Першая Сусветная вайна: у патоку ўцекачоў і ў святле Стаўкі

Летам 1914 года расійскі царскі ўрад уцягнуў Падняпроўе, як і і ншыя часткі імперыі, у катаклізмы Першай Сусветнай вайны. Менавіта тады ў Еўропе пачалася імперыялістычная вайна паміж аўстра-германскім і англа-франка-расійскім (Антанта) ваенна-палітычнымі блокамі. У навуковай літаратуры яна атрымала назву Першай Сусветнай вайны.

У ліпені-жніўні 1914 года па Магілёўшчыне пракацілася хваля “патрыятычных” сходаў, малебнаў і маніфестацый пад сцягам абароны Айчыны. Да ахвяр і грамадскай згоды ў імя перамогі заклікалі мясцовыя газеты. У сувязі з абвяшчэннем ваеннага становішча забараняліся забастоўкі, дэманстрацыі, што маглі пагражаць “грамадскаму спакою”, уводзілася ваенная цэнзура. Беларускія губерні ў першыя ж дні абвясцілі на ваенным становішчы.

Магілёўская губерня адносілася да прыфрантавых, і праз яе з ўсходу на захад праходзілі дзве стратэгічна важныя чыгункі – Аляксандраўская і Лібава-Роменская. У сувязі з пачаткам баявых дзеянняў Жлобінскі чыгуначны вузел набыў асаблівае стратэгічнае значэнне. Праз яго праязджалі эшалоны з войскамі і грузамі для Паўночна-Заходняга, Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў. Амаль на сталай аснове ў Жлобіне знаходзіліся розныя часткі расійскай арміі колькасцю каля дывізіі. Размеркавальны вайсковы пункт знаходзіўся ў раёне, дзе пазней пабудуюць ільнозавод Жлобіна.

Ужо ў ліпені 1914 года пачалася першая мабілізацыя: ваеннаабавязаных мужчын пачалі прызываць у войска. Найперш прызывалі жлобінскіх сялян. Да паловы ўсіх працаздольных мужчын жлобінскіх і рагачоўскіх вёсак у канцы вайны забралі ў армію. Па Магілёўскай губерні лічба мабілізаваных сялян склала 50,7 % працаздольных мужчын. Мноства сялянскіх сем’яў пазбавілася карміцеляў. Да таго ж забіралі коней і буйную рагатую скаціну.

Першая Сусветная вайна ў Жлобіне

Неўзабаве з зоны баявых дзеянняў сталі прыбываць першыя параненыя ваяры і з’яўляцца звесткі пра забітых. Нядзіўна, што ў сярэдзіне жніўня 1914 года пачаў дзейнічаць губернскі камітэт Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым ваярам, а 3 верасня Магілёў далучыўся да Усерасійскага саюза гарадоў для аказання дапамогі хворым і параненым.

У павятовым Рагачове дзейнічала аддзяленне такога саюза, павятовае папячыцельства па наглядзе сямействаў ніжніх чыноў, каго прызвалі на сапраўдную ваенную службу. Іх дзейнасць распаўсюджвалася і на вёскі жлобінскага Падняпроўя. Гэтым арганізацыям адводзілася вялікая роля –часам не было іншых магчымасцяў дапамогі скалечаным на вайне.

Нягледзячы на ўсеагульную ўпэўненасць у тым, што вайна будзе нядоўгай, бакі завязлі ў пазіцыйнай вайне. Баявыя дзеянні трывалі, і пачалі выяўляцца слабасці эканомікі Расіі. Так, амаль адразу ўзнікла пытанне з пастаўкай паліва. Для цягнікоў не хапала вугалю, хаця чыгунка ў Жлобіне адносілася да Заходняга чыгуначнага раёна, што падпарадкоўваўся Ваенна-палявому ўпраўленню і лепш забяспечваўся. Для цягнікоў пачалі выкарыстоўваць дровы і торф, у тым ліку здабытыя ў ваколіцах Жлобіна. Правялі нават рэквізіцыю дроў у межах 30-вярстовай паласы ўздоўж чыгунак Заходняга раёна, што ахапіла практычна ўсе тагачасныя вёскі Жлобінскага раёна.

Вугаль пачалі вазіць па Дняпры. Толькі за вясну 1916 на жлобінскую прыстань прывезлі каля 600 000 пудоў каменнага вугалю і антрацыту. Водны шлях паліва з Украіны да Жлобіна займаў амаль два тыдні.

Летам 1915 года германскія войскі пачалі вялікае наступленне на ўсходзе. У сувязі з ваеннымі паразамі і адступленнем расіян Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі была пераведзена ў “тылавы Магілёў”, што быў роўнааддалены ад франтоў і сталіц. Па чыгунцы ён меў добрыя транспартныя сувязі праз Оршу са сталіцамі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, а праз Жлобін – з Украінай і Каўказам, дзе таксама вяліся баявыя дзеянні.

Стаўка знаходзілася ў Магілёве з 8 (21) жніўня 1915 года па 25 лютага

Першая Сусветная вайна ў Жлобіне
Мікалай ІІ у Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка

1918 года. Яна была вышэйшым органам упраўлення дзеючай арміяй. Пры ёй знаходзіліся місіі краін Антанты – хаўруснікаў Расіі. Тут абмяркоўвалі стратэгічныя задумы, планавалі і распрацоўвалі ваенныя аперацыі, узгаднялі дыпламатычныя і ваенныя дзеянні саюзных дзяржаў. Так Магілёў апынуўся ў цэнтры гістарычных падзей еўрапейскага і сусветнага значэння. У Магілёве не раз праходзілі пасяджэнні Дзяржаўнага савета Расіі. Лёс свету вырашаўся не толькі ў Парыжы, Лондане ці Берліне, але і ў Магілёве. Горад апынуўся ў цэнтры ўвагі інфармацыйных агенцтваў усяго свету.

У жніўні 1915 года ва ўмовах ваенных паражэнняў імператар Расіі Мікалай ІІ ўступіў у Вярхоўнае камандаванне арміяй. Начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага быў генерал Аляксееў – таленавіты рускі палкаводзец, які фактычна і кіраваў арміяй. Гасудар жа прыкрываў яго дзеянні сваім аўтарытэтам і браў на сябе адказнасць. Імператар і яго наследнік Аляксей падоўгу жылі ў доме Магілёўскага губернатара. Неаднаразова прыязджалі ў Магілёў і іншыя прадстаўнікі “Дома Раманавых”, у тым ліку гасударыня і княжны.

Тое, што Магілёў стаў ваеннай сталіцай, разнастаіла правінцыйнае жыццё суседніх паселішчаў. Натуральна ўзрасло і значэнне суседніх вузлавых чыгуначных станцый, у тым ліку і Жлобіна. Праз яго праязджалі, выходзілі на перон практычна ўсе больш менш значныя палітычныя і ваенныя асобы Расіі і расійскія дзеячы культуры. Цар любіў ладзіць прагулкі на аўто або яхце каля Магілёва разам з сынам. Яму вельмі падабаўся сасновы лес каля вёскі Салтанаўка. Ён неаднаразова наведваў Палыкавіцкую крыніцу. Ездзіў у Воршу, Шклоў, Рагачоў, Жлобін.

Летам 1915 года на Магілёўшчыне пачалося перамяшчэнне ўцекачоў з заходніх расійскіх губерняў. Праз Магілёўскую губерню на ўсход праехала больш за мільён чалавек. Уцекачы ехалі па чыгунцы пераважна праз Оршу або праз Жлобін і Гомель.

Для аказання дапамогі бежанцам заснавалі шэраг таварыстваў, многія з іх дзейнічалі і на вузлавой станцыі Жлобін.

Усяго за гады вайны ў армію прызвалі да паловы ўсіх працаздольных мужчын Лукаўскай, Стараруднянскай, Стрэшынскай, Сцяпской, Якімава-Слабадской воласцей. Каля трэці ўсіх сялянскіх гаспадарак засталіся пад апекай жанчын. Бясконцыя рэквізіцыі коней, буйнай рагатай скаціны, зерня, фуражу, нават дроў, прымусовыя работы, у тым ліку ахова чыгунак, падвоз грузаў, будаўніцтва на патрэбы расійскай арміі, падрывалі ўстойлівасць сялянскіх гаспадарак. У выніку праз два гады ваенных дзеянняў зборы жыта скараціліся амаль у 3 разы, удзельная вага бескароўных гаспадарак у губерні ўзрасла ў 8,2 разы.

Гомельскі вакзал Лібава-Роменскай чыгункі падчас Першай Сусветнай вайны

Ваенныя паразы і эканамічныя цяжкасці пачалі паступова мяняць настрой насельніцтва. З’явіліся першыя знешнія прадвеснікі будучай рэвалюцыі – забастоўкі рабочых, хваляванні і пратэсты мабілізаваных у армію салдат. У 1915 годзе жлобінскія чыгуначнікі правялі першыя забастоўкі. У 1916 годзе баставалі рабочыя лесасклада і лесапілкі пасёлка Ветка-Вір.

У 1915 года на чыгуначнай станцыі Жлобін адбылося хваляванне салдат, што суправаджалася сутыкненнямі з паліцыяй. 26 верасня салдаты 90 запаснога батальёна збілі некалькіх паліцэйскіх. А ў аднаго з іх аднялі шапку і рэвальвер. Рота мясцовага гарнізона навяла парадак. У 1916 годзе ўзбунтаваўся эшалон салдат, якія 4 траўня закідалі камянямі патруль 22 роты 421 пешай Палтаўскай дружыны. Эшалон удалося адправіць са станцыі толькі пасля прыбыцця ўзброенай каманды з 45 чалавек, што ў перастрэлцы параніла некалькі салдат. У кастрычніку ўспыхнула сапраўднае паўстанне на перасыльным пункце ў Гомелі. Калі весткі пра падзею дайшлі да Жлобіна, то на мясцовым размеркавальным пукце пачаліся хваляванні. Улады тэрмінова прынялі меры супакаення, і адкрытага сутыкнення ў той раз не было.

На грамадскія настроі ў Жлобіне свой уплыў аказалі падзеі ў Гомелі, калі ў лістападзе 1916 года паўсталі 4 000 салдат. Улады жорстка расправіліся з паўстанцамі. 16 чалавек аддалі пад суд, 9 з іх – расстралялі.

Актывізацыя культурнага жыцця на Магілёўшчыне ў сувязі са знаходжаннем Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі ў Магілёве рабіла жыццё больш цікавым і разнастайным, але не здолела прывесці супакой у рэгіён. Першая Сусветная вайна прынесла на Жлобіншчыну ўсе тыя цяжкасці, што прыносяць ваенныя канфлікты. Хаця ваенныя дзеянні пакуль не закраналі Падняпроўе непасрэдна, але мабілізацыя мужчын, рэквізіцыі, збядненне насельніцтва, значная колькасць параненых і забітых вайскоўцаў, натоўпы ўцекачоў, – усё гэта паступова мяняла настроі грамадства з патрыятычных на антываенныя.

1 Каментар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.