Далей мы не будзем аналізаваць гісторыю ХХ – першай чвэрці ХХІ ст., бо яе поўнае і канчатковае асэнсаванне яшчэ наперадзе. Жыццё паказвае, што сапраўдная гісторыя бачыцца на адлегласці. Частку матэрыяла мы размеркавалі па тэматычных блоках. Яны адлюстроўваюць розныя бакі жыцця Жлобінскага края на сучасным этапе. Вылучым, на нашую думку, галоўнае.
Увесь пасляваенны час можна ўмоўна падзяліць на два перыяды:
1. 1945-1991 гг. (у складзе БССР і СССР) з этапамі:
- пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі, вяртанне да мірнага жыцця, аднаўленне і працяг функцыянавання сталінскай таталітарнай сістэмы (1945-1953 гг.);
- спробы частковай дэсталінізацыі і лібералізацыі сістэмы, звязаныя з “адлігай” М. Хрушчова (1953-1964 гг.);
- перыяд “застою”, частковай рэабілітацыі Сталіна, загніванне, стагнацыя і крызіс таталітарнай стстэмы (1964-1985 гг.);
- спробы ліберальных рэформ (перыяд так званай “перабудовы”) пад кіраўніцтвам М. Гарбачова, што скончыліся развалам СССР.
2. Перыяд аднаўлення беларускай дзяржаўнасці (Рэспублікі Беларусь):
- кароткі этап стварэння падмурку новай дзяржаўнасці, адноснай лібералізацыі, паступовай беларусізацыі і адраджэння духоўна-культурнага жыцця – парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі (1991-1994);
- этап “прэзідэнцкай рэспублікі” з найвялікшымі паўнамоцтвамі прэзідэнта Беларусі (з 1995 года і па сёння).
У 1950-1980-х гг. жыццё Жлобінскай зямлі праходзіла ва ўмовах панавання савецкай таталітарнай сістэмы. Яна была заснаваная на панаванні КПСС і рэпрэсіўнай ролі КДБ. Гэта – поўны кантроль за ўсімі бакамі грамадскага жыцця, адна форма ўласнасці, калгасна-саўгасная сістэма. Адна ідэалогія – марксізм-ленінізм. Поўнае падаўленне вольнадумства і індывідуальнасці. Русіфікацыя ўсіх бакоў жыцця, найперш, сістэмы адукацыі.
БССР – частка агульнасаюзнай гаспадарчай сістэмы вытворчасці і размеркавання, частка ВПК. Нашай краіне адвялі ролю агульнасаюзнага зборачнага цэха. Прайшла новая хваля індустрыяльнага будаўніцтва. Прамысловыя гіганты сталі градаўтваральнымі для многіх нашых гарадоў. Такім быў, напрыклад, Жлобінскі Беларускі металургічны завод (БМЗ). З ім звязаны новы этап у развіцці і росце горада. Гэтую ж ролю БМЗ выконвае і сёння. Разам з тым, рэсурс экстэнсіўнага развіцця вычарпаны і патрабуецца ягонае рэфармаванне. Гэта стварае новыя выпрабаванні і рызыкі для нашага горада і ягоных жыхароў.
Пэўнае ўяўленне аб развіцці Жлобіншчыны даюць наступныя факты і даты.
1950-я – 1960-я гг.
У 1954 годзе замест паравозаў на лінію сталі выходзіць цеплавозы і дызель-цягнікі.
У 1961 годзе адкрылі фабрыку мастацкай інкрустацыі.
У 1963 годзе Жлобін стаў горадам абласнога падпарадкавання, тут адкрылі швейную фабрыку.
У 1967 годзе адкрылі мэблевую фабрыку, дзе наладілі вытворчасць кухань.
У 1968 годзе стварылі прадпрыемства электрасетак.
Фабрыка мастацкай інкрустацыі
Жлобінская фабрыка мастацкай інкрустацыі была вядомая сваімі вырабамі з інкрустацыяй саломкай, што стала сімвалам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.
Узнікла ў 1955 годзе, дзякуючы таленавітым майстрам Дзягцярэнкам, якія стварылі першы цэх інкрустацыі ў сваім доме. Праз некалькі гадоў жлобінскія вырабы набылі вядомасць, а пасля выстаўкі на ВДНГ у 1958 годзе і асабістай пахвалы Хрушчова, пачаўся хуткі рост вытворчасці. У 1961 годзе была створана фабрыка, на якой працавалі ўжо 176 чалавек.
У 1960-х гадах быў сфармаваны самабытны стыль жлобінскай інкрустацыі, да працы далучыліся прафесійныя мастакі, і вырабы сталі шырэй прадстаўлены на выставах у Беларусі і за мяжой. Асартымент пашырыўся ад сувеніраў да прадметаў утылітарнага прызначэння — хлебніц, дошак, салонак, футаралаў для Бібліі і інш.
Будынак фабрыкі ў Жлобіне
Жлобінская фабрыка была вядомая сваімі ўнікальнымі тэхналогіямі, багатай калекцыяй арнаментальных матываў і мастацкай якасцю прадукцыі. Яе вырабы экспанаваліся ў Лейпцыгу, Бруселі, Манрэалі і карыстаюцца попытам у Расіі, Японіі, ЗША, Францыі ды іншых краінах.
Цяпер, нажаль, фабрыка спыніла сваё існаванне.
1970-я і 1980-я гг.
У 1975 годзе ў Жлобіне з’явіўся мясакамбінат.
У 1977 годзе адкрылі навучальную ўстанову. Сёння гэта – тэхналагічны каледж.
У 1978 годзе пачала працу фабрыка штучнага футра “БЕЛФА”, адкрылі каледж сферы абслугоўвання.
5 кастрычніка 1984 года на Беларускім металургічным заводзе здалі ў эксплуатацыю электраплавільны цэх – адбылася першая плаўка сталі.
У гэты час актыўна будавалі жыллё.
“БЕЛФА”
Жлобінскае прадпрыемства «БЕЛФА» — вядомы вытворца штучнага трыкатажнага футра — было афіцыйна створана 30 снежня 1978 года. Падмурак пад будучую фабрыку быў закладзены яшчэ ў 1976-м, а ўжо праз два гады запрацавала першая чарга магутнасцю 15 мільёнаў квадратных метраў у год.
У наступныя гады былі ўведзены другая і трэцяя чаргі, а ў 1983 годзе пачала працу эксперыментальная швейная фабрыка. «БЕЛФА» хутка стала найбуйнейшым вытворцам доўгаворсавых палотнаў у СССР, а жлобінскае футра атрымала рэпутацыю аднаго з найлепшых у краіне.
Аснову поспеху прадпрыемства склалі высокія стандарты якасці, пастаяннае абнаўленне асартыменту і ўвага да тэндэнцый у модзе. Сёння выпускаецца каля 250–300 тысяч кв. м прадукцыі ў месяц.
У 1986 годзе Жлобінская зямля прыняла на сваёй зямлі 2 000 перасяленцаў з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Жлобіне ўзвялі медгарадок.
1990-я гг.
У 1993 годзе пабудавалі Палац культуры металургаў
У 1995 годзе у Жлобіне асвяцілі храм святой Тройцы
У 1996 годзе адкрылі тэхнікум пры БМЗ (цяпер – металургічны каледж).
2000-я гг.
У 2002 годзе Жлобін і Жлобінскі раён аб’ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрыятарыяльную адзінку. Пачалося актыўнае будаўніцтва аграгарадкоў.
У 2004 годзе ўзвялі новы будынак чыгуначнага вакзала.
У 2006 годзе ў Жлобіне адкрылі Цэнтр алімпійскага рэзерву.
У 2007 годзе на БМЗ ўвялі ў эксплуатацыю новую вытворчасць – трубную. У Красным Беразе ў гэты ж час адкрылі мемарыял “Дзяцям – ахвярам вайны”.
У 2008 годзе ў Цэнтры Алімпійскага рэзерву адкрылі аквапарк.
2010-я гг.
У 2012 годзе хакейная каманда “Металург” упершыню стала пераможцам чэмпіянату Беларусі.
У 2013 годзе ў Жлобіне прайшоў рэспубліканскі фестываль-ярмарка працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”.
У 2013-2021 гг. правялі электрафікацыю шэрага чыгуначных участкаў.
2020-я гг.
У 2020-2022 гг. адкрылі МТК “Лукскае”, “Антонаўка-Агра”, УП ”Агра-Кароткавічы”.
У 2020 годзе адкрылі новы будынак Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
У жніўні 2020 года адбыліся масавыя народныя хваляванні пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У гэты ж час была спроба стачкі на БМЗ.
У 2021 годзе завяршылі рэканструкцыю аўтадарогі “Мінск-Гомель”.
У 2023 годзе ў Жлобіне прайшлі Другія Гульні краін СНД.
У 2022-2024 гг. хакейная каманда “Металург” была пераможцам чэмпіянату Беларусі.
У 2024 годзе прайшлі святкаванні з нагоды 100-годдзя Жлобінскага раёна.
Жлобінскі раён – адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Гомельскай вобласці. У раёне дзейнічаюць як дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, так і дзясяткі фермерскіх. З абслуговых арганізацый найбольш буйныя – ААТ «Жлобінскі Агратэхсэрвіс», ПУП «Жлобінсельгасхімія» і прадпрыемства меліярацыйных сістэм (УП «Жлобінскае ПМС»). Валаўтваральнымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна з’яўляюцца СУП “Агра-Каратковічы”, СПУ “Антонаўка-Агра”, СУП “Папаратнае”, ААТ “Свярдлоўскі”, СУП “Стэпы”, ААТ “Бабоўскі”.
У плане прамысловасці, акрамя БМЗ і яго структурных адзінак, можна вылучыць наступныя прадпрыемствы:
- Фабрыка штучнага футра “БЕЛФА”;
- Жлобінскі мясакамбінат;
- Жлобінскі хлебазавод;
- Жлобінскі кар’ер фармовачных матэрыялаў;
- Выдавецка-паліграфнае прадпрыемства “Тэхнічная кніга”;
- Жлобінская мэблевая фабрыка;
- Жлобінская швейная фабрыка;
- Жлобінскі завод “Свет” (механічная апрацоўка дэталей);
- Прадпрыемства “ОКА” (вырабы з дрэва і дрэваматэрыялаў);
- Завод сетак “Бабушкіна”.
На 1 студзеня 2023 года ў раёне былі зарэгістраваныя 2 595 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з якіх: 17 арганізацый, што адносяцца да сярэдніх прадпрыемстваў; 466 арганізацый, што адносяцца да мікра і малым прадпрыемствам; 2 112 індывідуальных прадпрымальнікаў.
У 2002 годзе пачалася рэканструкцыя будынка чыгуначнага вакзала. 19 студзеня 2004 года будынак вакзала ўжо здалі ў эксплуатацыю. У снежні 2009 года горад пабачыў новы пешаходны мост.
28 верасня 2013 года адкрылі электрыфікаваны ўчастак дарогі Асіповічы-Жлобін. У студзені 2016 года скончылі электрыфікацыю і ўвялі ў эксплуатацыю МПЦ і АЛСО на ўчастку Жлобін-Буда-Кашалёўская. 2 мая 2016 года на ўчастку Жлобін-Гомель зладзілі тэставую эксплуатацыю кантактнай сеткі, пачаўся рух электрацягнікоў ЭР9Е і ЭР9Т.
У чэрвені 2020 года адкрылі кантактную сетку на ўчастку Жлобін-Светлагорск-на-Бярэзіне.
У Жлобіне ёсць аўтобуснае злучэнне з іншымі гарадамі Беларусі. Цэнтральны аўтобусны вакзал знаходзіцца па адрасе вул. Урыцкага, 68. Дзейнічае аўтобусны парк з гарадскімі і раённымі аўтобуснымі маршрутамі. У горадзе працуюць службы таксі.
У структуры сферы адукацыі – 46 устаноў: 30 агульнаадукацыйных школ (27 сярэдніх, 1 базавая, 2 пачатковыя), з якіх 13 – гарадскія, 19 – сельскія, 12 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад-школа”, 2 гімназіі, Вячэрняя сярэдняя школа.
Спецыяльныя ўстановы адукацыі: Пірэвіцкая дапаможная школа-інтэрнат, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам, спецыяльны дзіцячы садок № 11.
Пазашкольныя ўстановы: гарадскі цэнтр дзіцячай творчасці “Эўрыка”, раённы дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, раённая станцыя турызму і краязнаўства, станцыя юных тэхнікаў.
Дашкольныя ўстановы такія: 1 дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці, 1 санаторны сад, 1 спецыяльны сад для дзяцей з аслабленым зрокам, 1 – для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 10 – з паглыбленай накіраванасцю, 30 – агульнага тыпу, 12 дзіцячых садоў знаходзяцца ў структуры дзіцячы сад-школа, 11 – ведамасных.
Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы: Жлобінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання, Жлобінскі дзяржаўны металургічны каледж, Жлобінскі дзяржаўны прафесійны тэхнічны каледж.
Лячэбна-прафілактычнае забеспячэнне ажыццяўляе Жлобінская цэнтральная раённая бальніца. Сетка медыцынскіх устаноў уключае: Жлобінскую ЦРБ (у 2018 год адзначаны 100-гадовы юбілей), радзільны дом, дзіцячую бальніцу, гарпасялковую бальніцу, 2 сельскія ўчастковыя бальніцы, 2 бальніцы сястрынскага догляду, 8 амбулаторый агульнай практыкі, 28 ФАовП, 6 фельчарскіх пунктаў, стаматалагічная паліклініка, наркалагічны дыспансер, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячая паліклініка, раённая паліклініка, вузлавая бальніца (з паліклінікай), жаночая кансультацыя, медсанчастка ААТ “БМЗ”. ДУ “Жлобінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
Дэмаграфія Жлобінскага раёна выглядае так:
-1999 год – 35 800 чалавек (без уліку жыхароў Жлобіна);
-2005 год – 107 100 чалавек;
-2006 год – 105 000 чалавек;
-2009 год – 104 871 чалавек (паводле перапісу насельніцтва).
Зараз насельніцтва раёна складае 107 100 чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 72 200 чалавек. Усяго налічваецца 156 населеных пунктаў.
Колькасць гарадскога насельніцтва – 77 049 чалавек (на 1 студзеня 2023 года). Нацыянальны склад па перапісе насельніцтва 2009 года:
-беларусы – 83,38%;
-рускія – 10,04%;
-украінцы – 1, 88%;
-цыганы – 0,14%;
-палякі – 0,14%;
-армяне – 0,13%;
-татары – 0,13%;
-азербайджанцы – 0,08%;
-яўрэі – 0,07%;
-малдаване – 0,06%;
Для параўнання: у 1939 годзе ў Жлобіне пражывалі 11 634 беларусаў (60,3%), 3 709 яўрэяў (19,2%), 2 308 рускіх (12%), 1 198 украінцаў (6,2%), 452 прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.



