныя млыны і крухмальны завод. Штогод ён перарабляў 120 000 пудоў бульбы. У 1917 годзе ў маёнтку засталося толькі 2 323 дзесяціны зямлі, але меліся 2 вінакурных, дражджавы і малочны заводы, кузня, колавая майстэрня, паравая малатарня. У гаспадарцы працавалі 63 наёмныя работнікі. Ураджайнасць складала 132 пуды жыта, 1 000 пудоў бульбы, 95 пудоў аўса з дзесяціны
Многія памешчыкі самі не займаліся кіраваннем заводаў і фабрык у сваіх маёнтках. Была шырока распаўсюджана іхняя арэнда. Арандатарамі вельмі часта былі яўрэйскія прадпрымальнікі. У Рагачоўскім павеце, напрыклад, налічвалася ў пачатку 1880 гадоў 37 сукнавальных прадпрыемстваў. Большасць арадатараў былі мяшчане-яўрэі. Як мінімум чатыры сукнавальні дзейнічалі на тэрыторыі сучаснай Жлобіншчыны.
Сукнавальні Жлобіншчыны 1880 гадоў
У вёсцы Рудня было прадпрыемства двараніна Іосіфа Жукоўскага (рыма-католіка). Яго заснавалі ў 1854 годзе. Прадпрыемства давала 5 800 адзінак вырабаў і прыбытак 116 рублёў у год. Разам з млыном яго арандаваў дваранін Казімір Грахоўскі за 900 рублёў.
Марыя Шпакоўская (праваслаўная) – жонка штабс-капітана, валодала сукнавальняй ў фальварку Шчадрын. Прадпрыемства дзейнічала з 1859 года, выпусціла 5 000 вырабаў і давала прыбытак 100 рублёў. Разам з млыном яго арандаваў мешчанін Ліпа Малкін за 100 рублёў.
У Лугавой Вірні – каля Жлобіна за Дняпром – дваранін Гектор Зборамірскі (рыма-католік) валодаў сукнавальняй. З 1850 года тут валілася сукно. Прадукцыя майстэрня давала 3 000 вырабаў, 60 рублёў прыбытку, арандавалася мешчанінам Гдаляй Белкіным за 30 рублёў.
У вёсцы Завод была сукнавальня двараніна Аляксандра Сеняжэцкага (рыма-католіка). Яе заснавалі ў 1860 годзе. Сукнавальня давала 4 400 вырабаў і прыбытак 88 рублёў. Разам з млыном яго арандаваў мешчанін Іофа Мордух за 130 рублёў.
Да канца XІX стагоддзя рэзка паскараюцца тэмпы тэхнічнага прагрэсу. Дзеля павышэння канкурэнтаздольнасці памешчыкі і сяляне пачалі больш выкарыстоўваць сельскагаспадарчую тэхніку. Павялічылася прымяненне тэхнічных прыладаў і машын, у тым ліку паравых. Па ступені выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы беларускія губерні былі сярод самых перадавых губерняў Расійскай імперыі.
У 1900 годзе ў Рагачоўскім павеце сярэдні ўраджай жыта складаў 4 і 1/8 пуда, аўса – 9 і ¾, бульбы – 50 і 1/6 з дзесяціны. Вырошчвалі лён у прамысловых аб’ёмах, а затым адпраўлялі ў Рыгу. У некаторых паселішчах саджалі буракі для патрэб цукровых заводаў.

