Адкуль пайшла назва “Жлобін”? Версіі назвы горада

Калі адсутнічаюць пісьмовыя згадкі пра населены пункт, то часам назва яго прыадкрывае таямніцу нараджэння. Увогуле ж, назва любога старажытнага населенага пункта, як правіла, мае калі не тузін, то пяток версій паходжання. Так і ў Жлобіна ёсць фальклорная, легендарная і тапанімічная версіі паходжання ягонага імя.
Найперш, кожны паважаючы сябе горад павінен мець бацьку- заснавальніка. Паданні і навуковыя разважанні, што быў некалькі галава роду, які калісьці першым пасяліўся ў горадзе ці вёсцы, і таму людзі празвалі горад ці вёску яго імем досыць распаўсюджаныя. Паставіў першую хату Раман – і ўтварыліся Раманавічы, першым пасяліўся Казімір – узнікла Казімірава, ад Аляксандра пайшоў Аляксандраў, ад Салтана – Салтанаўка, ад сыноў Дзяніса – Дзянісавічы, а ад сыноў Марка – Марковічы. Можна ў наваколлі Жлобіна знайсці і іншыя вёскі з падобнымі патранімічнымі назвамі.

Назва Жлобін
Ілюстрацыйная выява беларускіх сялян

Патранімічныя (ад імя бацькі) версіі вельмі рэалістычныя, бо так магло і быць. “Сынку, збегай да сыноў Марка”, – кажа маці сыну, а пазней скарачае да “Маркаў хутар”. Або наадварот – назву маглі павялічыць да Марковічы – месца, дзе жывуць нашчадкі Марка. Такім жа чынам, ад імя першага князя, як мяркуецца, утвараліся і назвы некаторых гарадоў Беларусі: жыў князь Ізяслаў – утварылася Заслаўе, Барыс – Барысаў, Мсціслаў – Амсціслаў і г.д. Як бачна, бацька заснавальнік мог быць рэальнай ці легендарнай гістарычнай асобай, а часцяком міфічным персанажам.

У такіх цалкам лагічных разважаннях трэба быць абачлівымі. Так, згаданае вышэй Казімірава мае дакладна вядомую гістарычную прычыну назвы вёскі. У 1713 годзе яе заклаў падкаморы рэчыцкі Казімер Юдзіцкі і назваў мястэчка ў свой гонар. Але ж прычынай назвы была абвешчана пашана да святога Казіміра. Гэта, дарэчы, не адмяняе патранімічнага паходжання назвы паселішча ў гонар заснавальніка.

А што са Жлобіным? Ці то ад пачатку, ці то з часам Жлобін маглі назваць у гонар яго заснавальніка Злобіным. Прынамсі канчатак “ін” у назве горада сведчыць пра прыналежнасць населенага пункта да пэўнай асобы – заснавальніка горада Злобіна.

Існуе верагоднасць таго, што назва Жлобіна звязана з беларускім прозвішчам Жлоба. Яе, як версію, выказаў у свой час географ Вадзім Жучкевіч. Сапраўды, у беларусаў вядомыя прозвішчы Глоба, Глобус, Жлоба, Жлобіч, якія могуць быць варыянтамі кораня *GLOB-. Можа хтосьці з іх і быў бацькам – заснавальнікам старажытнага паселішча? Само ж імя “Жлоба” магло пайсці ад назвы ясляў для кармлення жывёл. А яшчэ слова “Жлоба” выкарыстоўвалі і ў значэнні “чужынец”. Значна пазней распаўсюдзілася слова “жлоб” – здаровы, вялікі і моцны, але хамаваты і тупаваты мужчына. Ёсць версіі англійскага, яўрэйскага ці польскага яго запазычання.

Расказы жлобінскіх старажылаў пацвярджаюць патранімічнасць паходжання назвы горада. Як пісалі ў сваіх газетных нататках тутэйшыя краязнаўцы, такое легендарнае паданне расказвалі сваім унукам мясцовыя бабулі. Нібыта прывёў павадыр у старыя часы на месца сучаснага Жлобіна першых пасяленцаў. Звалі яго Злобін, і быў ён разумны, добры і справядлівы. Таму, калі ён памёр, назвалі паселішча ў ягоны гонар, а пазней назва Злобін змянілася на Жлобін. Трэба адзначыць, што змена гукаў “З” на “Ж” у складзе геаграфічных назваў у славян дастаткова частая і не павінна бянтэжыць.

Назва Жлобін
Фота завадзяў Дняпра ў Жлобіне

Расказы жлобінскіх старажылаў

Казкі жлобінскіх дзядоў і бабуляк пацвярждаюць патранімічнасць паходжання назвы горада. У вольным пераказу яны гучаць прыблізна так:

“На месцы Жлобіна калісьці была дрыгва вялікая і лясы глухія, звяроў было многа, а рыбы – процьма. Вось і ўцяклі сюды ад літоўскага прыгнёту людзі, якія хацелі жыць вольна. Ішлі яны па бездарожжу доўга, камары і пчолы дзікія іх кусалі… І не стала ім дарогі каля шырокай ракі на прыгожым месцы. Так і пасяліліся на месцы Жлобіна першыя людзі. А павадыра іх звалі Злобін. Сілы ён быў вялікай, росту высокага, розуму – ума палата, грамату ведаў, а характарам быў добры і справядлівы, хаця мянушка ягоная і была грозная, бо дужа высокім вырас. Як памер Злобін, то вырашылі ўдзячныя яго нашчадкі празваць тое паселішча ў ягоны гонар, да толькі з часам першая літара змянілася на “Ж”, так Злобін і стаў Жлобіным.”

Падобная этымалогія геаграфічных назваў называецца народнай або дзіцячай. Паходзіць яна ад жадання проста і цікава патлумачыць назву свайго населенага пункта, таму нічога страшнага ў такіх паданнях і легендах няма. Народная этымалогія часцяком абірае вонкавае падабенства назвы вёскі ці града, ракі ці ўзгорка да нейкага больш сучаснага слова і ад яго выводзіць тлумачэнне. А яшчэ звычайна дадаецца арэол таямнічасці і загадкавасці. Сустракаецца і псеўданародная этымалогія, калі адукаваныя мясцовыя людзі прыдумляюць легендарныя казкі пра паходжанне свайго месца жыхарства і маскіруюць іх пад народныя.

Не дзіўна, што і ў Жлобіна з’явілася легендарная версія. Найперш варта нагадаць, што легендарныя версіі вельмі рухомыя. Часцяком яны, як і народныя казкі, мігруюць на тысячы кіламетраў. Героі легенд мяняюць свае імёны. Падзеі абрастаюць мясцовымі дэталямі, тутэйшым каларытам і ўспрымаюцца як натуральна тутэйшыя.

Не абышла Жлобін і легенда пра тутэйшага дракона – страшэннага і крыважэрнага Цмока. Куды ж без гісторыі пра змея гораду, які напачатку хутчэй за ўсё быў Злобіным.

Адпаведна легендарнай версіі ў даўнія часы побач з паселішчам, што было на месцы сучаснага Жлобіна, у суседнім балоце жыў цмок а дванаццаці галовах. З часам ён пачаў браць з жыхароў даніну людзьмі, па адным на сняданак і вячэру. Але знайшоўся асілак Пятрок, які адпомсціў за жонку і забіў цмока, але ў баі і сам загінуў. Пахавалі героя на ўзгорку і паставілі крыж. З часам тут пабудавалі замак, які назвалі Злобін, бо дужа крывы выгін рабіў тут Дняпро. Таму месца было небяспечнае для плытагонаў, якія крычалі папярэджанне: “Злоообін”.

Жлобінскі цмок

Ілюстрацыйная выява жлобінскага цмока

Легенда пра жлобінскага цмока (дракона), ад якога пайшла назва горада.

У старажытныя часы паганцы (язычнікі) жылі на ўзбярэжжы Дняпра пры ўпадзенні ў яго ручая Чорначка. Людзі былі працавітыя, палявалі на дзікоў у пушчы, лавілі рыбу, сеялі жыта, гадавалі жывёлу.

Аднаго дня, пасля таго як сонца села за лес, з гнілога балота дыхнула вільгаццю, а затым адтуль выпаўз дванаццацігаловы цмок. Мясцовы люд тады цмокамі называў змеяў – драконаў. І абклаў той цмок жыхароў данінаю – загадаў каб на сняданак і вячэру давалі яму па адным чалавеку на пракорм, а потым схапіў самую прыгожую маладую жанчыну і знік у балоце. Да таго ж увечары ўсхадзіўся буран, роў ад ветру сівы Дняпро, маланкі люта паласавалі неба.

Забедавалі жыхары, а што рабіць будзеш? Толькі малады асілак Пятрок, чыю жонку і схапіў змей, нічога не чуў, усю ноч ён гушкаў у калысцы іхняе малое дзіцятка.

Раніцою буран сціх, выпаўз з балота цмок і запытаўся, каго на сняданак яму дадуць людзі? Жыхары паселішча скамянелі ад страху, але раптам наперад выбег Пятрок. Схапіў ён вывернутую ветрам сасну і як булавой ашалела ўдарыў цмока. Галава з развінутай пашчай пакацілася ў балота. Змей таксама ашалеў, пачаў падскокваць вышэй дрэў, біць хвастом па зямлі. А Пятрок сасной лупцаваў яго, каб адпомсціць за жонку, за сына – сірату, каб выратаваць людзей.

Асілак Пятрок перамагае цмока (ілюстрацыйная выява)

Бойка працягвалася ўвесь дзень. Сонца апала ўжо на лес, а яны ўсё біліся. Цмок пырскаў сліной, рыкаў, з пашчы яго ішоў агонь. Паранены Пятрок абліваўся потам і крывёю. У цмока засталася адна галава, але ўжо аглавушаная смяротным ударам яна ўсё ж змагла самкнуць іклы на горле Пятрака.

Людзі закапалі галовы цмока ў балоце. У багну забілі асінавы кол, каб змей не ажыў. А назаўтра на высокім узгорку над Дняпром аддалі зямлі цела Пятрака. На магіле паставілі вялікі дубовы крыж. Людзі прыходзілі пакланіцца асілку, які іх выратаваў.

У наступную вясну малады князь з дружынай праязджаў міма таго крыжа. Ён пачуў песню гусляра пра храбрага Пятрака і вырашыў тут паставіць свой замак. Дружыннікі і жыхары паселішча пабудавалі цудоўны замак.

Паколькі ў гэтым месцы Дняпро рабіў рэзкі выгін, то плытагоны крычалі адзін аднаму “Злоообін”, бо лічылі лукавіну ракі небяспечным месцам. Пачуў гэтыя крыкі князь, пабачыў у гэтым знак і назваў свой замак: “Злобін”.

Дарэчы, легенда можа мець праўдзівы характар. Старыя людзі часцяком звязвалі назву горада з рускім словам “злоба”. Злоснасць маглі выклікаць крутыя павароты Дняпра ў раёне Жлобіна. Асабліва дакучалі яны плытагонам, якія лічылі гэтыя месцы небяспечнымі. Ці можа ў наваколлі жылі рабаўнікі, якія нападалі на судны?

Як бы там не было, але старажылы, па звестках краязнаўцы Генадзя Пархоменкі, яшчэ ў ХХ стагоддзі частку Дняпра насупраць былога замчышча, а сёння парка, называлі “каменнікам”. Прычынай таму былі камяні ў Дняпры, якія ў малаводдзе маглі ўтвараць амаль сапраўдныя перакаты, якія мясцовыя называлі парогамі. Вада ў гэтым месцы круцілася і пенілася. Дарэчы, прыгоды рачнікоў на гэтым не сканчаліся. Адразу за чыгуначным мостам рака рабіла яшчэ два рэзкі выгіны, што ўтваралі віры. Нездарма каля пасёлка Вірскі захавалася старыца Дняпра з назвай “возера Вір”. Таму рыбакі, купцы, плытагоны маглі называць гэтыя камяні і выгіны ракі “злым” ці “злобным месцам”. А гэты мікратапонім надалей мог даць замку назву “Злобін”.

Фота Дняпра з вірамі ў Жлобіне

Назва “Злобін” існавала досыць доўга. У польскай транскрыпцыі мястэчка так і называлася ў дакументах і на картах. І толькі ў расійскай імперыі, як смяюцца жлобінскія краязнаўцы, з-за памылкі пісара Злобін пераўтварыўся ў Жлобін. Пасля 1818 года ў расійскіх афіцыйных дакументах канчаткова замацоўваецца сучаснае напісанне горада.

Тапанімічная версія назвы Жлобіна не такая чароўная, як папярэднія. У слоўніку народных геаграфічных тэрмінаў (З.М. Мурзаеў, 1984) Злобак, Злобень, Злабец (адсюль і слова лоб) – гэта ўзгорак, высокае месца. Нават невялікі ўзгорак дазваляў людзям спакойна перажываць паводкі, бо на прыдняпроўскай нізіне вада абыходзіла такія пагоркі і расцякалася па плоскай раўніне ўшырку. Месца ж знаходжання жытла тутэйшых жыхароў заставалася незатопленым. Ды і для арганізацыі абароны такія мясціны былі зручнымі. Вось і сяліліся на злобках людзі. Таму вядомы папулярызатар беларускай гісторыі Юры Татарынаў прапанаваў расшыфроўваць назву Жлобін, як “пасяленне на высокім беразе ракі”. У падтрымку сваёй думкі ён спасылаецца на аўтарытэт вядомага гомельскага навукоўца Аляксандра Рагалёва.

Пры першым набліжэнні славянская версія назвы Жлобіна – вельмі лаканічная і бачыцца вонкава лагічнай. Але да прыходу славян гэтыя тэрыторыі засялялі балты, а яшчэ раней фіна-угры. Вельмі часта геаграфічныя назвы пэўных народаў, асабліва гідронімы, захоўваюцца і пасля іх знікнення з той ці іншай тэрыторыі. Не дзіўна, што вядомы магілёўскі географ Ігар Шаруха бачыць больш абгрунтаванымі іншыя версіі паходжання назвы горада. Ён спасылаецца на аўтарытэтнага літоўскага мовазнаўца і тапаніміста (спецыяліста па геаграфічных назвах) Аляксандраса Ванагаса, як і яго беларускага папярэдніка Вадзіма Жучкевіча. Яны палічылі, што аснова слова балцкая і адлюстроўвае канфігурацыйныя асаблівасці Дняпра ў раёне Жлобіна.

Фота Дняпра ў Жлобіне

Балцкая версія паходжання назвы Жлобіна

Продкі сучасных літоўцаў і латышоў – балты калісьці жылі на берагах Дняпра і не маглі не пакінуць пасля сябе слядоў у геаграфічных назвах. Сапраўды, у балцкіх мовах сустракаецца: літоўскае GLOBYS (“рака”), прускае GLOBE (“возера”). Яны звязаныя з літоўскім GLOBTI “ахопліваць, ахінаць”. Гэтыя балцкія асновы звязаны з індаеўрапейскім *GLEB(H)- “сціскаць” (ад карацейшага *gel- “сціскаць; акруглы”). Назву Жлобін Ванагас адносіць да таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Гамея (> Гамяюк), якія ўзыходзяць да каранёў *GHER(D)- “ахопліваць; агароджваць”, *GEM- “хапаць, сціскаць”. Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера. Дастасаваная да возера, назва з коранем GLOB- магла значыць “круглае (возера)”, а дастасаваная да ракі – “Звілістая, кружлівая (рака)”. Тыпалагічна так жа сама паміж сабой дачыняюцца словы акружаць, круглы, кружляць. Дняпро ў раёне Рагачоў – Жлобін сапраўды моцна кружыць.

Як толькі мы паверылі, што назва “Жлобін” балцкая, а не славянская, то трэба адразу расчаравацца, бо ёсць і іншыя версіі. Аналіз слова – расклад назвы на часткі яшчэ больш ускладняе карціну. Так, сапраўды фармант -ІН – славянскі, таму назву трэба лічыць асіміляванай славянамі назвай. Але, канструкцыя: ЖЛ-/ЗЛ- (ʻвільготнае месца, балотаʼ) + ОБ-/АБ- – на мове комі (фіна-угорскі народ) “снежная, талая вада” [Мурзаев, 1983, с.401], акрамя таго, вядомы іранскі апелятыў у значэнні “вада” (*АП, таджыцкае Об), персідскае АБ-/АБУ –“вада, рака”, а ЖЛ- у іх таксама “вільгаць”. У выніку мы маем Жлобін ў значэнні “возера на вільготным месцы, забалочанай нізіне, на балоце”.

Тапанімічныя версіі з’яўляюцца самымі навукова абгрунтаванымі. Адпаведна ёй назва “Жлобін” найхутчэй узнікла з-за мясцовых геаграфічных асаблівасцяў, звязаных з вадой, узгоркамі над ёй. Ужо пазней цягам стагоддзяў яна абрасла прыгожымі і нават фантастычнымі легендамі. Далі гэтую назву мясцовасці або даіндаеўрапейскія народы (фіна-вугорскія), або індаеўрапейскія. Магчыма, першымі былі інда-іранскія плямёны. Пазней балты (яны таксама індаеўрапейцы) назву выкарыстоўвалі, пра што напісана раней. І толькі з прыходам славян адбылася славянская трансфармацыя назвы.

Напрыканцы разгляду самых неверагодных версій назвы горада, варта адзначыць, што ў Жлобіна на беларускіх землях быў свой пабрацім. Дагэтуль існуе возера ЖЛОБІНСКАЕ, ŽLOBINSKAJE, якое знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне ў басейне ракі Шчара. Назва гэтая другасная (указвае на гэта фармант -СКАЕ), яна пайшла ад былой вёскі Жлобін, сёння яна ў складзе горада Баранавічы.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.