Рэха “Вялікіх рэформаў” 1860 гадоў

Рэформы 1860 гадоў

Шасцідзясятыя гады ХІХ стагоддзя сталі часам вельмі важных сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформ у Расійскай імперыі. Яны атрымалі неафіцыйную назву “Вялікія рэформы”. І такая велічная адзнака рэформаў была невыпадковай. Яны прадвызначылі дастаткова паспяховае пяцідзесяцігадовае развіццё Расіі, а разам з ёй Магілёўшчыны і Жлобіншчыны.

Самай галоўнай рэформай стала сялянская рэформа, што адмяніла прыгоннае права. У адпаведнасцi з імператарскім Манiфестам ад 19 лютага 1861 года сяляне станавiлiся вольнымi людзьмi. Былым прыгонным сялянам прадаставілі поўныя грамадзянскія правы, у тым ліку права жаніцца без дазволу гаспадара, валодаць уласнасцю і быць уладальнікамі бізнесу. А вось зямля маёнткаў абвяшчалася ўласнасцю памешчыкаў. Аднак ейную частку закон абавязваў перадаць былым прыгонным сялянам за выкуп – фактычна прадаць былым прыгонным. Прадугледжвалася, што выкупiць свае надзелы сяляне змогуць не раней чым праз 9 гадоў так званага “часоваабавязанага становішча”.

Рэформы 1860 гадоў

У Віцебскай і Магілёўскай губерні сялянская рэформа праводзілася па велікарускім ўзоры. Тым не менш, у Беларусі і Літве правядзенне сялянскай рэформы моцна адрознівалася ад велікарускіх губерняў. Царызм быў напалоханы паўстаннем 1863 года і пайшоў на значныя саступкі беларускім сялянам. Указамі Аляксандра ІІ ад 1 сакавіка і 2 лістапада 1863 года ў беларуска-літоўскіх губернях прыпыняліся часоваабавязаныя адносіны, сяляне пераводзіліся ў стан уласнікаў, на 20% зніжаліся выкупныя плацяжы і на столькі ж ў выніку павялічваліся іхнія надзелы зямлі.

Землі на Жлобіншчыне не былі ўрадлівымі. Для нармальнага вядзення гаспадаркі, як заяўлялі прадстаўнікі сялянства ў Бабруйскім павятовым камітэце, сялянскі двор меўся быць не менш за 15 дзесяцін зямлі. На бедных землях неабходна было мець 20 дзесяцін. Пасля зямельных пераўтварэнняў у 1870 гадах у Мінскай губерні сярэдні надзел склаў каля 17 дзесяцін, а ў Магілёўскай – 12. Магілёўшчына была самай малазямельнай беларускай губерняй.

Пасля завяршэння аграрных пераўтварэнняў напачатку 1880 гадоў сітуацыя ў валасцях, тэрыторыя якіх сёння ўваходзіць пераважна ў Жлобінскі раён, была такой.

У Лукаўскай воласці 2 974 сялян-мужчын валодалі 16 818 зручнымі і нязручнымі надзельнымі (былымі памешчыцкімі) дзесяцінамі зямель (910 прысядзібных, 8 742 ралля, 2 888 сенажацяў, 2 590 хмызнякоў і пашы), за якія яны павінны былі плаціць штогод 14 750 рублёў выкупных плацяжоў. Воласць адносілася да малалесых, таму лясоў сяляне не атрымалі.

Для 1 784 сялян-мужчын Стара-Руднянскай воласці выдзелілі 11 161 дзесяціну былых памешчыцкіх зямель (394 прысядзібных, 4 116 ралля, 2 170 сенажацяў, 441 хмызнякоў і пашы, 3 304 лесу), з умовай выплаты 10 320 рублёў.

У Стрэшынскай воласці 2 312 былых памешчыцкіх сялян мужскога полу атрымалі 21 676 зручных і нязручных надзельных дзесяцін (503 прысядзібных, 6 659 ралля, 2 021 сенажацяў, 1 831 хмызнякоў і пашы, 6 326 лесу), з выплатай 14 366 рублёў.

Стрэшын

Аграрная рэформа 1861 года стала першай з цэлага шэрага рэформаў, што праводзiлi ў 60–70 гады ХІХ стагоддзя. Пасля сялянскай правялі фінансавую, земскую, судовую, гарадскую, паліцэйскую, школьную, ваенную i iнш. рэформы. Яны спрыялі пэўнай лібералізацыі грамадскага жыцця ў Расіі, паступоваму ўключэнню ў яго былых прыгонных рабоў.

Аднак у Беларусі i Лiтве гэтыя рэформы або не праводзіліся наогул, або ўводзiлiся ў абмежаваным выглядзе. Царскі ўрад падазрона ставіўся да прапаноў правесці ліберальныя, на яго погляд, рэформы ў непакорным рэгіёне. У Паўночна-заходнім краі (так афіцыйна называліся беларускія і літоўскія губерні ў дакументах расійскай адміністрацыі ХІХ – пач. ХХ стст.) большасць рэформ праводзілася са значнымі абмежаваннямі і спазненнем у параўнанні з велікарускімі губернямі.

У велікарускіх губернях у 1864 годзе стварылі земствы – органы сістэмы мясцовага самакіравання ў сельскай мясцовасці. Земскую рэформу ў Беларусі ўвогуле не збіраліся ўводзіць. Царскі ўрад баяўся, што земскае самакіраванне павялічыць апазіцыйнасць землеўладальнікаў каталіцкага веравызнання, калі будзе даступнае шляхце, якая складала бальшыню землеўласнікаў на гэтых землях,.

Толькі праз 40 гадоў – 15 красавіка 1903 года ўвялі “Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай”. Спачатку яно распаўсюдзілася на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губерні, а 9 траўня 1904 года і на астатнія губерні. Пры гэтым выбарнасць земстваў напачатку ў краі не ўводзілася. Яны прызначаліся ўладамі. Тым не менш, інстытут земства пачаў дзейнічаць і на тэрыторыі Жлобіншчыны.

І толькі з 1911 года ў Мінскай і Магілёўскай губернях уводзілася выбарнае земства. Жлобінскае Падняпроўе нарэшце атрымала выбарчую сістэму мясцовага самакіравання, у аснову якой былі пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы. Падобная выбарчая палітыка царскіх улад забяспечвала памешчыкам і чыноўнікам перавагу ў земствах. Але і гэта быў значны крок наперад, бо нават слабое абмежаванае самакіраванне больш спрыяла развіццю рэгіёнаў, чым прызначаныя з метраполіі чыноўнікі.

Гарадская рэформа ўвогуле не тычылася Жлобіншчыны, паколькі тутэйшыя мястэчкі былі прыватнаўласніцкімі. Пазнейшыя просьбы жыхароў мястэчак, у прыватнасці Жлобіна і Карпілаўкі, надаць ім гарадскі статус танулі ў багне інертнасці царскай бюракратыі.

Судовая рэформа 1864 года была адной з самых прагрэсіўных. Яна абвясціла незалежнасць суддзяў, галоснасць, публічнасць і спаборнасць судовага працэсу, скасавала саслоўны суд, увяла суд прысяжных, адвакатуру, міравыя суды. Былі створаны дзве сістэмы судоў: 1) суды з абранымі суддзямі – міравыя суддзі (разглядалі дробныя крымінальныя і цывільныя справы) і з’езды міравых суддзяў; 2) суды з прызначанымі суддзямі – акруговыя суды і судовыя палаты. Пры іх знаходзіліся судовыя следчыя, судовыя прыставы, пракуратура. Вышэйшы нагляд за пракуратурай ажыццяўляў генерал-пракурор.

Жыхары Лукаўскай воласці вырашалі праблемы ў рагачоўскай камеры міравога суддзі, а насельніцтва гарадзецкай, стрэшынскай і стара-руднянскай валасцей вырашалі спрэчкі ў камеры, што знаходзілася фальварку Хмеленец каля Доўска.

Рэформы 1860 гадоў

Толькі праз 19 гадоў, у канцы 1883 года, у Магілёўскай губерні, што складала асобную судовую акругу, пачаў дзейнічаць акруговы суд на чале са старшынёй. Жыхары жлобінскага Падняпроўя, якія пражывалі ў Мінскай губерні, маглі вырашаць свае судовыя праблемы таксама ў акруговым судзе ў Мінску. Ён быў аднесены да Віленскай судовай палаты. Астаняе насельніцтва адносілася да акруговага суда Магілёўскай губерні, што падпарадкоўваўся Кіеўскай судовай палаце. Кожны павет з павятовым горадам, у тым ліку Рагачоў, складалі міравую акругу, што падзялялася на некалькі ўчасткаў. У кожным участку знаходзіліся адзін участковы і адзін ганаровы міравыя суддзі. Яны абіраліся на тры гады мясцовымі органамі гарадскога і земскага самакіравання. Участковыя і ганаровыя суддзі міравой акругі складалі павятовы з’езд міравых суддзяў (міравы з’езд), які граў ролю канчатковай апеляцыйнай інстанцыі для міравых суддзяў акругі.

Змянялася і паліцэйскай сістэма. У Рагачове знаходзіўся 1-й Рагачоўскі следчы ўчастак. Ён вёў справы па ўсіх населеных пунктах жлобінскага рэгіёна, што ўваходзілі ў склад Магілёўскай губерні. Кватэра станавога прыстава павета знаходзілася ў Жлобіне, відавочна з-за наяўнасці тут чыгуначнай станцыі. Станавыя ўраднікі Стрэшынскай, Лукаўскай, Ціхінічскай, Кісценёўскай валасцей знаходзіліся у Стрэшыне, Жлобіне, Ціхінічах, а Стара-Руднянскай воласці – у Кошалеве.

Паліцэйская рэформа 1862-1863 гадоў

Паліцэйская рэформа 1862-1863 гадоў ажыццявіла цэнтралізацыю гарадской і павятовай паліцыі. На падставе зацверджаных імператарам Аляксандрам II “Часовых правілаў аб уладкаванні паліцыі ў гарадах і паветах губерняў, па агульнай установе кіраваных” ад 25 снежня 1862 года замест “гараднічага праўлення” (гарадской паліцыі) і земскага суда ў кожным павеце засноўвалася ўзначаленае ўездным “іспраўнікам” адзінае ўезднае (павятовае) паліцэйскае ўпраўленне. Ягоная кампетэнцыя распасціралася на ўвесь уезд, у тым ліку на павятовы горад. Толькі ў Магілёве працягвала дзейнічаць асобнае гарадское паліцэйскае ўпраўленне на чале з паліцмайстрам. У 1897 годзе гарадское паліцэйскае ўпраўленне стварылі і ў Гомелі.

Непасрэдна паўплывала на жыццё жлобінскага простага люду забарона на прымяненне цялесных пакаранняў. Яшчэ з часоў Кацярыны Вялікай у два заходы адмянілі падобныя пакаранні для дваран. Для простых людзей яны былі абмежаваныя, але суды часцяком прыгаворвалі падсудных да пакарання без указання колькасці ўдараў кнутом, што фактычна азначала права памешчыкаў засякаць прыгонных да смерці. З 1800 года па наказу імператара Аляксандра вялася ў спецыяльным камітэце дыскусія аб мэтазгоднасці біцця кнутом і рвання ноздраў. Імператар адзначаў, што падобных бесчалавечных па сваёй жорсткасці пакаранняў ужо не было нідзе з еўрапейскіх краін. Пасля 60 гадоў абмеркаванняў толькі ў 1863 годзе цялесныя пакаранні адмянілі для жанчын, пакінуўшы пакаранне ў 100 пуг (замест бізуноў) у арміі і флоце, а таксама для мужчын асуджаных на катаргу і ссылку. Цалкам цялесныя пакаранні адменяць толькі ў 1904 годзе.

У 1870 гадах у Расійскай імперыі праводзілася вайсковая рэформа. У выніку яе ўвялі ўсеагульную воінскую павіннасць. Для жлобінскага сялянства і мяшчанства мала што змянілася, бо з іх і раней набіралі рэкруты. Але цяпер пад павіннасць патрапілі і прадстаўнікі дваранства. А вось тэрмін службы стаў істотна карацейшым, ён залежаў ад розных сямейных і адукацыйных абставін.

Буржуазныя рэформы 1860-1870 гадоў мелі важнае значэнне для развіцця краю. Але ў Беларусі яны праводзіліся з вялікімі абмежаваннямі, у параўнанні з губернямі Цэнтральнай Расіі. Гэта было накіравана найперш супраць каталікоў, мясцовых палякаў, яўрэяў і замежных падданых, але замінала жыццю і тутэйшага праваслаўнага люду.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.