У студзені 1929 года прынялі дырэктыўнае рашэнне пра масавую каалектывізацыю. Адзінай формай гаспадарання прызналі калектыўную гаспадарку. Астатнія формы супрацоўніцтва забаранілі.
У тым жа годзе першыя калектыўныя гаспадаркі пачалі з’яўляцца на тэрыторыі Жлобіншчыны: “Сацыялістычны шлях” у Шчадрыне, “Днепр” у Затоне, “Новае жыццё” ў Верхняй Албе, “Імя Сталіна” ў Садовым. Крыху пазней і ў самім Жлобіне з’явіўся калгас “Чырвоны Жлобін”.
На базе былых памешчыцкіх уладанняў ствараліся дзяржаўныя прадпрыемствы – саўгасы, што мелі розную спецыялізацыю. Напрыклад, саўгас Хальч спецыялізаваўся на свінагадоўлі, развядзенні буйной рагатай жывёлы (74 кароў, 888 свінняў, 54 коней).
Для росту тэмпаў калектывізацыі ўлады выкарыстоўвалі розныя метады і сродкі. Як і па ўсёй краіне яны былі пераважна гвалтоўныя. Пад рэпрэсіі траплялі практычна ўсе катэгорыі насельніцтва: сялянства, інтэлігенцыя, былыя разначынцы, прадстаўнікі нацыянальных і рэлігійных меншынстваў. У кнізе “Памяць” Жлобінскага раёна пайменна ўстаноўленыя прозвішчы каля 250 чалавек, каго несправядліва абвінавацілі ў “антысавецкай, контррэвалюцыйнай, падрыўной і шпіёнскай дзейнасці”. Дзеля “сацыялістычнага будаўніцтва” бязвінных людзей забівалі, высылалі альбо саджалі ў вязніцы. Пад рэпрэсіі траплялі цэлымі сем’ямі, разам з дзеткамі.
У выніку “перамогі сацыялізму” на Жлобіншчыне на мяжы знікнення апынуліся палякі, каталікі, стараверы і “былыя эксплуататарскія элементы”. Такі ж лёс напаткаў шляхецкія роды Кантоўлі, Рымшы, Сурыновача, Нарушэвіча, Ціхінскага і многіх іншых. Згаслі роды Некрашэвічаў, Байдаковых, Берасневых і Еўдаковых. І гэты спіс далёка не поўны.
Мясцовае партыйнае кіраўніцтва рэгулярна дакладвала наверх пра выкананне планаў калектывізацыі. Так, на нарадзе сакратароў сельскіх ячэек партыі, што праходзіла ў Жлобіне, кіраўніцтву КПБ дакладвалі пра тое, што да траўня 1929 года арганізавалі 74 новых калгасы з пасяўной плошчай 11 149 га (рост 124%). Разам з тым, толькі за травень дванаццаць ранейшых калгасаў сталі больш буйнымі і ўзніклі 5 новых.
У адказ кіраўніцтва папракала ў слабым палітычным падмурку калгасаў і ў слабым уцягванні сялян-адзінаасобнікаў у іх, бо толькі 2,1 % калгаснікаў уваходзілі ў камуністычную партыю. У выніку ўзялі курс на стварэнне буйных калектыўных гаспадарак і паставілі задачу цягам месяца каапераваць усе калгасы раёна.
У райкаме абмяркоўвалі пытанне выканання плану хлебанарыхтовак, бо многія выказвалі заклапочанасць, што з вялікімі тэмпамі калектывізацыі, могуць узнікнуць праблемы з выкананнем нарыхтовак.
У 1930 годзе за пасіўнасць у правядзенні калектывізацыі распусцілі мясцовыя Саветы Беларусі. У студзені гэтага года акружкамы атрымалі цыркуляр “Аб ліквідацыі кулацтва як класа”. Заможных сялян абкладалі надзвычайнымі падаткамі, абвяшчалі кулакамі, высялялі з двароў, ссылалі ў паўночныя і ўсходнія раёны СССР. Органы дзяржаўнай бяспекі, мясцовыя органы ўлады і актывісты выяўлялі і высялялі кулакоў, канфіскоўвалі не толькі сродкі вытворчасці, але і нярэдка ўсю маёмасць разам з прадметамі асабістага карыстання. Усяго з БССР у 1920-30 гады больш за 250 000 сялян трапілі пад рэпрэсіі і былі выселеныя за межы рэспублікі.
Калектывізацыя выклікала супраціў беларусаў і іх незадаволенасць. Аднавіліся антысавецкія выступленні сялян: падпалы калгаснай маёмасці, забойства партыйных актывістаў. Супраціўленне сялян працягвалася да сярэдзіны 1930-х гадоў і жорстка падаўлялася ўзброенай сілай.
Вось што чытаем у наступнай крыніцы: “Материалы ОГПУ о перегибах и искривлениях в процессе коллективизации и раскулачивания. 7 марта 1930 г.”: “Рабочие бригады, работающие в Жлобинском районе, арестовывали и отправляли в милицию всех выступающих против коллективизации. Через милицию прошло 16 человек, почти все середняки и бедняки.”
Сялянскія выступленні і контррэвалюцыйныя арганізацыі
На канец 1932 года зафіксавалі 296 масавых сялянскіх выступленняў. Па гэтых справах праходзіў 42 201 чалавек.
Да 1 траўня 1933 года карныя органы ліквідавалі 33 “контррэвалюцыйныя арганізацыі”, дзе быццам “удзельнічалі” 2 362 чалавекі. Ліквідавалі таксама 2 274 “кулацкія групы” з 15 562 “удзельнікамі”.
Усяго ў гэты час з беларускай вёскі такім чынам “вынялі” 29 018 чалавек, з якіх 16 179 чалавек прадстаўлялі “сацыялістычны сектар вёскі”.
Толькі 1 448 спраў на 5 794 чалавек перавялі ў вытворчасць камісарыяту юстыцыі, лёс астатніх вырашалі “тройкі”.
У выніку праз выракі гэтых “троек” толькі за чатыры месяцы 1933 года расстралялі 2 158 чалавек, а ў канцлагеры (на тэрмін ад 3 да 10 гадоў) трапілі 8 167 чалавек.
Усяго толькі ў 1932-1933 гг. “раскрылі дзейнасць” 42-ух “контррэвалюцыйных груп”, што дзейнічалі ў калгасах і МТС. Так, напрыклад, у Жлобінскай МТС “контррэвалюцыйную падрыўную дзейнасць” праводзіў старэйшы аграном.
Захоўвалася складаная сітуацыя і ў памежнай зоне, куды ўваходзіла 50-кіламетровая паласа. Яна перадавалася пад уладу пагранаховы (уваходзіла ў юрысдыкцыю НКВД). Там дадаткова стварылі 22 МТС для пабудовы дарог і “сцягвання” (ліквідацыі) хутароў.
У памежную зону скіравалі 2 000 тон калючага дроту, 2 000 тон цвікоў, 1 000 км тэлефоннага кабелю. У 22-кіламетровай зоне ўсталяваўся асаблівы рэжым. Уезд у яе дазваляўся толькі для жыхароў гэтай зоны, а цягнікі маглі курсіраваць толькі ў дзённы час. Для забеспячэння згаданай памежнай зоны і МТС рабочымі рукамі арганізавалі перасяленне вясковых жыхароў з раёнаў усходняй Беларусі.
Акрамя задачы раскулачвання, знішчэння індывідуальных гаспадарак і перасялення раскулачаных сялян на Усход, савецкія ўлады вырашалі пытанні забеспячэння патрэбаў індустрыялізацыі, калектывізацыі, асваення Сібыры і далёкага Ўсходу працоўнымі рэсурсамі, у тым ліку і за межамі БССР.
У 1931 годзе на Урал гвалтоўна перасялілі 158 сямей са Жлобіншчыны (734 чалавекі).
Яшчэ адзін яскравы прыклад: 28 кастрычніка 1933 года ЦК КП (б) Б і СНК БССР прынялі закрытую пастанову аб перасяленні з БССР у Адэскую вобласці 4 500 тысяч калгасных гаспадарак. Гэтую справу праводзілі так званыя “тройкі”. Прызначылі 17 адказных “камісараў” для кантролю гэтага працэсу (па адным “таварышы” на два раёны). Кожныя 5 дзён “тройкі” справаздачыліся ім. У выкананне гэтай пастановы жыхароў 50-ці двароў Жлобіншчыны фактычна гвалтам адправілі жыць у Адэскую вобласць.
Падобныя кампаніі праводзіліся рэгулярна на працягу 1930-1980 гадоў. Да 23 сакавіка 1936 года ў БССР такімі самымі метадамі перасялілі 1 779 чалавек, у плане ж было – 2 000. Так рушыліся традыцыйны ўклад жыцця і лёсы мільёнаў людзей.
Такім жа чынам ішоў набор рабочай сілы на Данбас, дзе ішла будоўля. Тады ён быў спустошаны Галадаморам. Для прыкладу, па стане на 1938 год планавалася адправіць туды 2 200 чалавек з раёнаў Усходняй Беларусі. Краснапольскі раён павінен быў мабілізаваць 200 чалавек, Кармянскі раён – 150, Чачэрскі – 100, Жлобінскі – 20. Набралі ж толькі 947 чалавек. З іх па пералічаных раёнах – 92, 40, 6 і 5 адпаведна. План у выніку праваліўся.
Галадамор
Галадамор 1932–1933 гадоў — масавы голад, выкліканы палітыкай сталінскага рэжыму ў СССР, які найбольш жорстка закрануў Украіну і часткова Беларусь. Паводле розных ацэнак:
- ва Украіне загінула ад 3,5 да 10 мільёнаў чалавек;
- у Беларусі — ад каля 67 600 да 500 тысяч чалавек.
Галадамор прызнаны генацыдам ва Украіне шэрагам краін і міжнародных арганізацый.
Паступова калектывізацыя набірала абароты. Яна закранула бадай што кожную сям’ю Жлобіншчыны. Больш падрабязна пра стварэнне калгасаў у населеных пунктах раёна можна пачытаць у кнізе “Памяць. Жлобінскі раён”.
Прыклад паказнікаў раслінаводства.
Пра культурна-ідэалагічнае жыццё (тады гэта было адным цэлым) калгаснікаў пісалі ў газетах:
“…Зараз пры калгасах і сельскіх дамах сацкультуры Жлобіншчыны працуе больш 100 розных гурткоў самадзейнасці, у якіх прымаюць удзел больш за тры тысячы маладых і старых калгаснікаў.” (Газета “Чырвоная змена”. 1936 г., 21 верасня).
Пра будні калгаснага жыцця на Жлобіншчыне сведчаць тагачасныя фотаздымкі. На першым відаць, як калгасы здавалі хлеб дзяржаве ў 1930-я гг. На другім мы бачым, па-ранейшаму, ручную працу.
Акрамя калгасаў, у раёне ўзнікалі і іншыя віды аб’яднанняў, хоць яны былі больш спецыялізаванымі. Да прыкладу, садова-агародныя таварыствы. На тэрыторыі раёна дзейнічалі чатыры такія арганізацыі: «Усход» ім. Малевіча, «Зарэчча» у вёсцы Старая Рудня, «Садоўнік», «Лубянка». Сюды ж можна аднесці сельскагаспадарчае таварыства «Хлебароб», садовыя гаспадаркі «Аляксандраўка», «Жлобін», «Янаўка», «Вішенка».
У Жлобінскім раёне, як і па ўсёй краіне, актыўна падхапілі ідэю сацыялістычнага спаборніцтва. Гэта адлюстроўвае прынятая 1929 года пастанова «Об организации социалистического соревнования в районе». Падобныя пастановы прымалі рэгулярна і ў наступныя гады.
Для забеспячэння калгасаў тэхнікай у СССР стваралі машынна-трактарныя станцыі (МТС). Пры іх былі палітычныя аддзелы (палітаддзелы), што строга праводзілі лінію камуністычнай партыі на ажыццяўленне суцэльнай калектывізацыі ў вёсцы. Першая МТС узнікла ў Койданаве (цяперашні Дзяржынск).
На Жлобіншчыне для дапамогі калектыўным гаспадаркам стварылі Жлобінскую, Хальчанскую і Шчадрынскую машынна-трактарныя станцыі. Напачатку ў іх распараджэнні былі толькі 17 трактароў, 10 малацілак, 6 льноцерабілак, 28 сеялак. Уся гэтая тэхніка абслугоўвала некалькі дзясяткаў калгасаў.
Трэцяя незавершаная пяцігодка вызначылася далейшым ростам грамадскай вытворчасці сельскай гаспадаркі. Значна ўмацавалася машына-тэхнічная база сельскай гаспадаркі. У Жлобінскай і Хальчанскай МТС было 85 трактароў, вялікая колькасць плугоў і барон. Ужо да канца 1940 года пасяўныя плошчы раёна пашырыліся на 16% ў параўнанні з дарэвалюцыйным часам, а пагалоўе жывёлы павялічылася на 25%.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, курс на калектывізацыю не мяняўся, і да пачатку Другой Сусветнай вайны ва ўсходняй Беларусі аб’ядналі 93,4% гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Сярэдні памер сельскагаспадарчай арцелі павялічыўся да 75 двароў. На 1 студзеня 1941 года на Жлобіншчыне было больш за 130 калгасаў, многія з якіх былі ўтвораныя ў 1929-1931 гг. Поўны спіс калгасаў можна знайсці ў кнізе “Памяць. Жлобінскі раён”.

