Вялікае княства Літоўскае даволі надзейна абараняла беларускія землі ад ворагаў, а дзяржаўная сістэма спрыяла росту эканомікі. Невыпадкова ў XV– першай палове XVІ стагоддзяў у ВКЛ быў значны ўздым гаспадаркі, рост колькасці гарадскіх і вясковых паселішчаў. У гэты час пашыраліся гандлёвыя сувязі з заходнімі краінамі, дзе быў добры попыт на збожжа, павялічвалася колькасць насельніцтва.
Стрэшын у XV стагоддзі быў даволі буйным мястэчкам (гарадком). У гэты час ён дакладна быў самым вялікім і значным населеным пунктам на тэрыторыі сучаснага Жлобінскага раёна. У мястэчку была гандлёвая плошча. Тут развіваліся рамяство і гандаль, хаця частка насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай.
Пра значэнне мястэчка сведчыць грамата караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра ад 5 мая 1480 года менскаму купцу Луке Церашковічу на права бяспошліннага гандлю яго таварамі ў многіх месцах. Сярод іх пазначаны і Стрэшын.
Часам у дакументах ён параўноўваўся з Гомелем і нават пераўзыходзіў апошні сваім багаццем і вядомасцю. У 1599 годзе насельніцтва Стрэшына вырасла да 500 чалавек, якія пражывалі ў 110 дамах.
Жлобінскія землі знаходзіліся ў эканамічным прыцягненні Рагачова, што знаходзіўся непадалёк і быў вялікакняскім горадам. Хаця ёсць звесткі, што Рагачоў у пачатку XVI стагоддзя належаў або кіраваўся Хадкевічамі. У 1509 годзе пінскі князь Фёдар Ярановіч і яго жонка Алена атрымалі Рагачоў у ліку іншых гарадоў ад караля Жыгімонта I (Старога), а з 1524 года горад стаў уладаннем каралевы Боны. Для яе тут пабудавалі невялікі рэнесансавы палац, што не захаваўся. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што і сам Жлобін разам з Рагачоўскай воласцю належаў каралеве. З 1556 года Жлобін і прылеглыя вёскі знаходзіліся ў складзе казённага Рагачоўскага маёнтка.
Расказы жлобінскіх старажылаў
Казкі жлобінскіх дзядоў і бабуляк пацвярждаюць патранімічнасць паходжання назвы горада. У вольным пераказу яны гучаць прыблізна так:
“На месцы Жлобіна калісьці была дрыгва вялікая і лясы глухія, звяроў было многа, а рыбы – процьма. Вось і ўцяклі сюды ад літоўскага прыгнёту людзі, якія хацелі жыць вольна. Ішлі яны па бездарожжу доўга, камары і пчолы дзікія іх кусалі… І не стала ім дарогі каля шырокай ракі на прыгожым месцы. Так і пасяліліся на месцы Жлобіна першыя людзі. А павадыра іх звалі Злобін. Сілы ён быў вялікай, росту высокага, розуму – ума палата, грамату ведаў, а характарам быў добры і справядлівы, хаця мянушка ягоная і была грозная, бо дужа высокім вырас. Як памер Злобін, то вырашылі ўдзячныя яго нашчадкі празваць тое паселішча ў ягоны гонар, да толькі з часам першая літара змянілася на “Ж”, так Злобін і стаў Жлобіным.”
Войны наносілі Рагачову і наваколлю вялікія страты. У 1535 годзе горад разбурылі маскоўскія войскі. Мясцоваму люду даводзілася клапаціцца пра будаўніцтва ўласных замкаў і аддаленых ліній абароны. У 1561 годзе Рагачоў згадваецца ў дакументах з нагоды збору сродкаў на будаўніцтва замка ў Кіеве, а ў наступным годзе паведамляецца, што ён павінен выдзеліць 15 коп грошаў і 30 чалавек для абароны Кіева ад крымскіх татар. Але нечакана татары ў 1562 годзе спустошылі сам рагачоўскі рэгіён.
Другая палова ХVІ стагоддзя стала пераломнай у гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Няспынныя войны з Расіяй спрыялі канчатковаму аб’яднанню ВКЛ і Польшчы ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Яго замацавалі Люблінскай уніяй 1569 года. З 1582 года нашы продкі пачынаюць пераходзіць на новы грыгарыянскі каляндар. Статут 1588 года стаў дасканалым на той час зводам законаў, які два з паловай стагоддзі рэгуляваў прававое жыццё беларускіх зямель. Ён захаваў самастойнасць княства ў межах Рэчы Паспалітай, але ж і канчаткова замацаваў запрыгоньванне сялянства. Брэсцкая ўнія 1596 года арганізацыйна аб’яднала каталіцкую і праваслаўную цэрквы.
Тады ж правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу 1564-1566 гадоў. У выніку сучасная тэрыторыя Жлобіншчыны апынулася ў складзе Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Стрэшынам у гэты час кіраваў капітул, гэта значыць, што ён адносіўся да складу царкоўных мястэчак.
Форма Менскага ваяводства была надзвычай некампактнай і несіметрычнай, нават алагічнай, але так склалася гістарычна. Таму ужо ў тыя даўнія часы для жлобінцаў сталіцай была славутая Вільня, найвялікшым адміністрацыйным цэнтрам – Менск, а рэгіянальным цэнтрам – Рэчыца.
Менскае ваяводства (1566-1793) – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII стагоддзях, з цэнтрам у горадзе Менск.
Ваяводства было створана на тэрыторыі былога Менскага княства ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1564-1566 гадоў. Адпачатку ваяводства падзялялася на Менскі і Рэчыцкі паветы. У 1569 годзе з Кіеўскага ваяводства быў перададзены Мазырскі павет (Мазыр, Капаткевічы, Лахва, Петрыкаў, Скрыгалава).
У 1772 годзе ўсходняя частка ваяводства адышла да Расійскай імперыі, і яе ўключылі ў Магілёўскую губерню. З 1793 года астатняя частка ваяводства перайшла да Расійскай імперыі і ў асноўным стала часткай Мінскай губерні.
Як сталіца Рэчыцкага павета Рэчыца была рэгіянальным адміністрацыйным і эканамічным цэнтрам. На тэрыторыі павета паступова развіваліся гарады і мястэчкі. У дадатак да Рэчыцы значнымі ваеннымі і эканамічнымі цэнтрамі былі: Гомель, Бабруйск, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск, Халч, Карма.
Рэ́чыцкі паве́т – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Ахопліваў тэрыторыю Панізоўя. Плошча найбольшага павета ваяводства складала 30 тыс км². Сталіца места была Рэчыца, а ў 1772-1793 гадах – Бабруйск.
У склад павета ўваходзіла тэрыторыя Бабруйскага, Гомельскага, Прапойскага, Рагачоўскага, Рэчыцкага, Чачэрскага староцтваў і прылеглыя прыватнаўласніцкія маёнткі. Найбольш значнымі з іх былі Горваль (уладанне князёў Сангушкаў), Добасна (уладанне Хадкевічаў), Стрэшын (уладанне Віленскага біскупства).
Павятовая харугва была чырвонага колеру з выяваю Пагоні ў цэнтры. Герб Рэчыцы таксама меў Пагоню.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ўсходняя частка павета – левабярэжжа Дняпра і Друці –апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Каля траціны тэрыторыі павета засталося ў складзе ВКЛ. У 1793 годзе пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай рэшта тэрыторыі павета апынулася ў складзе Магілёўскай, Менскай і Чарнігаўскай губэрняў Расійскай імпэрыі.
Наданне гарадам Магдэбургскага права моцна спрыяла развіццю гарадоў. У 1561 годзе яго атрымала Рэчыца (адміністрацыйны цэнтр для жлобінцаў), права на самакіраванне меў Мазыр (1577), Гомель (1670). У суседняй Магілёўшчыне магдэбургскае права атрымалі Магілёў (1577), Крычаў (1633), Бялынічы (1634), Мсціслаў (1634), Чавусы (1634), Чэрыкаў (1641), Шклоў (1574, 1762). Калі б Жлобіну ці Стрэшыну было нададзена магдэбургскае права, то іх значэнне было б зусім іншым. Ужо тады б яны былі квітнеючымі гарадамі.
Распаўсюджванне магдэбургскае права ў Беларусі
Магдэбургскае ці майдэборскае права ўзнікла ва ўсходненямецкім горадзе Магдэбургу ў ХІІІ стагоддзі і было зводам правоў і прывілеяў жыхароў еўрапейскага феадальнага горада. Потым яно распаўсюдзілася на розныя гарады Паўночнай Еўропы і краін Балтыі. Такім чынам яно паступова прыйшло на тэрыторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.
У ВКЛ граматы на магдэбургскае права або прывілеі дзяржаўным гарадам давалі вялікія князі, а прыватнаўласніцкім – уладальнікі гарадоў ці вялікія князі паводле іх хадайніцтва. Горад, што атрымліваў нямецкае магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарны орган самакіравання – магістрат. Ён дзяліўся на раду і лаву, а ў ягоны склад уваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў усім жыццём у горадзе і размяшчаўся звычайна ў спецыяльным будынку – ратушы.
У сэнсе самакіравання беларускія магдэбургскія гарады стаялі на адной роўніцы са славутымі гарадамі Старога Свету. Самакіраванне забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначала месца і стан гараджан у феадальным грамадстве, бараніла мяшчан ад уціску шляхты і велікакняжацкай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству.
Каб забяспечыць гараджан харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай неабходна было мець развітую сельскую гаспадарку. Гарады папросту не маглі б так хутка развівацца без вялікай колькасці вёсак. Мноства сучасных населеных пунктаў Гомельшчыны першы раз згадваюцца як вёскі менавіта ў ХVI-ХVII стагоддзях. Імкліва расло прыватнае землеўладанне свецкіх феадалаў – шляхты. Але на ўсходзе Беларусі яшчэ доўгі час заставалася вялікая колькасць дзяржаўных уладанняў і гаспадарскіх зямель. У павеце меліся Бабруйскае, Гомельскае, Прапойскае, Рагачоўскае, Рэчыцкае і Чачэрскае староствы.
Нягледзячы на развіццё эканомікі і рост гарадоў, рэзкія змены ў палітычнай, юрыдычнай, рэлігійнай, эканамічнай сферах у другой палове XVІ стагоддзя не маглі не парушыць палітычны, сацыяльна-эканамічны і рэлігійны баланс у грамадстве. У канцы XVІ – пачатку XVІІ стагоддзяў узрастаюць падаткі і павіннасці, узмацнілася феадальна-прыгонная эксплуатацыя сялян. Як вынік, узмацнілася рэлігійная барацьба, пачынаецца эпоха казацкіх і сялянскіх паўстанняў, бунтаў і хваляванняў, што закранулі і тэрыторыю сучаснай Жлобіншчыны. Так, праз рэгіён у 1595 годзе прайшло войска першага казацкага атамана Севярына Налівайкі, узброенае выступленне якога паклала пачатак эпосе казацкіх паўстанняў.
Паўстанне Севярына Налівайкі
Казацкія атрады Севярына Налівайкі ў 1595 годзе падыйшлі да Бабруйска, а потым і да Магілёва і атрымалі падтрымку бядняцкага насельніцтва. Войска Налівайкі штурмам авалодала Магілёвам. У выніку да 40% гарадской забудовы спалілі. Праз два тыдні казацкі табар увесь дзень адбіваў атакі ўрадавага войска на чале з Буйвідам. У прыцемках казакі адышлі ад Магілёва і рушылі ўніз па Дняпры на Палессе.
Войска Налівайкі прайшло недзе ў наваколлях Рагачова, Жлобіна і Стрэшына, а найхутчэй праз іх на Рэчыцу. Адтуль Налівайка адправіў ліст каралю Жыгімонту III з просьбай даць свабодную зямлю казакам паміж Бугам і Днястром, за што казакі абавязваліся дапамагаць Рэчы Паспалітай у войнах з суседнімі краінамі.

