Аднаўленне і перадваенны рост 1908-1913 гадоў

Магчыма, найболей спакойным і паспяховым для Жлобіна і наваколля быў час з 1908 па 1913 гг., калі пасля рэвалюцыі і эканамічнай дэпрэсіі пачаўся перыяд бурнага эканамічнага ўздыму, палепшыўся дабрабыт насельніцтва, крыху сышлі класавыя супярэчнасці.

У “Спісе населеных пунктаў Магілеўскай губерні” (1909 год) адзначаецца: “Мястэчка Жлобін належыць абшчыне сялян і мяшчан, колькасць зямлі ў мястэчку ў дзесяцінах: зручнай – 949, нязручнай – 150, пад лесам – няма, усяго – 1 099; колькасць двароў – 486, колькасць жыхароў 2 928: мужчын – 1 540, жанчын – 1 388. Мястэчка належыць Жлобінскаму прыходу і знаходзіцца да Магілеву ў адлегласці 128 верст, а ад павятовага горада – 21 верст, ад валаснога праўлення – 8 вёрст. Найбліжэйшая паштова-тэлеграфная кантора – “Жлобінская”. У гэтым жа даведніку знаходзім, што “мястэчка Жлобін належыць дваранцы Вользе Пятроўне Сазановіч, частка – абшчыне сялян і мяшчан”. Гэтыя звесткі знаходзяцца ў публікацыі газеты “Новы дзень” за 11. 01. 1992 г., аўтар публікацыі – Л. Даніленка.

Па іншых дадзеных у 1909 годзе ў правінцыйным Жлобіне было 486 гаспадарак, 4 270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі, паштовае аддзяленне. Тады горад адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Аднак газеты ў 1909 годзе паведамілі, што пажар ізноў дашчэнту знішчыў мястэчка Жлобін. Давялося яго адбудоўваць нанова. У Жлобіне ў 1911 годзе адкрылі прыватную гімназію з бібліятэкай. З 1913 года дзейнічала друкарня Мендэля Эпштэйна і кнігарня Лейбы Хемейца.

У 1909-1910 гадах вялі планаванне чыгуначнай трасы Жлобін-Стара-Канстанцінаў-Жмерынка. Гэты праект скарачаў шлях з Санкт-Пецярбурга да Кіева і Адэсы. Газетчыкі абмяркоўвалі яго як частку будучай “Славянскай чыгункі”, што стане простым шляхам да паўднёвых славян. 2 лістапада 1915 году адкрылася лінія Жлобін-Шапятоўка (праз Калінкавічы) чыгункі Санкт-Пецярбург-Адэса.

Жлобін у 1908-1913 гадах
Помнік паравозу Су 250-43. Жлобін.

Прапускная здольнасць станцыі Жлобін за 1909 год склала 15 няцотных і 14 цотных цягнікоў адпаведна з 705 і 655 вагонамі ў суткі. За год сродкамі станцыі было нагружана 966 000 пудоў , перагружана – 4 836 пудоў, выгружана 2 487 пудоў. Для Санкт-Пецярбурга і Рыгі на Рыга-Арлоўскую чыгунку перадалі вялікую колькасць каменнага вугалю, газы, збожжа. З 1911 года з Кіева на Санкт-Пецярбург штотыднёва пачалі хадзіць вагоны-лядоўні. А вось ад Жлобіна на Мінск расла перавозка лесаматэрыялаў. У 1895-1913 гадах на чыгуначнай станцыі працавала дэпо з майстэрнямі (на іх працавала 115 чалавек).

Ранейшае практычна манапольнае транспартнае значэнне Дняпра зменшылася ў пачатку стагоддзя, але рака ўсё ж заставалася эканамічнай воссю Магілёўскай губерні. У 1907 годзе, напрыклад, за навігацыю, што працягвалася з 30 сакавіка па 26 кастрычніка, па Дняпры ў межах губерні перавезлі 56 406 чалавек і 229 457 пудоў грузу. Рэйсы здзяйснялі 11 грузапасажырскіх параходаў. Парты ігралі важную ролю у пасажырскіх і таварных перавозках.

Параходны рух цяпер стаў рэгулярным. Яшчэ больш інтэнсіўна зносіны ажыццяўляліся з партамі, што знаходзіліся ніжэй па Дняпры, у тым ліку з Кіевам. Менавіта рэйсы Магілёў-Кіеў злучылі з імі Жлобін і Стрэшын на рэгулярнай аснове.

Расійскае кіраўніцтва распрацоўвала планы далейшага пашырэння перавозак і шлюзавання Дняпра ў раёне Жлобіна і Стрэшына. Царскі ўрад з мэтай паляпшэння і развіцця водных камунікацый у паўночна-заходніх губернях імперыі вызначаў прыярытэтныя напрамкі. У іх ліку было фарміраванне Чарнаморска-Балтыйскай і Сярэдне-Расійскай магістраляў. Меркавалася шлюзаванне Дняпра ад Оршы да вусця Бярэзіны. Ніжэй злівання Беразіны з Дняпром рака лічылася дастаткова шырокай і зручнай для суднаходства.

Наяўнасць партоў і прыстаней мела важнае значэнне для суднаходства. Прыстані ўмоўна дзяліліся на ўніверсальныя і спецыялізаваныя. Першыя пераважна размяшчаліся ва Усходняй Беларусі. На іх выпадала большая частка транзітнага сплаву і суднаходства. Да спецыялізаваных можна аднесці ўсе астатнія. У пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі налічвалася 164 прыстані, якія выкарыстоўваліся пры транзітным і знешнім гандлі. Жлобінская прыстань знаходзілася вышэй чыгуначнага моста на правым беразе ракі, каля былога замчышча.

Жлобін у 1908-1913 гадах
Мост праз Дняпро ў Жлобіне (пачатак XX ст.)

З 1908 года па 1913 год вытворчая прамысловасць рэгіёна бурна расла. Утвараліся новыя фабрыкі і заводы. Расла прамысловая вытворчасць і ў Жлобіне. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі дзве вінакурні.

Яшчэ ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гадоў пачала рэалізоўвацца Сталыпіская аграрная рэформа. Пачалася хутарызацыя сялянства і разбурэнне сялянскай абшчыны. Утвараліся даволі заможныя так званыя “кулацкія гаспадаркі”.

Усё большыя памеры набывала сялянскае прадпрымальніцтва. У 1913 годзе жлобінскі селянін Цімафей Іванавіч Міхайлоўскі атрымаў дазвол на будаўніцтва млына з рухавіком у 10 конскіх сіл на ягонай сядзібе. Тады ж Аўрам Уладзіміравіч Курганскі атрымаў дазвол на будаўніцтва млына з рухавіком 35 конскіх сіл у вёсцы Пірэвічы. Яго абслугоўвалі двое рабочых.

Паралельна, царскія ўлады спрыялі каланізацыі азіяцкіх рэгіёнаў імперыі. З 1895 год па 1914 год з пяці беларускіх губерняў выехала больш за 500 000 чалавек. Гэта склала больш паловы перасяленцаў з нечарназёмнай паласы Расійскай імперыі. Мноства падняпроўскіх сялян паехалі асвойваць сібірскія абшары. Так з сяла Лукі (183 двары) у 1901 годзе дазвол на перасяленне ў Сібір атрымалі 12 гаспадароў. У наступным 1902 годзе ўжо 22 селяніна з гэтай вёскі адправілі хадайніцтвы ў Енісейскую губерню сем’ямі –збіраліся з’язджаць у Сібір са сваімі сем’ямі.

Былі іншыя накірункі перасялення жлобінскіх сялян. Цэлымі сем’ямі яны перасяліліся ў Чарнаморскую губерню, пад Херсон і Адесу. Частка сялян эмігравала за акіян, пераважна ў Злучаныя Штаты Амерыкі, Канаду, Аргентыну.

Па сваім добраўпарадкаванні і тэхнічным стане Жлобін, Стрэшын, Карпілаўка ці Шчадрын і блізка не дасягалі ўзроўню губернскіх Магілёва і Мінска, што ў сваю чаргу імкнуліся не адставаць ад іншых губернскіх гарадоў Беларусі і Расіі. У пачатку ХХ стагоддзя цэнтры губерній мелі водаправод, тэлеграф, тэлефон, электрычнае асвятленне, чыгунку. Не толькі возчыкі, але таксі і конка развозілі пасажыраў па гарадах. Утвараліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, расла колькасць крам. За губернскімі гарадамі цягнуліся правінцыйныя гарады і мястэчкі.

У пачатку ХХ стагоддзя ў Жлобіне не было належнай пажарнай аховы, дамы і вуліцы былі суцэльна драўлянымі, дамы мелі саламяныя стрэхі. У 1909 годзе чарговы пажар знішчыў амаль усё мястэчка. Цяжкім і драматычным для жыхароў Жлобіншчыны стаў і наступны, 1910 год. Летам была жудасная спякота. Збажына не расла, ўсё сохла на корані. Мясцовыя жыхары рыхтаваліся да голаду. 9 чэрвеня 1910 года здарыўся новы моцны пажар, а ўжо праз некалькі дзён (у ноч з 14 на 15 чэрвеня) – моцная бура. Вялікая шкода была нанесена асабліва сялянскай забудове. Як вынік усяго, з’явілася пагроза халеры.

Жлобін у 1908-1913 гадах

Губернскія ўлады ўзяліся за навядзення “чысціні і парадку”. За парушэнне “правіл чысціні” быў уведзены штраф – 300 рублёў або 3 месяцы арышту.

У арганізацыі перавозкі пасажыраў і грузаў станоўчым чынам адбілася ўвядзенне нумарацыі звозчыкаў.

Папулярнымі ў жыхароў мястэчка і наваколля былі таргі (базары), што праходзілі два разы на тыдні (па серадах і нядзелях з 12 да 17 гадзін). Па такім жа графіку працавалі і крамы. А вось піўныя працавалі кругласутачна.

Кожную ноч стражнікі абыходзілі мястэчка і глядзелі за парадкам, бо, паводле сведчанняў старажылаў, “злодзеяў у Жлобіне тады было процьма”.

У 1909 годзе ў Жлобіне з’явілася банкаўская кантора купца В. Дворкіна. Па стане на 1913 год габрэям належалі: склад аптэчных тавараў, банкаўская кантора, булачная, 4 лаўкі.

Пачалі дзейнічаць сучасныя формы крэдытавання насельніцтва. З 1906 года пачало існаванне Жлобінскае пазыкова-ашчаднае таварыства. У 1913 годзе ў ім было 674 членаў, а пазык выдалі на 145 000 рублёў. З 1910 года жыхароў крэдытавала Жлобінскае гандлёва-прамысловае таварыства ўзаемнага крэдыту. У 1914 годзе ў ім было 307 членаў, асноўны капітал складаў 18 000 рублёў, а гадавы абарот – 10 000 000 руб. У 1913 годзе ўзнікла Жлобінскае крэдытнае таварыства: 658 членаў, выдадзена пазык на 42 879 рублёў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчаднае таварыства і ў Стрэшыне (там было 290 членаў). Пазык выдалі на 49 579 рублёў за год. А ў 1912 годзе Стара-Руднянскае таварыства спажыўцоў пачало выдаваць пазыкі.

Медычнае абслугоўванне па-ранейшаму адставала ад росту насельніцтва. Пра яго стан гаворыць наступны факт: у мястэчку быў толькі 1 дыпламаваны доктар.

На пачатку ХХ стагоддзя пэўныя крокі наперад пачала рабіць дзяржаўная ветэрынарная дапамога. У папярэднія часы скаціну лекавалі выключна народнымі сродкамі. Цяпер найперш у валасных цэнтрах адкрываліся фельчарскія пункты. Так, у 1909 годзе ў Старой Рудні запрацаваў ветэрынарны фельчарскі пункт. Яму вельмі бракавала фінансавання. Са 115 неабходных для дзейнасці рублёў з казны вылучылі толькі 30. Астатнія грошы мусілі знайсці вясковыя грамады.

У пачатку ХХ стагоддзя часцей будуюцца і абнаўляюцца хрысціянскія храмы і іўдзейскія сінагогі. Некаторыя з іх і сёння з’яўляюцца адметнасцю рэгіёна. Так, пабудаваная ў 1902 годзе з чырвонай цэглы Пірэвіцкая царква Усіх Святых з’яўляецца помнікам архітэктуры так званага неарускага стылю. Яна застаецца адным з самых вялікіх праваслаўных храмаў на Беларусі і мясцовай славутасцю.

Пірэвічы

Пірэвіцкая царква Усіх Святых

Пірэвіцкую царкву Усіх Святых пабудавалі ў 1902 годзе ў вёсцы Пірэвічы, што знаходзіцца на левым беразе Дняпра за 27 км на паўднёвы ўсход ад Жлобіна, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Салтанаўка. У пачатку XX стагоддзя колькасць мясцовага насельніцтва да таго часу перавышала ўжо 1 100 чалавек, таму і ўзнікла неабходнасць будаўніцтва царквы ў Пірэвічах.

Асноўныя выдаткі па будаўніцтве храма ўзяла на сябе Аляксандра Аляксееўна Раговіч, мясцовая памешчыца, удава тайнага саветніка. Яна ж выдзеліла і неабходны ўчастак зямлі. У тыя гады даверанай асобай Раговіч быў Леанід Аляксеевіч Спыткоў. На яго выпала асноўная нагрузка па арганізацыі будаўніцтва. Ужо пазней, з 1911 года ён стаў уладальнікам Пірэвічаў разам са сваёй жонкай М.П. Спытковай (дваранкай), а пазней быў пахаваны на тэрыторыі храма.

Храм асвяцілі 6 чэрвеня 1903 года. Царква крыжападобная, з трохапсіднай алтарнай часткай і выцягнутым па перачнай восі вузкім бабінцам. У агульнай кампазіцыі дамінуе асноўны кубічны аб'ём, што пакрыты спусцістым вальмавым дахам. Ёсць тры ўваходы ў царкву з розных бакоў. Галоўны ўваход выкананы вялікім ганкам з арачнымі праёмамі, бакавыя ганкі з падстрэшкамі размяшчаны пад кутом да восі будынка. Сцены прарэзаны паўаркамі з разнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаны какошнікі, аркатура, закамары. У інтэр'еры асноўнае памяшканне перакрытае сферычным купалам з ліхтаром, іншыя – цыліндрычнымі скляпеннямі. Ніжнія часткі сцен абліцаваныя керамічнай пліткай.

І сёння, праз сто гадоў, Пірэвіцкая царква Усіх Святых з чырвонай цэглы застаецца адным з самых вялікіх і прыгожых праваслаўных храмаў на Беларусі. Яна адносіцца да помнікаў архітэктуры так званага неарускага стылю.

Падзеяй у духоўным жыцці стала вяртанне па Дняпры і Дзвіне на радзіму мошчаў Еўфрасінні Полацкай – нябеснай заступніцы нашага народа. Да таго часу яны знаходзіліся ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Такое доўгачаканае рашэнне кіраўніцтва, імаверна, было звязанае з палітыкай расійскіх ўлад, што праводзілася пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Яна была скіраваная на “умацаванне праваслаўнага пачатку Паўночна-Заходняга краю” і яго далейшай інтэграцыі ў Расію (праваслаўная вера тут супрацьпастаўлялася “каталіцызму палякаў”). З Кіеўскіх пячор рáка са святымі мошчамі Прападобнай князёўны Еўфрасінні Полацкай перавозілася на параходзе “Галавачоў” па Дняпры да Оршы, затым вернікі неслі святыню на руках да Віцебска, а потым далей у Полацк.

Параход “Галавачоў” на беразе Дняпра

Як пісала тады расійская прэса, “чым далей параход аддаляўся ад Кіева, тым больш было людзей, якія літаральна засейвалі дняпроўскія берагі. Так было і на Жлобіншчыне. Першымі 27 красавіка 1910 года святыя мошчы прыбылі ў Стрэшын, дзе на прыстані Дняпра з вечара сабраліся жыхары вёскі, каб сустрэць Прападобную Еўфрасінню. Раніцай параход ненадоўга прычаліў да прыстані. Шматлікія вернікі са святарамі пад звон царкоўных званоў спявалі трапары Светламу Хрыстову Уваскрэсенню і прападобнай Еўфрасінні Полацкай. А затым, як пісалі сучаснікі, са слязамі на вачах, доўга глядзелі, як сыходзіць уверх па Дняпры параход.

У гэты жа дзень 27 красавіка 1910 года, праз некалькі гадзін, ужо жлобінцы на беразе Дняпра сустракалі параход “Галавачоў” з мошчамі Прападобнай Ефрасінні Полацкай. Тое ж было і ў прыбярэжных вёсках: Казіміраўка, Страдубкі, Чапліна, Холмеча і іншых. А каля Дзярэжыч “Галавачоў” сустрэўся з параходам “Гетман”, пасажыры якога, разам з людзьмі, што былі на беразе, укленчылі парад святой і сталі маліцца.

Затым мошчы святой адвезлі ў Рагачоў, Быхаў. Тры дні яны былі ў Магілёве, дзе на ўрачыстасцях пабывала больш за 75 000 вернікаў.

Як бачым, духоўнае вяртанне Ефрасінні Полацкай у Полацк праз Магілёўскую губерню стала значнай падзеяй. Адзначым, што дзякуючы чыгунцы і Дняпру шляхі многіх выбітных асоб прайшлі праз Жлобін, або былі звязаны з гэтым мястэчкам. Адна з такіх гістарычных постацяў – Зміцер Жылуновіч.

З 1909 годзе у Жлобіне пражываў Зміцер Хведаравіч Жылуновіч (Цішка Гартны). Ён быў карэспандэнтам першай беларускай ілюстраванай газеты “Наша ніва”. Са Жлобіна ён шмат пісаў у гэтую газету. Яго карэспандэнцкія нататкі захавалі шмат звестак пра тое, што адбывалася ў мястэчку ў 1910 годзе. Першая нататка была змешчана ў нумары 23-24 за 10 чэрвеня. У ёй паведамляецца, што ў Жлобіне стаіць страшэнная спякота –+30 (пра гэта сведчыць тэрмометр, што вісіць на чыгуначным вакзале). Жыта не расце, сохне. Людзі баяцца голаду. У Жлобін насоўваецца страшэнная хвароба – халера. З гэтага моманту амаль у кожным нумары газеты змяшчаліся нататкі карэспандэнта Цішкі Гартнага. За гэты кароткі час ён даў шырокую панараму жыцця мястэчка ў 1910 годзе, але ўжо ў верасні пераехаў у Магілеў. Пасля яго так падрабязна і цікава ніхто больш не пісаў пра наш край.

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч (Цішка Гартны). 

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 23 кастрычніка 1887 года, у Капылі. Тады знаходзіўся ў Слуцкім павеце Мінскай губерні, цяпер – раённы горад Мінскай вобласці . Памёр 11 красавіка 1937 года у магілёўскай псіхлячэбніцы.

Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гг., з 1906 быў членам РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы. У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание». З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 года – удзельнік РКП(б). Жылуновіч – аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. З 1 студзеня 1919 года па 3 лютага 1919 года быў старшынёй ейнага Часовага ўрада. У 1928 годзе стаў акадэмікам АН БССР. З 1921 стаў жыць ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, быў членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», што выпусціла за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва абвінавацілі ў «нацыянал-шавінізме» і перайменавалі ў выдавецтва «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла першы нумар часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч. У гэтым жа годзе разам з часткай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» не зацвердзілі. У 1925 зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, дзе выступаў перад беларусамі Варшавы.

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя». Член ЦВК БССР у 1920-1931 гг. Быў удзельнікам Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. У 1934-1936 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН. Выключаны з ВКП(б) 16 студзеня 1931 года з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Яго арыштавалі 15 лістапада 1936 года, а 7 красавіка 1937 года перавялі ў магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе ён і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх, па іншых звестках – скончыў жыццё самагубствам).

Пачаўся павольны рост рэальнай зарплаты. У 1913 годзе яна павялічылася на 1/10-ю (з улікам ростам цэн) ў параўнанні з 1900 годам. Сярэднегадавыя заробкі па губерні выраслі ад 139 да 198 руб. Станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы прыпыніў пачатак Першай Сусветнай вайны.

У 1910 годзе пачалі аднаўляцца палітычныя рэвалюцыйныя арганізацыі. У Жлобіне ізноў утварыліся сацыял-дэмакратычныя гурткі. Сюды паступалі газеты апазіцыйнай да царызму накіраванасці. Са жлобінскай пошты ў 1912 годзе ссыльным у Сібір нават была адпраўлена пасылка, дзе было каля 300 экземпляраў газет “Рабочая газета” і “Сацыял-дэмакрат”. У 1913 годзе Палескі камітэт накіраваў у Жлобін для аказання дапамогі чыгуначнікам свайго прадстаўніка.

У 1913 годзе ў Магілёўскай губерні адбылося пампезнае і вялікае па маштабе святкаванне 300-годдзя дынастыі Раманавых. Урачыстыя шэсці, дэманстрацыя сілы падчас ваеннага парада, малебны і натоўпы верных манархістаў на Губернатарскай плошчы Магілёва, здавалася, адназначна сведчылі аб непахіснасці і шчаслівым лёсе манархіі і ў наступныя тры стагоддзі. Святочныя імпрэзы ладзілі і ў паветах губерні. Мала хто мог уявіць, што адна з самых магутных у свеце манархій праіснуе менш, чым чатыры гады.

2 Каментары

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.