З канца 1920-х гадоў акрэсліліся асноўныя накірункі палітыкі пабудовы сацыялістычнага грамадства ў СССР (у тым ліку БССР). Палітыку НЭПа прыпынілі. Складнікамі сацыялістычнага будаўніцтва сталі: індустрыялізацыя (з пяцігадовымі планамі), прымусовая масавая калектывізацыя і культурная рэвалюцыя (спалучала асвету і жорсткую ідэалагічную палітыку).
Індустрыялізацыя
(стварэнне буйной вытворчасці ва ўсіх галінах гаспадаркі) і калектывізацыя (аб’яднанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі) — складнікі сацыялістычнага грамадства ў СССР, стварэння падмурку рэалізацыі геапалітычных планаў савецкага кіраўніцтва.
Правядзенне індустрыялізацыі ў СССР тлумачылася неабходнасцю стварэння машыннай вытворчасці ў галіне прамысловасці. Яно было звязана з развіццём лёгкой (перапрацоўчай) прамысловасці. З улікам гэтай асаблівасці асноўная частка грашовых сродкаў укладалася ў развіццё харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай і швейнай прамысловасці, а таксама галін, што перапрацоўвалі драўніну (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральную сыравіну (паліўная, хімічная).
У 1928-1929 гг. у БССР прадугледжвалася стварэнне сельскагаспадарчага машынабудавання, будаўніцтва новых і пераабсталяванне старых прадпрыемстваў.
На працягу другой і трэцяй пяцігодак прамысловасць рэспублікі папоўнілася Гомельскім шкляным і Крычаўскім цэментным, Магілёўскімі трубаліцейным і аўтарамонтным заводамі, Мінскім радыёзаводам, Рагачоўскім кансервавым заводам, кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» ў Мінску і «Спартак» у Гомелі, Барысаўскай макароннай і Мінскай каўбаснай фабрыкамі. Беларусь паступова пераўтваралася ў індустрыяльную краіну з дзяржаўнай формай уласнасці на сродкі вытворчасці. Тут па-ранейшаму пераважала лёгкая прамысловасць. Індустрыялізацыя праводзілася па прапанове Сталіна вельмі хуткімі тэмпамі пад лозунгам «Пяцігодку – у чатыры гады». Гэта патрабавала значных сродкаў, што шукалі праз эканомію, зберажэнні, выкарыстанне працоўнага энтузіязму, а таксама правядзенне суцэльнай калектывізацыі на вёсцы.
Але, нягледзячы ні на што, чыгуначны вузел заставаўся “старым” і не адпавядаў новым патрабаванням, утрыманню і рамонту больш магутных паравозаў і грузападымальных вагонаў. Сярод іншага была патрэба ў пашырэнні і падаўжэнні прыстанцыйных пуцей. Каб вырашыць новыя задачы па пераабсталяванні вузла, для яго вызначылі новую пляцоўку (справа і ўздоўж чыгуначнай лініі на Магілеў), правялі пошукава-праектныя работы, склалі каштарысы, выдзелілі першыя асігнацыі на 1941 год. Але ажыццяўленню намечанага перашкодзіла Другая Сусветная вайна.
Прамысловыя прадпрыемствы раёна былі, як і раней, пераважна дробнымі і сярэднімі. Акрамя дзяржаўных дзейнічалі і кааператыўныя прадпрыемствы. Дзяржаўныя органы імкнуліся павялічваць вытворчасць. Як вынік – колькасна прадпрыемстваў стала менш, але вытворчасць на іх расла. Напрыклад, у 1931 годзе ў раёне дзейнічала 38 прадпрыемстваў, дзе працавалі 658 рабочых. Сярод іх: 3 электрастанцыі, 3 цагельныя заводы, цагельныя арцэлі, арцелі па здабычы торфу і апрацоўцы прута, бровар, крухмальны завод, лесазавод, 9 нафтавых і 2 паравых млыны, птушкарасаднік, адкормча-забойны камбінат, артцель па вырабе хлеба. А на наступны год прадпрыемстваў стала на 4 меней. Затое цяпер на іх працавалі 1 024 рабочых.
У 1932 годзе найбольш буйнымі прадпрыемствамі раёна былі сталярная майстэрня, тарфяная арцель у вёсцы Лукі, кавальская арцель “Чырвоны металіст” у Жлобіне, цагельная арцель “Чырвоная цэгла”, цагельная арцель “13-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі” у мястэчку Стрэшын, будаўнічы двор № 1 у Жлобіне, абутковая арцель “Чырвоны Кастрычнік” у Жлобіне, кравецкая арцель “Аб’яднаная праца” у Жлобіне, арцель “Круталоз” у Стрэшыне, яйка-птушыны камбінат у Жлобіне, крухмальны завод у Красным Беразе, бровар у саўгасе “Пірэвічы”, лесазавод у вёсцы Салтанаўка.
У выніку “перамогі сацыялізму” на Жлобіншчыне на мяжы знікнення апынуліся палякі, каталікі, стараверы і “былыя эксплуататарскія элементы”. Такі ж лёс напаткаў шляхецкія роды Кантоўлі, Рымшы, Сурыновача, Нарушэвіча, Ціхінскага і многіх іншых. Згаслі роды Некрашэвічаў, Байдаковых, Берасневых і Еўдаковых. І гэты спіс далёка не поўны.
Мясцовае партыйнае кіраўніцтва рэгулярна дакладвала наверх пра выкананне планаў калектывізацыі. Так, на нарадзе сакратароў сельскіх ячэек партыі, што праходзіла ў Жлобіне, кіраўніцтву КПБ дакладвалі пра тое, што да траўня 1929 года арганізавалі 74 новых калгасы з пасяўной плошчай 11 149 га (рост 124%). Разам з тым, толькі за травень дванаццаць ранейшых калгасаў сталі больш буйнымі і ўзніклі 5 новых.
У адказ кіраўніцтва папракала ў слабым палітычным падмурку калгасаў і ў слабым уцягванні сялян-адзінаасобнікаў у іх, бо толькі 2,1 % калгаснікаў уваходзілі ў камуністычную партыю. У выніку ўзялі курс на стварэнне буйных калектыўных гаспадарак і паставілі задачу цягам месяца каапераваць усе калгасы раёна.
Суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі праводзілі ў форме масавага і хуткага аб’яднання дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі (калгасы).
Калектывізацыя
Калектывізацыя — гэта кампанія прымусовага аб'яднання сялянскіх гаспадарак у калгасы (калектыўныя гаспадаркі), якую савецкая ўлада праводзіла ў БССР у канцы 1920-х — 1930-я гады.
Мэтай было падпарадкаванне сельскай гаспадаркі дзяржаўнаму кантролю, павелічэнне паставак збожжа і знішчэнне "кулакоў". Супраціў сялян душыўся рэпрэсіямі, высылкамі і канфіскацыямі маёмасці. У выніку калектывізацыі Беларусь страціла значную частку працаздольнага насельніцтва, сельская эканоміка была разбурана, а ў грамадстве ўсталявалася атмасфера страху.
Па меркаванні кіраўніцтва кампартыі, стварэнне моцнай індустрыі, курс на пабудову сацыялістычнага грамадства былі немагчымымі без калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Першыя сельскагаспадарчыя арцелі і камуны, таварыствы па сумеснай апрацоўкі зямлі з’явіліся ў Падняпроўі яшчэ ў 1918-20 гг. У гады правядзення палітыкі НЭПа цікавасць да гэтых форм гаспадарання заставалася пераважна ў беззямельных сялян і батракоў. Тым не менш, розныя формы кааперацыі ахапілі да 50% сельскіх гаспадарак яшчэ да перыяду масавай калектывізацыі.
З лета 1929 года паскорана і прымусова стваралі калгасы, дзе праца ацэньвалася вельмі нізка. Аплачвалі яе не грашыма, а прадуктамі па колькасці адпрацаваных дзён. Тых, хто не жадаў запісвацца ў калгасы, адносілі да кулакоў і праводзілі раскулачванне, што выклікала масавае незадавальненне сялян. Для стварэння калгасаў у вёску з горада накіравалі “рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў” (у Беларусі іх было больш за 600 чалавек).
Жлобінскі раён у 1930 – 1931 гг. у лічбах
Жлобінскі раён меў плошчу 164 000 га (у тым ліку 83,2% – сельскагаспадарчыя землі, 16,8% – за лясамі).
У складзе раёна ўваходзілі 22 сельсавета.
Насельніцтва складала 79 714 чалавек, з іх: 94, 5% – беларусы, 1, 2% – яўрэі, 2,2% – рускія.
У1931 годзе тут было 38 прадпрыемстваў, электрастанцый – 3, цагельных заводаў – 3, цагельных арцэляў – 4, арцеляў па здабычы торфу – 4, арцелі пра апрацоўцы прута – 2, шавецкіх – 2, кравецкіх – 3, нафтавых млыноў – 9, паравых – 2, птушкарасаднік, адкормча-забойны камбінат, артцель па вырабе хлеба бровар, крухмальны завод, лесазавод. Рабочых было 658.
На 1932 год у раёне былі 34 прамысловыя прадпрыемствы – 8 дзяржаўных і 26 кааператыўных. Сярод іх наркамснабу падпарадкоўваліся 3 прадпрыемствы, наркамзему – 3, калгасам – 9, іншым кааператыўным – 3, іншым дзяржаўным – 1, прамкааперацыі – 14. На іх працавалі 1 141 чалавек, у тым ліку рабочых – 1 024, служачых – 108.
Найбольш буйнымі прадпрыемствамі раёна ў 1932 годзе былі: сталярная майстэрня (145 рабочых), тарфяная арцель у вёсцы Лукі (53 рабочых), тарфяная арцель “Журавіны” у вёсцы Кругавец (50 рабочых), кавальская арцель “Чырвоны металіст” у Жлобіне (39 рабочых), цагельная арцель “Чырвоная цэгла” (56 рабочых), цагельная арцель “13-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі” у Стрэшыне (59 рабочых), будаўнічы двор № 1 у Жлобіне (84 рабочыя), абутковая арцель “Чырвоны Кастрычнік” у Жлобіне (37 рабочых), кравецкая арцель “Аб’яднаная праца” у Жлобіне (56 рабочых), арцель “Круталоз” у Стрэшыне (56 рабочых), яйка-птушыны камбінат у Жлобіне (57 рабочых), крухмальны завод у Красным Беразе (41 рабочы), бровар у саўгасе “Пірэвічы” (15 рабочых), лесазавод у Салтанаўцы (22 рабочыя) і іншыя.
Як бачым, на той час прамысловы сегмент быў даволі дробны, акрамя дзяржаўнай. Былі і кааператыўныя формы.
У раёне здабываліся карысныя выкапні: суглінкі (Жлобін, вёскі Затон, Шыхаў, Замосце, Акруг, Папаратнае і Абольцы), пяскі (Стрэшын, Загрэбенне), жвір (Рудня, Горкі), гліны (Малевічы, Праскурня, Стрэшын, Жлобін, Баршчоўка, Плесавіцкая Слабодка і інш.), маргель (вёска Зарачоўская), жалезнякі (Стрэшын, Баранаўка, Рудня і іншыя). Акрамя таго, былі вызначаныя вялікія заляганні торфу на плошчы больш за 11 000 га.
Такім чынам, прамысловасць была пераважна апрацоўчая і перапрацоўчая, заснаваная на мясцовай сыравіне.
Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі – жывёлагадоўча-бульбяная.
Прадпрыемствы: 7 саўгасаў: “Хальч” (свінагадоўля – 888 галоў, каровы – 74 галоў, коні – 54, сенажаці – 732 га), саўгас “Гая”, “Мормаль”, саўгас “Жлобін” (свінагадоўля – 1 308 галоў, сенажаці –1 350 га), “Красны Бераг” з малочнай жывёлагадоўляй, “Каменка”, “Пірэвічы” з малочнай і мясной жывёлагадоўляй.
У раёне налічваецца 12 137 гаспадарак, з іх на 01.01.1933 года калектывізавалі толькі 3 590 (29,6%). У раёне было 110 калгасаў, што аб’ядналі 28 305 гаспадарак, 19 га сенапахаці з пагалоўем на 20. 12. 1932 года – 1 435; малочна-таварныя – 19, з пагалоўем – 59. У раёне ёсць МТС, ў якой 17 трактароў. Яна абслугоўвае 50 калгасаў.
У калгасах раёна было столькі сельскагаспадарчых машын: 33 сенакасілкі, 63 конных грабляў, 84 жняярак-самаскідак, 6 снопавязалак, 10 бульбакапалак, 95 сеялак радковых, 7 трактароў, 8 складаных малатарняў і іншыя.
Пасяўная плошча раёна ў 1932 годзе складала 60 698 га, у тым ліку збожжавых культур – 68%, бульбы – амаль 21%, тэхнічных культур – 5%, сеяных траў – 4,6%.

