Адмена прыгону ў 1861 г., буржуазныя рэформы 1860 гадоў у Расіі сталі мацнейшым імпульсам для развіцця эканомікі рэгіёна. У 1870 гадах рэзка павялічылася колькасць новых фабрык і заводаў. Калі ў 1840-1850 гады ў Магілёўскай губерні заснавалі 82 падобныя прадпрыемствы, у 1850-1860 – 101, у першае парэформеннае дзесяцігоддзе – 1860-1870 – 181, то пасля адаптацыі эканомікі да новых рэалій – у 1870-1880 пачалі дзейнічаць 421 фабрыка ці завод.
Назва “завод” і “фабрыка” блытае сучасных чытачоў. На большасці падобных заводаў працавала да 10 чалавек, а найчасцей – майстар і работнік. З сучаснымі заводамі іх яднала наяўнасць абсталявання і выпуск прамысловай прадукцыі. У астатнім тыя фабрыкі і заводы вельмі нагадвалі рамесныя майстэрні.
У 1879 годзе Магілёўская губерня па колькасці заводаў і фабрык апераджала 17 расійскіх губерняў, але па аб’ёме вытворчасці – толькі 10 губерняў, а па колькасці рабочых на іх – толькі 6 губерняў. Дробнатаварная вытворчасць была характэрнай рысай прамысловасці Магілёўшчыны. Майстроў і рабочых разам прыходзілася па 4,2 чалавека на фабрыку ці завод.
Рагачоўскі павет у другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя па сваіх эканамічных паказчыках быў тыповым серадняком у Магілёўскай губерні. У 1881 у павеце дзейнічала 94 фабрыкі і завода – трэцяе месца ў губерні. У павеце працавала 6 спіртзаводаў (у 1864 годзе – 26), 10 гарбарань, 9 цагельняў, 1 запалкавая фабрыка, 376 млыноў і іншыя невялікія прадпрыемствы. Нягледзячы на адносна вялікую колькасць заводаў і фабрык, на 62,9 кв. вярсты прыходзіліся адзін завод ці фабрыка, калі ў сярэднім па губерні гэты паказчык быў 41 кв вярста. Рагачоўшчына па гэтым паказчыку займала перадапошняе месца сярод паветаў. Затое адзін такі “заводзік” прыходзіўся ў павеце на 1 373 чалавекі – трэцяе месца па губерні. Валавы прыбытак фабрык і заводаў павета па розных вераспавяданнях дзяліўся наступным чынам: праваслаўныя – 62 961 рублёў, рыма-католікі – 21 973 рублёў, пратэстанты – 7 297 рублёў, іўдзеі – 15 315 рублёў, стараабрадцы – 1 075 рублёў.
Нягледзячы на хуткае развіццё фабрычна-завадской прамысловасці ў Рагачоўскім павеце колькасна пераважала саматужная і рамесная вытворчасць. Дарэвалюцыйная афіцыйная статыстыка да рамеснікаў адносіла толькі жыхароў гарадоў і мястэчак, а вясковых жыхароў, якія займаліся незямляробчай працай, называлі саматужнікамі ці па руску – “кустарями”. Агульным у іх было тое, што яны выраблялі прадукцыю з дапамогай ручной працы і самых простых інструментаў. А галоўным адрозненнем было тое, што рамеснікі найчасцей працавалі на замову, а саматужкі, як правіла, на мясцовы рынак.
Галоўным заняткам насельніцтва гарадоў і мястэчак Магілёўскай губерні было рамяство і дробны гандаль. У 1864 годзе ў Рагачове па дадзеных даследчыцы В. Федарасовай толькі 132 жыхара займаліся рамяством. У 1881 годзе рамеснікаў было ўжо 180 чалавек, а ў мястэчках павета пражывала 9 213 жыхароў, з якіх рамеснікаў было 582 чалавекі, што складала ў горадзе 4%, а ў павеце 6,3% насельніцтва. Разам з тым у Рагачове яўрэяў рамеснікаў жыло 156 (86,6%), а ў павеце – 485 (83,3%). Можна сказаць, што рамяство ў сярэдзіне другой паловы ХІХ стагоддзя было монаэтнічным яўрэйскім відам працоўнай дзейнасці.
У павеце акрамя горада Рагачова было 8 мястэчак: Гарадзец, Карма, Свержань, Ціхінічы, Чачэрск, а на тэрыторыі сучаснага Жлобінскага раёна: Жлобін, Карпілаўка і Стрэшын. У мястэчках пераважала традыцыйная вытворчасць. На першым месцы знаходзіліся рамеснікі, якія выраблялі прадметы дворагаспадаркі. У пачатку ХХ стагоддзя ў Рагачове, Жлобіне, Карпілаўцы і Стрэшыне павялічылася колькасць рамеснікаў, якія адносіліся да сферы абслугоўвання. Двое з трох (75 %) рамеснікаў горада Рагачова і мястэчак павета складалі яўрэі і толькі дзве спецыяльнасці – кавалі і цесляры складаліся пераважна з беларусаў.
Жлобін быў сярэднім мястэчкам з насельніцтвам каля 2 000 чалавек у 1880 годзе. У ім з 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года – крупарушка з гадавым валавым даходам больш за 500 рублёў. Жлобін быў вядомым цэнтрам па апрацоўцы скур жывёл, вырабу сельскагаспадарчых прылад.
Гарбары Жлобіна вылучаліся сваім майстэрствам, прадавалі на кірмашах дублёныя і простыя сялянскія шубы і кажухі. У мястэчку ў 1860 годзе праваслаўны селянін Сямён Лавецкі заснаваў прадпрыемства, дзе працаваў майстар і работнік, апрацоўвалася каля 300 скур. Ён даваў прыбытак каля 400 рублёў. Праваслаўны селянін Яфім Лавецкі з работнікам з 1870 года вырабляў 750 скур на 1 050 рублёў. Вырабам простых аўчын займаўся у Карпілаўцы селянін Фёдар Канстанцінаў (300 скур на 300 рублёў), для чаго наймаў работніка. Гэтыя прадпрыемствы па тагачаснай статыстыцы адносіліся да фабрык.
У павеце таксама быў развіты промысел па апрацоўцы скур, што ў вялікай колькасці ішлі на выраб зімовага адзення для сялян (аўчыннікі), на падрыхтоўку скуранога абутку (гарбары) і конскай збруі (сырамятнікі). У Стрэшыне гарбар іўдзей Евель Целешэўскі з работнікам апрацоўваў да 300 скур у год на 400 рублёў. Шорнікі і сядзельнікі займаліся не толькі вырабам новай конскай збруі, але і чынілі старую.
У XIX стагоддзі мноства яўрэяў, якія пражывалі ў Жлобіне, займаліся прамысловай вытворчасцю (выраб плугоў, пляценне кошыкаў, інш.). Крупадзёрка (заснаваная ў 1868) і дрожджавы млын (заснаваны ў 1867) належалі Мойшы Нісманаву. На крупадзёрке працаваў майстар і работнік, якія выпускалі прадукцыю, што прыносіла 540 рублёў прыбытку у год, а на дрожжавым заводзе майстар прыносіў прыбытак 210 рублёў. У Жлобіне дзейнічалі свечачны завод Давіда Гаўліна (заснаваны ў 1870) з гадавым прыбыткам каля 245 рублёў, адным майстрам і адным работнікам. У 1889 годзе ў Жлобіне адкрылі бойню Арона-Мендэля Дворкіна.
Карпілаўка мела дзве крупадзёркі. У 1864 адну з іх адкрыў Есель Сіманоўскі. Праца майстра і работніка прыносіла 1 000 рублёў прыбытку. У 1880 крупадзёрку адкрыў Лейба Кітаеў. Яна таксама прыносіла 1 000 рублёў прыбытку. Як і па губерні, крупадзёркі мелі невялікія памеры.
Усе пабудовы ў Жлобіне і Карпілаўцы былі драўляныя. Для выпраўлення сітуацыі і змяншэння колькасці пажараў неабходна было будаваць цагляныя будынкі. У 1880 годзе ў Жлобіне пачаў дзейнічаць цагельны завод губернскага сакратара Огнева. На ім працаваў майстар і чатыры рабочых. Завод вырабляў у год 100 000 штук цэглы і даваў 1 000 рублёў прыбытку.
Выраб жлобінскіх плугоў распачаўся ў 1890 гадах, калі мясцовы каваль выпісаў з Рыгі плуг, разабраў яго на часткі і па рыжскім ўзоры пачаў вырабляць падобныя плугі. Праз такое тэхналагічнае піратства праз 10 гадоў вырабам плугоў у Жлобіне займалася ўжо 5 майстэрань, дзе працавалі 20 рабочых. Тут выраблялі як цалкам жалезныя плугі, так і часткова драўляныя. Больш танныя драўляныя каштавалі да 3 рублёў, жалезныя – 3-3,5 рублі. Плугі збываліся не толькі ў наваколлі, але і ў Рагачове і Бабруйску.
Кавальства было даўнім традыцыйным мясцовым заняткам. На некалькі вёсак заўжды быў хаця б адзін мясцовы каваль. Кавальская справа распаўсюджвалася па ўсім павеце раўнамерна. У вёсках у большасці кавалямі працавалі мясцовыя беларусы, а ў мястэчках – яўрэі. Усяго ў вёсках Рагачоўскага павета налічвалася 137 кавалёў.
На мяжы 1870-1880 гадоў па адным кавалю працавалі вёсках Асінаўка, Вышняя (Верхняя) Алба, Лукі, Мормаль, Марусенька, Навікі, Салтанаўка, Саланое, Чарцёж. Па два каваля было ў Малевічах і Стрэшыне. У Стрэшыне, да таго ж, працаваў адзін слесар, які зарабляў 70 рублёў. Трое кавалёў працавалі ў Жлобіне і зараблялі па 85 рублёў за год, а ў Карпілаўцы было тры кузьні, дзе працавалі шэсць рамеснікаў, якія зараблялі за год да 150 рублёў. Увогуле ж заняткі гэтым промыслам давалі ад 20 да 150 рублёў за год. На жаль, не была апублікавана статыстыка па Стара-Руднянскай воласці.
У васьмі пасяленнях губерні 12 саматужнікаў займаліся афарбоўкай тканей і нітак. З іх па аднаму працавалі ў Жлобіне, Карпілаўке і Стрэшыне. Яны фарбавалі тканіны заказчыка ўвесь год па меры атрымання замоў і зараблялі па 60 рублёў на год. Зрэдку яны вывозілі свае тавары на кірмашы, для чаго скуплялі тканіну ў сялян.
Саматужная прамысловасць у павеце ў большасці выпадкаў мела характар сямейнай вытворчасці з абмежаваным прымяненнем наёмнай працы. У 1881 годзе ў павеце афіцыйна налічваліся 1 209 саматужнікаў, плюс мноства сялян займаліся адыходніцтвам. Саматужнікі Лукаўскай, Стараруднянскай і Стрэшынскай валасцей займаліся тымі самымі промысламі, што і жыхары іншых валасцей Падняпроўя. Тым не менш, асаблівасці звязаныя з прыроднымі ўмовамі пражывання сялян уплывалі на іх заняткі.
Да малалесых (ад 10 да 25% зямельных угоддзяў) адносілася Лукаўская воласць, дзе прыватнаўласніцкія лясы складалі ўсяго 3 852 дзесяціны, а сялянскіх увогуле не было. А вось Гарадзецкая, Стараруднянская і Стрэшынская воласці лічыліся ляснымі (ад 25 да 50%). У першай прыватныя лясы раслі на плошчы 4 775 дзесяцін, а сялянскія – на 1 200 дзесяцін. Яшчэ больш лясоў было ў наваколлях Стрэшына (11 377 прыватных і 7 747 сялянскіх дзесяцін) і Гарадца (22 852 і 149 адпаведна).
Лясны промысел быў адным з самых масавых прырабаткаў жлобінскіх сялян. У Рагачоўскім павеце гэта быў пераважна мужчынскі занятак. У пачатку 1880 гадоў у сярэднім 8 296 мужчын у год ў вольны ад палявых работ восеньскі і зімовы час займаліся ляснымі промысламі. Жаночых прац у лясной гаспадарцы было менш. У сярэднім 8,3% сялянскіх сямей займаліся гэтым промыслам. Тутэйшыя заробкі ў суткі былі такія: 85 капеек – 1 рубель 40 капеек плацілі рабочаму з канём і 45 капеек – 1 рубель атрымліваў пешы работнік. Вывазка лесу да прыстаней пачыналася з усталявання першага зімовага пуці і працягвалася да веснавога бездарожжа на санях.
У Стара-Руднянскай – 1 200 мужчын і 100 падлеткаў узімку займаліся лясным промыслам, у Стрэшыцкай воласці – 525 і 275, у Гарадзецкай – 409 і 198, а ў малалесай Лукаўскай – толькі 180 і 45. Сярэдні заробак узімку дарослага работніка з канём і памочнікам (падлеткам) быў не надта вялікі. У Гарадзецкай воласці выходзіла 74 рублі за сезон, у Стрэшыцкай – 25, у Стара-Руднянскай – 20, у Лукаўскай – 10.
Багацце лясоў дазваляла мясцовым жыхарам у вольны ад палявых работ час займацца дрэваапрацоўчымі промысламі. Саматужнікі выраблялі вялікую колькасць вазоў, саней, дуг, абадоў, колаў, восяў, рыдлёвак, бароны і інш. Немалаважнае значэнне мелі сталярны, бандарны і такарны промыслы. Людзі выраблялі для гаспадаркі рознае: прадметы мэблі, бочкі і кадкі рознай ёмістасці, верацёны для прадзення.
Саматужнікі Лугавой Вірні выраблялі на заказ скрыні і куфары. Тым самым зараблялі ў год да 100 рублёў. Сяляне вёскі Праскурні рабілі сялянскую мэблю: сталы, лавы, зэдлікі, крэслы, шафы. Стараруднянская воласць была добра вядомая сваімі бондарамі, а майстрыхі вёскі славіліся вышыўкай. Жанчыны займаліся вырабам адзення для сябе і на продаж. Так, майстрыхі Старой Рудні славіліся вышыўкай, у тым ліку расшыўкай жаночых галаўных убораў бісерам і дробнымі пацеркамі.
Па Рагачоўскім павеце захаваліся даволі падрабязныя звесткі пра колькасць зарэгістраваных саматужнікаў (кустарэй), якія выраблялі посны канапляны алей. Выраб з канаплянага насення алею здзяйсняўся ў асобнай невялікай хаце з адной простай печкай у ёй. З дапамогай дубовых жорнаў, ступы, карыта, дзвюх калод, двух кляшчэй, таўкача, гліняных гаршкоў і сякеры вырабляўся алей. Усе прылады, за выключэннем абруча і ляза на дзяржальне, вырабляліся самімі саматужнікамі.
У 46 пасяленнях Рагачоўшчыны працавала на 77 прадпрыемствах 154 саматужнікі, якія ціснулі канапляны алей і зараблялі за год 1 830 рублёў. На тэрыторыі сучаснай Жлобіншчыны яны працавалі ў вёсках: Салтанаўка (2 прадпрыемствы, 4 саматужнікі, якія зараблялі па 20 рублёў за год), Старая Рудня (3, 6, 16 рублёў), Кругавец (1, 2, 30 рублёў). Усе шэсць прадпрыемстваў знаходзіліся на жлобінскім левабярэжжы Дняпра. Іншыя рагачоўскія саматужнікі гэтай галіны таксама працавалі на левым беразе пераважна на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага і надалей Чачэрскага раёнаў.
Ганчарная вытворчасць была развітай там, дзе меліся запасы гліны. Ганчарнай справай займаліся не толькі мужчыны, але і жанчыны.
У сёлах павета існавала шмат сукнавальных млыноў. Многія вёскі мелі падобную напалову прамысловую вытворчасць. Амаль у кожным буйным населеным пункце працавалі 1-2 млыны. Так, на 1886 год у мястэчку Казімерава было 12 крамаў, вадзяны і ветраны млыны. У Мормалі паводле перапісу 1897 года былі 2 ветракі, кузня, піцейны дом, а ў вёсцы Праскурні знаходзіліся 2 ветракі, кузня, а ў 1909 годзе – цагельня.
У канцы стагоддзя царскі ўрад нанёс мацнейшы ўдар па прыватным, найперш дваранскім і яўрэйскім, прадпрымальніцтве. У ліпені 1897 года ў Магілёўскай губерні ўвялі дзяржаўную вінную манаполію. Гэта пацягнула за сабой адкрыццё казённых вінных крам і казённых вінных складоў, што ажыццяўлялі збыт, вытворчасць і захоўванне спірту, гарэлкі і гарэлачных вырабаў. Казённыя вінныя крамы і склады знаходзіліся ў падпарадкаванні губернскага акцызнага кіравання і праіснавалі да пачатку Першай Сусветнай вайны.
Пашырыўся мясцовы і рэгіянальны гандаль. З беларускіх губерняў пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны, лясных матэрыялаў, прамысловых тавараў: як запалкі, папера і кардон, цэгла, кафля і аконнае шкло, вяроўкі і канаты, спірт, малочныя прадукты, жытняя, бульбяная мука і г. д. У Беларусь жа прывозілі метал, мануфактурныя тавары, соль, збожжа. Хаця аб’ёмы хлебных грузаў і раслі, але іх доля ў перавозках скарачалася. Калі ў 1860 гадах доля хлебных грузаў складала 83%, то ў канцы стагоддзя яна зменшылася да 15%. На вядучыя ролі выйшлі лясныя тавары.
Гандаль у Рагачоўскім павеце развіваўся ў рэчышчы агульных тэндэнцый. Гандлёвыя кірмашы (ярмаркі) праводзіліся ў Рагачове, Чачэрску, Жлобіне. Два разы на год кірмашы ладзілі і ў Стрэшыне. На продаж па Дняпры і Беразіне сплаўляліся лясныя вырабы, а ў Рыгу перапраўлялі ільняны алей, пяньку, ільняную саломку.
Самы буйны пакроўскі кірмаш у Жлобіне доўжыўся з 1 па 8-9 кастрычніка. Там гандлявалі збожжам, ільном, мясам і іншымі таварамі. Жлобінскі кірмаш славіўся продажам дублёных і простых сялянскіх шуб і кажухоў. У 1861 годзе прывоз тавараў склаў па суме 6 854 рублёў, а продаж – 1 500 рублёў.
З пераводам суднаходнай прыстані з Рагачова, жлобінскі гандаль стаў хутка расці, а вось гандлёвае значэнне ўезднага Рагачова прыкметна ўпала. Абарот кірмаша тут ўпаў да 5 000 рублёў. А вось на жлобінскім пакроўскім кірмашы гандлёвы абарот на мяжы 1870-1880 гадоў складаў прыблізна 25 000 рублёў. Гэта даволі высокія паказчыкі, па якіх Жлобін у Магілёўскай губерні займаў 7-9 месца разам са Шкловам і Горкамі. Ён не мог параўноўвацца з кірмашамі ў Гомелі, Любавічах, Чачэрску але значна перавышаў абароты кірмашоў у большасці павятовых гарадоў губерні, дзе яны звычайна не перавышалі 5 000 рублёў. Багаты кірмаш праходзіў у мястэчку (афіцыйна фальварк) Астэрманск.
Да канца XІX стагоддзя прамысловасць Магілёўшчыны ў сваім развіцці зрабіла значны крок наперад. Развівалася харчовая, тэкстыльная, гарбарная, а асабліва шпарка – дрэваапрацоўчая прамысловасць. Рэзка паскараюцца тэмпы тэхнічнага прагрэсу. Павялічылася прымяненне тэхнічных прыладаў і машын, у тым ліку паравых. Да пачатку XX стагоддзя фабрыкі і заводы губерні давалі ўжо каля паловы прамысловай прадукцыі.
На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у 1900 годзе ў Рагачове мяшчан і цэхавых налічвалася 7 701 чалавек, а ў мястэчках – 18 295. У 1910 годзе мяшчан і цэхавых у Рагачове было 20 777 чалавек, а ў мястэчках – 25 501.
У канцы стагоддзя ўзнікла і новае так званае “рабочае” пытанне. Распачаўся рост забастовачнай барацьбы рабочых, якія былі незадаволены параўнальна нізкімі заробкамі, цяжкімі ўмовамі працы і жыцця. У 1898 годзе баставалі гарбары Магілёва, у наступным годзе – рабочыя шклянога завода ў Быхаўскім павеце. У гэтым жа годзе ў Жлобіне пачала дзейнічаць сацыял-дэмакратычная група.

