Калектывізацыя і індустрыялізацыя на Жлобіншчыне

Калектывізацыя і індустрыялізацыя на Жлобіншчыне

Вынікам правядзення індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі стала стварэнне сучаснай на той момант матэрыяльна-тэхнічнай базы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Гэта забяспечыла будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў БССР. Шляхам велізарнага напружання сіл пабудавалі моцную індустрыяльную базу, павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва, палепшыліся матэрыяльныя ўмовы жыцця, ўзровень адукацыі, навукі, культуры вырас, але ідэалагічная сістэмя была савецкай. У эканоміцы ўсталявалася адзіная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Быў знішчаны найбольш прадпрымальны слой гаспадароў, а вытворча-гаспадарчая сістэма калгасаў, што склалася ў час калектывізацыі, засталася амаль без зменаў і да нашага часу.

Грамадска-палітычнае жыццё Жлобіншчыны праходзіла ва ўмовах таталітарнай палітычнай сістэмы і масавых рэпрэсій. У 30-х гадах пачалося разгортванне барацьбы Сталіна з рэальнымі палітычнымі апанентамі і ўяўнымі ворагамі, і яно не магло абмінуць Жлобін. Пэўныя поспехі ў развіцці гарадской інфраструктуры звязваліся з вынікамі барацьбы са “шкодніцтвам ворагаў народа”, бо з-за іхняй дзейнасці і “дыверсійнай работы” раней “наўмысна адсоўвалася на другараднае месца” развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама сацыяльна-культурнае будаўніцтва. Падкрэслівалася, што пасля разгрому ворагаў народа ў 1937 годзе пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна у наступным годзе выраслі асігнаванні на добраўпарадкаванне горада.

Канстытуцыі СССР 1936 года і БССР 1937 года абвяшчалі савецкія рэспублікі сацыялістычнымі дзяржавамі. У газетах і афіцыйнай агітацыі панавалі аптымістычныя паведамланні пра яднанне народных мас вакол камуністычнай партыі і савецкіх органаў улады:

“1937 год – год выбараў у Вярхоўны Савет СССР, якія праводзіліся па новай Канстытуцыі, што атрымала назву “сталінскай”. Народ у адзіным парыве падтрымаў кандыдатаў у дэпутаты, членаў палітбюро ЦК ВКП (б) на чале з горача любімым Генеральным сакратаром таварышам І.В. Сталіным”.

Калектывізацыя і індустрыялізацыя на Жлобіншчыне

Існавала моцная супярэчлівасць паміж прапагандысцкімі публікацыямі ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі і даведкамі для службовага карыстання. Тое ж кіраўніцтва партыі і дзяржавы атрымлівала паведамленні зусім іншага характару. У іх адзначалася, што ў сельскіх раёнах Беларусі распаўсюджаны выпадкі, калі людзі не толькі не збіраліся галасаваць за таварыша Сталіна, але і “праводзілі антысавецкую агітацыю”. Вось прыклад:

“Жлобінскі раён. У калгасе “Чырвоная ніва” Мінянкоў вёў контррэвалюцыйную прапаганду і агітацыю за вылучэнне кандыдатуры Рыкава. У калгасе “Чырвоны трактарыст” аднаасобнік заявіў: “Чаму вылучаюць Сталіна і Молатава, а не вылучаюць Галадзеда?” Севасцьянчык Фёдар (Кабанаўскі сельсавет) агітаваў калгаснікаў, каб яны не галасавалі за таварыша Сталіна. Мінянкоў, Буранкоў і Севасцьянчык ужо арыштаваныя.” (Газета “Звязда”).

Мінск. Урочышча Курапаты. Месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.

Карныя савецкія органы актыўна выкарыстоўвалі фальсіфікацыі існавання гэтак званых “контррэвалюцыйных арганізацый”. Палітычныя працэсы закранулі кожны раён. Былі інспіраваныя працэсы па так званых арганізацыях: Сялянская Партыя “Працоўны саюз”, “Працоўнай сялянскай партыі”, “Беларуска-Літоўскай сялянскай партыі і іншых. Усяго было 22 арганізацыі.

Да прыкладу, у Жлобінскім, Гомельскім і Асіповіцкім раёнах быццам дзейнічала “Контррэвалюцыйна-дыверсійная арганізацыя “Тэтаржане”. Па справе “Тэтаржан” асудзілі 69 чалавек. Па ўсёй чыгуначнай сеткі “дзейнічала” гэтак званая арганізацыя “Падазроныя”.

У 1927-1929 гг. узмацніўся ідэалагічны ціск кампартыі на кадры беларускай інтэлігенцыі. Пачалося фактычнае згортванне беларусізацыі, што перарасло ў рэпрэсіі 1930-х гадоў. Практычна не засталося школ і культурна-асветніцкіх устаноў нацыянальных меншасцяў, вынішчылі краязнаўства. Грамадскае жыццё трыццатых гадоў было абмежаванае дзейнасцю выключна камуністычнай партыі, камсамолу, прафсаюзаў, і толькі ў дазволеных формах. Іншадумства было забаронена, іншадумцы пераследваліся, грамадства зачышчалася ад “варожых элементаў”. Гэта быў пік палітыкі рэпрэсій, што закранула і Жлобіншчыну.

Калектывізацыя і індустрыялізацыя на Жлобіншчыне

Палітыка рэпрэсій патрабуе дадатковага даследвання, бо на існуе шмат белых плямаў. Гэтаму спрыяе закрытасць многіх архіваў. Працэс рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій не завершаны. Станоўчым момантам з’яўляецца тое, што спісы ўстаноўленых ахвяраў ёсць ў раённай кнізе “Памяць. Жлобінскі раён”. Чакаем, што калі-небудзь з’явіцца доступ да архіваў, і мы даведаемся поўную праўду пра лёс соцень тысяч пацярпелых у Беларусі. Пакуль мы ведаем толькі каля 250 прозвішчаў жлобінцаў, якія сталі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі.

Напярэдадні Другой Сусветнай вайны Жлобін меў 3 747 жылых дамоў з фруктовымі садамі, 2 лесапільныя заводы, хлебазавод, прамкамбінат, маслазавод, сенапрэсавальны завод, птушкакамбінат, 2 металаапрацоўчыя майстэрні, 2 швейных і шавецкіх майстэрняў, завод безалкагольных напояў, цагельня і шэраг прадпрыемстваў. Сярод іх – 2 асноўныя дэпо, вагонарамонтнае дэпо, 2 электрастанцыі, майстэрні пуцей, 4 вадакачкі, 5 буйных вадаёмных будынкаў, 2 кампрэсарныя будынкі. Вузел быў абсталяваны цэнтралізаванай механізацыяй, меў буйных тэхнічна-службовых будынкаў – 15, былі дробныя і сярэднія тэхнічна-службовыя будынкі. 2 буйныя нафтабазы, 5 буйных збожжасховішчаў, 2 тытунёвыя склады, 5 буйных сховішчаў для агародніны, 2 буйных МПХ, водаправод, пошту, тэлеграфна-тэлефонную станцыю, радыёвузел, 5 сярэдніх школ, чыгуначнае вучылішча, школу майстроў сацыяльнай працы, 3 дзіцячыя садкі, 4 яслей, гарбальніцу на 200 ложкаў, 3 паліклінікі, 3 дзіцячыя кансультацыі, малочную кухню, ветлякарню, бактэрыялагічную станцыю, кінатэатр, дом культуры, чыгуначны клуб, 3 лазні, гасцініцу, 18 адміністрацыйна-гаспадарчых устаноў, 3 сталовых, 1 рэстаран, 15 добра абсталяваных магазінаў і каля 20 сярэдніх і дробных кропак, царкву і шэраг іншых прадпрыемстваў і ўстаноў.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.