Уключэнне беларускага Падняпроўя ў Паўночна-Заходні край

Паўночна-Заходні край

Становішча насельніцтва жлобінскага Падняпроўя залежала ад той агульнадзяржаўнай або рэгіянальнай палітыцы, што праводзіла расійская ўлада. З дзяржаўных актаў таго часу вынікае, што на тэрыторыі населенай беларусамі расійская ўлада ўвесь час праводзіла вялікадзяржаўную нацыянальную палітыку. Царскія ўлады ўвогуле не лічылі беларусаў асобным народам. На думку расійскіх чыноўнікаў беларусы былі часткай “трыадзінага рускага народу”, куды ўваходзілі таксама вялікаросы (рускія) і маларосы (украінцы). Палітыка русіфікацыі была стратэгічнай мэтай, але мела характар доўгатэрміновых палітычных кампаній – праводзілася нібыта “хвалямі”, паміж якімі былі пэўныя “адлігі” ці пэўнае зацішша.

28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай Кацярына II падпісала наказ, згодна з якім усе губернатары на чале губерняў, утвораных на анексаваных землях, абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расійскай мове замест ранейшай польскай (мова афіцыйных дакументаў Рэчы Паспалітай з 1696 году). Жыхарам дазвалялі карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сферы ўлады. Рускамоўныя дакументы магілёўскіх і рагачоўскіх органаў і ўстаноў відавочна пра гэта сведчаць.

Праўда, затым быў зроблены крок назад з-за таго, што насельніцтва Беларусі, у тым ліку і Магілёўшчыны, шырока карысталася польскай мовай у ліставанні і афіцыйных стасунках, а велікарускіх чыноўнікаў папросту не хапала. Указ Сената ад 9 студзеня 1798 года “Аб парадку судаводства ў беларускіх губернях” прадугледжваў вядзенне справаводства ў земскіх павятовых, падкаморскіх судах і гарадскіх магістратах на польскай мове, а ў галоўным судзе – на польскай і рускай мовах. Павел I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць ужывання польскай мовы, таму яе ўплыў на беларускіх землях дастаткова хутка аднавіўся. Да канца першай чвэрці XIX стагоддзя перавышаў расійскі.

У ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай, калі ўсталёўвалі расійскія парадкі ў “нованабытых” губернях імперыі, у расійскім афіцыйным справаводстве выкарыстоўваліся таксама тэрміны “новадалучаныя ад Польшчы вобласці”, “набытыя ад Польшчы вобласці”, “зноў далучаныя да Расіі ад Польшчы губерні” і г.д. З пачаткам царавання Паўла I і па сярэдзіну 1830 гадоў выкарыстоўваўся назвы “польскія губерні”, “літоўскія губерні”, “беларускія губерні”, а зрэдку “Літоўскі край” і “Беларускі край”.

Мінская губерня найчасцей адносілася да Літоўскага краю, а Магілёўская – да Беларускага. Вось так, Дабравольшча, Дворышча, Замен-Рыння, Казімірава, Красны Бераг, Ала, Плесавічы, Радуша, Селішча, Салоцін, Шчадрын, Атрубы, Васілевічы, Дабрагошча, Ляды, Курган, Таўстыкі апынуліся ў Літоўскім краі, а жыхары ўсіх астатніх населеных пунктаў сучаснага Жлобінскага раёна – у Беларускім краі.

У 1830-1831 гадах на землях былой Рэчы Паспалітай адбылося “Лістападаўскае паўстанне” супраць расійскага самадзяржаўя пад лозунгам “За нашу і вашу свабоду”, што азначала барацьбу паўстанцаў не толькі за свабоду беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў, але і за вызваленне расіян ад самадзяржаўя.

“За нашу і вашу свабоду”

За нашу і вашу свабоду – дэвіз грамадзянскіх актывістаў, якія лічаць, што не можа быць свабодным народ, які заваёўвае ці прыгнятае іншы народ.

Упершыню дэвіз з’явіўся у канцы XVIII стагоддзя. Яго выкарыстоўваў Тадэвуш Касцюшка (у форме па-польску: Za naszą wolność i waszą) падчас паўстання 1794 года. З'яўляецца неафіцыйным дэвізам Польшчы і часта асацыюецца з часамі, калі салдаты родам з падзеленай Рэчы Паспалітай змагаліся ў рухах за незалежнасць па ўсім свеце.

25 студзеня 1831 года на патрыятычнай дэманстрацыі ў Варшаве ў падтрымку паўстання дзекабрыстаў дэвіз быў выкарыстаны на маніфестацыйных штандарах у выглядзе “У імя Бога за нашу і вашу свабоду”. Мяркуюць, што аўтарства дэвіза належыць Яўхіму Лялевелю. Менавіта гэты варыянт у скарочаным выглядзе і стаў паулярным.

Дэвіз ёсць ў розных варыянтах, паслядоўнасць словаў у выразе можа змяняцца. У прыватнасці, можа выкарыстоўвацца выраз: “За вашу і нашу свабоду”.

Паўстанне амаль не закранула ўсход Беларусі, баявых дзеянняў тут не было, але яго наступствы адбіліся на жыцці жыхароў Падняпроўя. Пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання расійская ўлада ўзмацніла на Беларусі вялікадзяржаўную нацыянальную палітыку. У 1831 годзе ў Магілёўскай губерні адмянілі дзеянне Статута ВКЛ 1588 года. Увогуле, з 1830 года спецыфіка кіравання і рэжым законаў у паўночна-заходніх губернях паступова набывалі выразна русіфікатарскі і дыскрымінацыйны характар у адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі). У школах Падняпроўя былі прадпрыняты меры супраць панавання “польскага элемента”. Ліквідавалі традыцыйныя пасады падкамор’яў, каморнікаў, вазных і харунжых. Ад былой выбарнасці службовых пасад амаль не засталося і следу.

Ваенныя, паліцэйскія і судовыя органы не былі так моцна звязаныя з мясцовымі асаблівасцямі і традыцыямі. Таму на гэтыя органы кіравання распаўсюдзілі агульнарасійскае заканадаўства, утварылі агульныя з велікарускімі губернямі паліцэйскія і судовыя органы. Змены адбыліся ў арганізацыйным ладзе шэрагу ўстаноў губерні.

У 1833 годзе ў Мінскай губерні было 376 000 уніятаў, а ў Магілёўскай – 228 000. Аднак у 1839 годзе ўніяцтва, што было найбліжэйшай да вясковых беларусаў хрысціянскай канфесіяй, ліквідавалі. Гэта нанесла ўдар найперш па вясковых верніках. Царскія чыноўнікі ў “Заходнім краі“ надавалі палітычнае значэнне рэлігійнаму яднанню афіцыйных улад і сялян. Казённыя палаты і палаты дзяржаўных маёмасцей атрымалі сакрэтнае прадпісанне садзейнічаць пераводу сялян у праваслаўе. У казённых маёнтках заходніх губерняў разгарнулася будаўніцтва праваслаўных цэркваў. У выніку ўжо да 1848 году для дзяржаўных сялян праваслаўе стала рэлігіяй большасці (57,1%), асабліва на ўсходзе, дзе яшчэ да канца XVIII стагоддзя захавалася адзіная праваслаўная епархія ў Рэчы Паспалітай. Сялян-католікаў было 41,6%.

Паўночна-Заходні край
Мікалай I

Палітыка Мікалая I была нацэленая на вяртанне больш узмоцненай русіфікацыі земляў і ўніфікацыі. Яго ўказамі яшчэ ў 1831 і 1832 гадах усім дзяржаўным установам і пасадам на далучаных да Расіі тэрыторыях надаваліся расійскія назвы. У чэрвені 1840 году Мікалай I выдаў указ, згодна з якім усе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, без вылучэння спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і наймення яны не былі, трэба было пісаць толькі на расійскай мове. Адначасна канчаткова скасоўвалася дзеянне Літоўскага Статуту 1588 года, што мела вялікае сімвалічнае значэнне.

У гэтым жа 1840 годдзе Імператар Мікалай І выдаў загад аб забароне называць у афіцыйным справаводстве Віцебскую і Магілёўскую губерні “беларускімі”, а Віленскую, Гродзенскую і Мінскую – “літоўскімі”. У афіцыйнай дакументацыі колішняе Вялікае Княства Літоўскае атрымала назву “Паўночна-Заходні край”, а таксама называлася часткай паўночна-заходніх губерній. Паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці “заходніх губерняў” былой Рэчы Паспалітай (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў) ужываўся тэрмін “Заходні край” і “заходнія губерні”. Фактычна тэрмін “Заходні край” быў найбольш распаўсюджаны.

Паўночна-Заходні край

Паўно́чна-Захо́дні край 

Паўно́чна-Захо́дні край, або паўно́чна-захо́днія губе́рні, (рус. Северо-Западный край, або северо-западные губернии; польск.: Kraj Północno-Zachodni) – размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні). Плошча Паўночна-Заходняга краю ў пачатку XX стагоддзя складала 260 490 квадратных рускіх вёрст (ці 266 978 квадратных кіламетраў). Цэнтрам Паўночна-Заходняга краю лічылася Вільня.

Тэрмін “Паўночна-Заходні край” (“паўночна-заходнія губерні”) першапачаткова ўжываўся ва ўрадавай тэрміналогіі ў адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) як жаданне паказаць не толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфесійна “рускі” характар гэтых зямель (Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губерняў). Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863-1864 гадоў тэрмін “Паўночна-Заходні край” выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не распаўсюджваўся на Віцебскую і Магілёўскую губерні.

Да пачатку 1860 гадоў часцей за ўсё ў расійскай урадавай тэрміналогіі “паўночна-заходнія губерні” не вылучаліся асобна, а разам з “беларускімі” (Віцебскай і Магілёўскай губернямі) і “паўднёва-заходнімі губернямі” (“Паўднёва-Заходнім краем” – Кіеўскім ваенным генерал-губернатарствам) прадстаўляліся сукупна і фігуравалі пад агульнай назвай “заходнія губерні” ці “Заходні край”.

Жлобінскае Падняпроўе разам са ўсёй краінай, вядома, не мяняла свайго геаграфічнага становішча, этнічнага складу або палітычнай прыналежнасці, але стала найменавацца новымі назвамі “Паўночна-Заходні край” ці “Заходні край”. Яны падкрэслівалі прыналежнасць тэрыторыі да Расійскай імперыі, бо знаходзілася ў яе паўночна-заходняй або з іншымі губернямі Рэчы Паспалітай у заходняй яе частцы. Але радасць рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў аказалася заўчаснай. Выкарыстанне назвы “Беларусь” не толькі не знікла, але і пашырылася ў другой палове ХІХ стагоддзя.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.