Красны Бераг (Чырвоны Бераг) (руск. Красный Берег) – вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці за 20 км на паўночны захад ад Жлобіна на правым беразе ракі Дабосна (Добысна) (прыток Дняпра). Красны Бераг уваходзіць у склад і з’яўляецца цэнтрам Краснабярэжскага сельсавета.
У 1528 годзе мясцовы памешчык Аляксей Зяньковіч прадаў свае драўляныя будовы іншаму ўладару вёскі Красны Бераг, што на той час уваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля Аляксея Зяньковіча да пачатку ХХ стагоддзя ўладарамі Краснага Берага былі Солтаны, Варанецкія-Корбут (XVIII ст.), Фама Пятровіч Грыневіч (1785-1812), Ёсіп Фаміч Грыневіч (з 1812), Іван Нікадзімавіч Грыневіч (з 1829), Аляксандар Іванавіч Багародскі (з 1867), Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі (з 1877), Марыя Міхайлаўна Гатоўская-Паклеўская-Козел (з 1904 па 1917).
У 1654 годзе на долю жыхароў Краснага Берагу выпалі жорсткія выпрабаванні. Навакольныя вёскі, у тым ліку і Красны Бераг, амаль зусім зніклі.
16 (28) лістапада 1873 года першы цягнік прайшоў праз станцыю Красны Бераг з Бабруйску да Гомеля.
У 1909 годзе ў вёсцы Красны Бераг пражывала 362 душы (на 57 двароў), у маёнтку – 135, а на станцыі – 92. Дэ факта, Красны Бераг быў аграмерацыяй з трох населеных пунктаў.
20 лістапада 1917 года на станцыі Красны Бераг адбыўся бой Арэнбургскага ўдарнага батальёна, што кватэраваў у Жлобіне і чырвонаармейцамі першага мінскага рэвалюцыйнага бронецягніка імя Леніна. Бой доўжыўся пяць гадзін, і выйгралі яго байцы бронецягніка. Дзень бою на станцыі Красны Бераг можа лічыцца днём пачатку грамадзянскай вайны ў Беларусі.
2 сакавіка 1918 года Жлобін і Жлобіншчына акупавалі нямецкімя войскі. Немцы пратрымаліся ў Жлобіне з 02.03.1918 года па 24.11.1918 года.
Пасля грамадзянскай вайны пачалося мірнае гаспадарчае будаўніцтва. Маёнтак у Красным Беразе быў нацыяналізавалі. У вёсцы ў 1930 годзе стварылі саўгас “Красны Бераг”, у вёсцы Краснабярэжская Слабодка і станцыя Красны Бераг – калгас “Чырвоны камунар”.
У гады Другой Сусветнай вайны ў Красным Беразе загінулі 173 вяскоўцы (у тым ліку 112 дзяцей), памяць пра якіх ушаноўвае стэла з імёнамі загінулых. Яе паставілі ў 1967 годзе на тэрыторыі тэхнікума.
У гады акупацыі ў невялікай вёсачцы ў раёне чыгуначнага вакзала фашысты стварылі адзін з найбуйнейшых перасыльных пунктаў Гомельскай вобласці і велізарны шпіталь для лячэння салдат і афіцэраў. У 1943 годзе па загадзе Гітлера ў вёсцы Красны Бераг стварылі адзін з пяці дзіцячых донарскіх цэнтраў для дзяцей – поўных донараў. Праз перасыльны пункт Красны Бераг прайшло больш за 15 000 чалавек, з іх 12 000 – гэта дзеці да 15 гадоў. Красны Бераг вызвалілі 25 чэрвеня 1944 года.
Да 1962 года ў склад Краснабярэскага сельсавета ўваходзілі пасёлак вучгасу „Красны Бераг“, пасёлак чыгуначнай станцыі “Красны Бераг“ – Прыстань, пасёлкі Новы і Аляксандраў, хутары Прырэчча, Рассвет, Цёсы, Кадзішча.
15 кастрычніка 2009 году вёску Красны Бераг зарэгістравалі як аграгарадок.
29 верасня 2013 году першы электрацягнік у гісторыі Гомельскай вобласці прайшоў з Мінска праз станцыю Красны Бераг на Жлобін.
Насельніцтва ў 2019 годзе склала 2 320 жыхароў, якія вялі 825 гаспадарак.

