Чарцёж: помнік рэпрэсаваным землякам. Гісторыя стварэння

Чарцёж помнік рэпрэсаваным землякам

Чарцёж: помнік рэпрэсаваным землякам. Як з’явіўся гэты ўнікальны помнік? У жніўні 2020 года ў Жлобінскім раёне на могілках вёскі Чарцёж быў усталяваны помнік аднавяскоўцам, рэпрэсаваным па надуманых і безпадстаўных абвінавачаннях у 1930-1940-я гады ХХ стагоддзя. Гэта ўнікальнае па сваім духоўным змесце і, бадай, адзінае ў Беларусі падобнае месца памяці з’явілася па ініцыятыве саміх чарцяжан – нашчадкаў бязвінна замардаваных беларусаў.

Чарцёж помнік рэпрэсаваным землякам
Помнік рэпрэсаваным землякам. Вёска Чарцёж, Жлобінскі раён

Жорны савецкіх рэпрэсій у Жлобінскім раёне

У 1930-1940-х гадах у Чарцяжы амаль не засталося сям’яў, якіх абмінулі б сталінскія рэпрэсіі. «Ворагамі народа» тут абвяшчалі цэлымі родамі: у вёсцы, дзе налічвалася 115 двароў, былі арыштаваныя 112 чалавек, з якіх выжылі і вярнуліся дадому адзінкі. Гэта было самае масавае знішчэнне і высяленне людзей у Жлобінскім раёне таго часу.

Верагодна, што такі маштаб рэпрэсій быў звязаны з тым, што Чарцёж спрадвеку быў каталіцкай вёскай з моцнымі духоўнымі і культурнымі традыцыямі. Паміж паняццямі «каталіцкі» і «польскі» часта прынята ставіць знак роўнасці, і гэтая акалічнасць аўтаматычна выклікала падазронае стаўленне да мясцовых жыхароў з боку савецкіх уладаў, даючы падставу запісваць чарцяжан у ворагі.

Асабістая матывацыя жыхароў Чарцяжа

– Ідэя старэння помніка была агульнавясковай і лунала ў паветры каля 30 год, – распавядаў Антон Хадасоўскі. Менавіта ён прыдумаў праект мемарыяла, займаўся яго ўзгадненннем, а пасля ўсімі арганізацыйнымі і будаўнічымі працамі.

У сям’і Антона Віктаравіча былі рэпрэсаваныя 12 чалавек: «Мой дзед Антон Аўгусцінавіч Банькоўскі вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме, працаваў машыністам манеўровага паравоза, быў добрым сталяром і цесляром. Яго арыштавалі ў 1933 годзе. Бабуля засталася адна з трыма дзецьмі. Яе выгналі з калгаса, з хаты вынеслі ўсё, што маглі, вывезлі дровы, забралі скаціну з хлева – фактычна адбылася татальная канфіскацыя. Як можна было выжываць у такіх умовах?..

У свой час я атрымаў доступ да справы «аб выкрыцці контррэвалюцыйнага мяцежа на чыгуначнай станцыіі Жлобін», па якой праходзіў і мой дзед – тады многія чарцяжане працавалі на чыгунцы. Па гэтай справе былі абвінавачаныя 62 чалавекі: 40 з іх былі асуджаныя да найвышэйшай меры пакарання, 22 атрымалі даўжэзныя тэрміны і гадамі гнілі ў сталінскіх турмах. Пры гэтым лёсавырашальнае следства цягнулася ўсяго месяц. Дзеда расстралялі ў 1933 годзе, а рэабілітавалі толькі праз 20 год.

З усіх рэпрэсаваных у нашай сям’і выжыў толькі мой дзядзька па матчынай лініі – Франц Іосіфавіч Банькоўскі. Яго затрымалі ў 19 год, і ён быў самым маладым абвінавачаным па абсурднай «контррэвалюцыйнай» справе. Спачатку Франца асудзілі на 10 год, потым дадалі яшчэ 7. Агулам у няволі ён правёў 17 год і вярнуўся ў родную вёску аж з-пад Краснаярска.

Калектывізацыя і індустрыялізацыя на Жлобіншчыне

Праз катаванні да памяці. Каб ніколі зноў.

Запомнілася, што дзядзька Франц расказваў пра катаванні пад час следства ў Гомлі: у тыя дні была страшэнная спёка, і вязняў апраналі ў кажухі і на гадзіны кідалі ў бетонны калодзеж. Пасля такога «ўздзеяння» людзі падпісвалі ўсё, што заўгодна.

Нашыя родныя нічым не шкодзілі савецкай уладзе: яны сумленна працавалі, ішлі ў калгасы – мой дзед аддаў і плугі, і бароны – усё, а калі яго арыштавалі, то хату пакігулі голай. Мне незразумела, чаму ўлада так жорстка абыходзілася з людзьмі? Лічу, што важна захаваць памяць пра тое беззаконне і змарнаваныя жыцці нашых дзядоў для будучых пакаленняў».

Значны ўклад у захаванне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій зрабіла і Святлана Рынейская (Казлова) – унучка рэпрэсаваных Антона Іванавіча Рынейскага і Аляксандра Феліксавіча Александровіча, а таксама праўнучка Івана Антонавіча Рынейскага і Фелікса Іосіфавіча Александровіча. Сынам з бацькамі прысуды былі вынесеныя ў адзін дзень – 27 красавіка 1933 года. Калі і дзе яны былі расстраляныя і пахаваныя – невядома.

На старонцы «Уголок моей малой родины» ў сацсетцы «Одноклассники» Святлана Рынейская дзеліцца архіўнымі дакументамі пра рэпрэсаваных чарцяжан. Напрыклад, жанчына распавядае пра справу хлебароба калгаса «Яжова» Міхаіла Уладзіслававіча Вільчынскага, 1900 года нараджэння. Яго арыштавалі 4 лістапада 1937 года супрацоўнікі Жлобінскага НКУС, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў «контррэвалюцыйнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Менш чым праз месяц – 22 лістапада 1937 года – Міхась Вільчынскі быў асуджаны на расстрэл, які адбыўся ў Магілёве. Рэабілітавалі Міхаіла Уладзіслававіча 27 кастрычніка 1958 года. Дарэчы, ягоны брат Іосіф таксама быў расстраляны.

Тыповай з’яўляецца і выпіска са справы Аляксандра Фларыянавіча Шацілы, 1894 года нараджэння, ураджэнца Чарцяжа, які працаваў у калгасе: «01.09.1937 арестован Жлобинским РО НКВД, содержался под стражей в Могилевской тюрьме, обвинялся по ст.ст. 68, 72, 76 УК БССР в том, что “являлся участником контрреволюционной диверсионно-повстанческой организации в Жлобинском районе. Проводил разложенческую антисоветскую агитацию против всех мероприятий партии и Советской власти в колхозе. Постановлением НКВД СССР и прокурора СССР от 17.11.1937 осужден к расстрелу. Приговор приведен в исполнение 02.01.1938 г. в Могилеве. Сведений о месте захоронения не имеется. Реабилитирован 20.02.1958. Справка вручена его жене Шатило Степаниде Игнатьевне 24.03.1958».

Нягледзячы на фізічнае знішчэнне, уладам не ўдалося выкрэсліць імёны забітых з памяці родных і аднавяскоўцаў. У жыхара Чарцяжа Аляксандра Глазоўскага доўгі час захоўваўся рукапісны спіс рэпрэсаваных аднавяскоўцаў з імёнамі больш чым 100 чалавек. Па даных жлобіскай раённай газеты «Новы дзень», зборам і захаваннем звестак пра рэпрэсаваных таксама займаліся Іосіф Пархамовіч і Аляксандр Ляснеўскі, пазней удакладняць даныя дапамагала Марыя Аляксандраўна Рынейская.

Чарцёж помнік рэпрэсаваным землякам
Антон Хадасоўскі

Памяць важней за ідэалогію

Спіс рэпрэсаваных неабходна было спраўдзіць, і ў 2019 годзе актывізавалася праца па зборы дакументаў, пошуку пацверджанняў рэабілітаці. Аднавяскоўцы і нашчадкі рэпрэсаваных дзяліліся інармацыяй, абмяркоўвалі праект помніка, каардынавалі свае дзеянні ў суполцы «Чертежане-земляки» ў «Одноклассниках». Дарэчы, помнік быў усталяваны выключна на сродкі саміх чарцяжан і выхадцаў з вёскі, раскіданых па розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі. Усяго было сабрана каля 10 000 рублёў.

Мясцовыя ўлады пайшлі насустрач і падтрымалі ідэю чарцяжан. Так у на вясковых могілках паўстаў мемарыял у памяць рэпрэсаваных землякоў. У цэнтры кампазіцыі ўзвышаецца крыж – сімвал распяцця і пакуты Божага Сына. Побач – скульптура Божай Маці – заступніцы і апякункі, якая нібыта разгортвае старонкі кнігі – дзве стэлы з выбітымі на іх імёнамі замардаваных – на сённяшні дзень іх 81.

Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 15 жніўня 2020 года – у дзень каталіцкага свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на якое чарцяжане спрадвеку ладзілі фэст. Шматлюдна было і ў дзень адкрыцця мемарыяла. Памінальную імшу адправіў пробашч Жлобінскай парафіі святога Казіміра ксёндз Алег Грыгаровіч. За нявінна загубленыя душы разам маліліся жыхары і ўраджэнцы Чарцяжа, іх дзеці і ўнукі, якія спецыяльна прыехалі на сваю радзіму, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў.

Чарцёж помнік рэпрэсаваным землякам
Адкрыццё помніка ў вёсцы Чарцёж. Фота: Новы дзень.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.