Пакуль няма выдання, што абагульніла б этнаграфічную спадчыну Жлобінскага края. Звернемся да напрацовак гісторыка-краязнаўчага музея, этнаграфічных запісаў краязнаўцаў, работнікаў культуры і спадчыны майстроў, што ствараюць сапраўдныя нацыянальныя шэдэўры.
У пачатку 1990-х гг. ўстановы культуры стварылі картатэку ўліку таленавітых людзей, народных майстроў. Гэта адыграла вялікую ролю ў даследванні і захаванні нашай спадчыны. Так, напрыклад, у вёсцы Радуша на канец ХХ ст. было 18 таленавітых майстроў. Сярод іх: разбяры, вышывальшчыцы, шаўцы, лазапляцельшчыкі, карункапляцельшчыкі, 8 удзельнікаў самадзейнасці – музыкаў і спявачак, печнікі, кухаркі…
У 1980-я гг. мастацтва Жлобінскага краю абагацілася ўзорамі, што стварылі выхадцы з паўднёвых раёнаў нашай краіны.
Значную ролю ў захаванні народных традыцый адыграла сям’я Дзегцярэнкаў. Ім ўдалося адрадзіць адзін з відаў народнай творчасці – аплікацыю саломкай.
Пасля вайны Вера Дзегцярэнка, каб выжыць у складаных пасляваенных умовах, стала ўпрыгожваць саломкай шкатулкі, што вырабляў ейны муж. Для паклейкі тады выкарысталі вішнёвую смалу. Гэтыя вырабы знаходзілі пакупніка нават па-за межамі Беларусі, прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў прэстыжных міжнародных выстаў. А фабрыка мастацкай інкрустацыі стала візітоўкай Жлобінскага раёна і ўсёй Беларусі!
У Жлобінскім раёне ёсць вёскі, населеныя стараверамі. На нашай зямлі яны жывуць больш за два стагоддзі. Яны захавалі выключна рускі акцэнт (вёска Баршчоўка).
У вёсках Марусенькі, Дубравы, Сенажаткі, Антушы жывуць каталікі. А фальклор яўрэяў жлобіншчыны – вельмі яркая і адметная культурная з’ява. Яны складалі вялікую долю насельніцтва Жлобіна. У вёсках Казімірава, Стрэшын, Шчадрын, Лугавая Вірня, Пірэвічы, Салтанаўка, Красны Бераг яўрэі працавалі шаўцамі, шорнікамі, кавалямі, займаліся дробным гандлем, розніцкім промыслам, рамізніцтвам, агародніцтвам. Жанчыны-рамесніцы займаліся ткацтвам і вязаннем, вышыўкай.
Сапраўднае народнае мастацтва знайшло сваё адлюстваванне ў аздабленні хат: франтонаў, карнізаў, ліштвы, платоў, кветнікаў пад вокнамі ў палісадніках.
Многія хаты драўляныя, з двума ці трыма вокнамі, маюць адзін ці два франтоны. А вось над ліштвай, як гэта было распаўсюджана ў Красным Беразе, прыбівалася драніца, каб акно не заліваў дождж. У Майскім, Красным Беразе і Стрэшыне яна звычайна фарбавалася ў сіне-жоўты, зялёна-жоўты ці сіне-белы колеры. Карнізы, ліштвы выразаны скразной разьбой у спалучэнні з аплікацыяй, з расліннымі ці геаметрычнымі ўзорамі. Так, у вёсцы Навозы ўзоры традыцыйна рабіў майстар, які жыў у вёсцы Пякалічы і рабіў іх з 50-х гадоў.
У Шчадрыне і Красным Беразе старыя пабудовы зведалі падабенства яўрэйскай традыцыі. Іх узводзілі не перпендыкулярна вуліцы, як у беларусаў, а паралельна – з двума ўваходамі: адзін з вуліцы, другі – са двара. Такі тып пабудоваў быў абумоўлены родам заняткаў – гандлем (адзін уваход для пакупнікоў, другі – пад асабістыя патрэбы).
Хаты ў вёсцы Радуша маюць адметнасць – звонку яны ўпрыгожаны кветкамі, як, напрыклад, у гаспадыні Валянціны Загурскай.
Хаты па вёсках Жлобіншчыны абгароджаны платамі, у большасці драўлянымі, з пафарбаванымі драніцамі ў тры колеры па чарзе. А ў самым Жлобіне акцэнт рабіўся наверсе на аздабленні ў выглядзе кароны.
Але з канца 20-х гадоў святочна-узнёслыя матывы ў аздабленні хат і ліштвы пачалі паступова губляцца. Гэта было звязана з вынішчэннем сялянства і сялянскага ладу жыцця. Але, водгалас традыцыйнай культуры, нягледзячы ні на што яшчэ захоўваўся да канца ХХ ст. Такі заняпад выявіўся ў традыцыях будаўніцтва гаспадарчых пабудоў, найперш – гумнаў. У самой хаце – чырвоны кут, што раней аздабляўся абразом. У часы саветызацыі гэта было немагчыма рабіць вольна. Ужо не было і рушнікоў з кветкамі.
У каталікоў (вёскі Навозы, Чарцёж) абраз вісеў пры куце. Калі із было два – адзін быў на адной сцяне, другі – на іншай. І ніякага багатага аздаблення. У старавераў вёскі Баршчоўка абраз ці некалькі стаялі у куце на палічцы, прыкрытай сурвэткай. Тут мацаваліся свечкі, а кут занавешваўся гардзінай.
А вось вернікі вёскі Стрэшын ва ўмовах ваяўнічага атэізму ішлі на хітрыкі. Яны вешалі абраз на адным з кутоў на кухні, за фіранкай.
На падлозе вясковай хаты звычайна ляжалі ходнікі: шырокія прамысловага гатунку, самаробныя тканыя ў гарызантальныя паскі, сшытыя з кавалачкаў тканіны, або сплеценыя кручком – шыдэлкам з рознага рыззя. На ложках – вялізарныя падушкі, пакрытыя бялюсенькімі сурвэткамі, або спецыяльнымі накідкамі з гардзіннага палатна. Ложкі засланыя пакрываламі прамысловага гатунку, радзей – саматканымі посцілкамі. Сціплае аздабленне абразоў ў сучасных вёсках – толькі адгалосак багатых ранейшых традыцый.
Існавала багатая традыцыя выразанак з паперы, ці выцінанак. Вырабы з паперы ахоплівалі вялікае кола прадметаў, сярод іх: фіранкі, сурветкі, кветкі, стужкі, галаўныя ўборы, цацкі на елку, ходнікі. Але гэты занятак не перарос у рамяство. Мясцовыя жыхары лічылі яго як “адпачынак ад працы”, “для настрою ў хаце, для душы”. Так, у вёсцы Васілевічы прызнанымі майстрыхамі былі Кацярына Лябедзька, Валянціна Дзямбіцкая, Ксенія Рудзянок.
Выцінанка
Выцінанка — гэта традыцыйнае беларускае мастацтва выразання з паперы, якое вядома з XVI стагоддзя. З дапамогай нажніц або нажа, майстры ствараюць дэкаратыўныя кампазіцыі: ад геаметрычных узораў да складаных сюжэтаў, часта звязаных з абрадамі, календаром і побытам.
UNESCO ўключыла беларускую выцінанку ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Самыя старыя з тых ручнікоў, што захаваліся, вытканы на Жлобіншчыне ў 2 ніты, палатняным перапляценнем, толькі некалькі тканых ці вышываных каляровых пасак упрыгожваюць іх канцы. Ручнікі і абрусы, што ткалі ў маладосці стогадовая Фёкла Кавалёва з вёскі Майскае, вытканыя паводле матыву “ў лачку”.
Даўжыня ручнікоў – ад 180 да 300 см, шырыня – 45-48 см. Можна меркаваць, што да XIX стагоддзя ткалі старадаўняй тэхнікай “брань”, пра што сведчаць ручнікі з вёскі Касакоўка з арнаментам, што называецца “сонейка, што ўзыходзіць” і “сонейка, што заходзіць”.
Недахоп лёну у Жлобінскім краі імкнуліся кампенсаваць за кошт ткацтва сеткавых абрусаў. Аснову пракідвалі ў бервяно праз пэўныя інтэрвалы, і пры ткацтве атрымлівалася сеткавае палатно.
Былі распаўсюджаны посцілкі пераважна чатырох- ці шасцінітавыя. У іхняй – аснове льняныя ніці і вуток – воўна. У Васілевічах іх называюць “накладанне”, на чорным фоне – рознакаляровы ўзор. Такой тэхнікай сталі ткаць з канца XIX стагоддзя у панскіх маёнтках, а потым гэтая тэхніка разыйшлася па вясковых хатах. Яшчэ ў 1950-1970-х гг. квяцістыя посцілкі былі даволі моднымі.
Выткаўшы палатно, ткачыхі Жлобінскага краю вышывалі на ім прыгожыя ўзоры.
Пры ўваходзе ў кожную хату на падворку ці сенцах можна было заўважыць плеценыя з лазы кошыкі. Цікава, што лозапляценне, як лічаць спецыялісты-даследчыкі, – адзін з старадаўніх відаў народнай творчасці. Ён узнік нават раней, чым апрацоўка дрэва. Умовы гаспадарання прымушалі выкарыстоўваць мясцовую сыравіну. Таму па-за ўвагай не засталася лаза, карэнні, кара, ляшчына, мздра дрэваў.
Разам з тым плялі кошыкі (пераважна для бульбы). Такімі майстрамі былі багатыя вёскі Баршчоўка (Хомка Падшывалаў, Цімафей Сяргееў), Ляды (Уладзімір Сяргіенка і Уладзімір Рамянка), Мормаль (Віктар Шатаў).
На ўвесь раён славіліся і бондары Віктар Шарнік і Павел Герцаў.
Мясцовую сыравіну – гліну – людзі выкарыстоўвалі пры вырабе ганчарных рэчаў і дзіцячых цацак. Багатыя залежы гліны знаходзяцца на правым беразе Дняпра. Гэта садзейнічала росквіту ганчарства. Цікава, што ў пісьмовых крыніцах у Стрэшыне згадваецца цэх ганчароў, што працаваў аж у 1600 годзе. У ім было 27 чалавек. На ганчарныя вырабы заўсёды быў вялікі попыт.
У канцы 1920-х гадоў у Жлобінскім краі было 12 вядомых майстроў, а вось ужо ў 1930-я гады – толькі два. Цяжкія часы вайны з Германіяй і пасляваенны час садзейнічалі часоваму адраджэнню рамяства. Як успамінаў вядомы пісьменнік, ураджэнец Жлобінскага краю, Уладзімір Содаль, тут можна было ўбачыць вялікі асартымент ганчарных вырабаў на ярмарках і кірмашах.
Уладзімір Содаль
Нарадзіўся 13 верасня 1937 года ў вёсцы Мормаль (сёння Жлобінскі раён Гомельскай вобласці). З дзяцінства меў праблемы са зрокам, але гэта не перашкодзіла яму прысвяціць жыццё беларускай культуры і асвеце.
Скончыў Мінскі педагагічны інстытут у 1963 годзе. Да гэтага паспеў папрацаваць загадчыкам сельскага клуба, электрыкам, настаўнікам і нават асвоіць прафесію токара. З канца 1960-х працаваў на Беларускім тэлебачанні: быў рэдактарам папулярных перадач «Роднае слова», «У кожнага была свая вайна», а таксама шэрагу навукова-асветніцкіх праграм.
З'яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза журналістаў, а таксама ўваходзіў у Раду ТБМ. Удзельнічаў ва Устаноўчых з'ездах БНФ і ТБМ, падпісваў адкрытыя лісты на абарону беларускай мовы. За сваю грамадскую пазіцыю неаднаразова падвяргаўся затрыманням. Выступаў супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй і публічна асуджаў расійскую агрэсію ва Украіне.
Памёр 15 красавіка 2015 года ў Мінску. Пахаваны ў Астрашыцкім гарадку побач з маці.
Уладзімір Содаль быў аўтарам дзясяткаў кніг і даследаванняў пра беларускіх пісьменнікаў XIX–XX ст., укладальнікам зборнікаў твораў Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Зоські Верас, а таксама сцэнарыстам дыяфільмаў на гістарычную і літаратурную тэматыку.
За нязменную адданасць роднай мове і культурнай спадчыне Содаль быў ганараваны ордэнам «Гонар Айчыны» і занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
Апошнім таленавітым майстрам-ганчаром Жлобінскай зямлі быў стрэшынец Андрэй Яненка. Ён памёр ў 1980-х гадах. Сакрэты яго майстэрства засвоіў і адрадзіў майстар Уладзімір Пакроўскі з вёскі Затон і Юзаф Марчэўскі.
Разьба па дрэве лічылася традыцыйным мужчынскім заняткам. З дрэва будавалі хаты, майстравалі мэблю, рэчы для гаспадаркі, музычныя інструменты, конскія хамуты, калёсы. Лепшыя столяры былі ў Красным Беразе (напрыклад, Іван Жураўлёў і Уладзімір Ліцвінка), у вёсцы Чарцёж (Міхаіл Ліпніцкі). У вёсцы Абольцы ўсе ведалі столера і лесніка Віктара Гаўрыленку.
За стагоддзі ўзнік і шырока пашыраўся, развіваўся такі від народнага мастацтва, як пісанкі (размаляваныя ўзорамі чырвоныя велікодныя яйкі). У Красным Беразе была распаўсюджана свая адметная тэхніка – аплікацыя, калі лісцікі з малодзенькіх бярозак, парэчак прыкладвалі да яек, загортвалі ў марлю і варылі ў цыбульным лушпінні. Калі разгортвалі, то на паверхні яек адбіваліся белыя адбіткі ўзораў. Каб колер быў ярчэйшым, лушпінне цыбулі замочвалі на ноч, а затым варылі у ім яйкі. У Красным Беразе для яркасці дадавалі расол ад кіслых буракоў.
У Жлобінскім раёне была вядомая пекарская практыка. Яна мела непасрэдную сувязь з вясельным абрадам, двума хрысціянскімі святамі: Дабравешчаннем (Звеставаннем) і Пяцідзесятніцай. Мясцовыя майстрыхі імкнуліся спячы не толькі смачныя пірагі, булачкі, пернікі, але і дбалі пра іхняе аздабленне. Напрыклад, у Красным Беразе булачкі рабілі ў форме птушак (называліся такія булачкі “сарокамі”). А рабілася гэта так: раскатвалі цеста ў круглы пасак даўжынёй 6-8 см. Адзін канец прыўзнімалі і рабілі галоўку з дзюбкай, другі – прыўзнімалі ў адваротны бок, потым наразалі нажніцамі, імітуючы хвост.
Народная кухня – важны аспект народнай культуры. Асаблівасцю Жлобінскага краю з’яўляецца распаўсюджанне трох розных страў пад аднолькавай назвай – “клёцкі”.
Клёцкі
У некаторых рэгіёнах іх называюць «камы» (з націскам на «ы»), што, дарэчы, ёсць літаральным перакладам са старажытна-верхненямецкай klōʒ — «ком». Страва гэтая характэрная для кухні фактычна ўсіх народаў Еўропы. І вядома, у Беларусі яны часцей за ўсё робяцца з бульбы.
Інгрэдыенты:
- бульба (колькі заўгодна)
- фарш (прыблізна 1/3 ад масы натаркаванай бульбы)
- цыбуля 1 шт.
- соль (на свой густ)
- алей для смажання
Прыгатаванне:
Дробна натаркаваную бульбяную масу добра адціснуць, напрыклад, праз марлю, складзеную некалькі разоў. Пасля адстойвання адціснутую вадкасць зліць, а крухмал, аселы на дно, дадаць да таркаванай масы. Цеста пасаліць і замяшаць, сфармаваць круглыя клёцкі. Мясны фарш пасаліць і начыніць ім клёцкі, зварыць іх у кіпені. Гатовыя клёцкі падаваць са смятанай або падсмажыць на патэльні на тлушчы са скваркамі і цыбуляй. Тэарэтычна, клёцкі-камы таксама могуць быць «бяздушныя», то бок вегетарыянскія.
Улюбёнай стравай жлобінцаў традыцыйна была мачанка. Яе гатавалі так: варылі свіное мяса, рэбры, костачкі, каўбаску і ў такі навар дадавалі некалькі лыжак мукі. Мачалі дранікамі. А для мучных бліноў рэцэпт быў такі: сушаны сыр разбівалі на кавалкі, дадавалі смятану, масла і тушылі ў печы. А вось яўрэі рабілі мачанку з курынага ці трусінага мяса.
«А ў пярэрвах ён прапаноўваў то «бліны з мачанкаю», то «надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масле, святыя такіх не елі» (У. Караткевіч, «Дзікае паляванне караля Стаха»).
Яна ж — «макачка», яна ж — «маканка». Тут, прынамсі, усё проста з паходжаннем назвы: яна паходзіць ад слова мачаць/макаць, бо зазвычай мачанка ўжываецца не як самастойная страва, а для макання ў яе варанай гародніны (ясна, што найперш бульбы), дранікаў, блінцоў.
Яна можа быць малочнай і мясной. Малочную гатуюць з сумесі тварагу, вяршкоў, малака і маслёнкі. У залежнасці ад узятых прапорцыяў мачанка можа быць гусцейшая ці радзейшая, кіслейшая ці саладзейшая.
Мясную мачанку гатуюць звычайна з разнастайных мясных абрэзак (таго, што засталося ў доме пасля прыгатавання іншых страваў): вэнджанага або салёнага сала, вяндліны, каўбасы, абрэзкак з касцей і г. д. Астатнія складнікі мачанкі — мука і вада, часам смятана.
Прыгатаванне:
Усё мясное нарэзаць дробнымі кавалкамі, закінуць у патэльню, смажыць, у працэсе дадаючы смятану, ваду і крыху мукі для загушчэння.
У святочныя дні ці нядзелю гатавалі ежу не такую, як кожны дзень. Так, напрыклад, раніцай кожнага дня маглі для мужчын спячы снеданне з падсмажанага сала, куды ўбівалі некалькі яек. На абед у святочныя дні з яек гатавалі яешню: разбівалі іх дзясятак ці два, залівалі свежым малаком, дадавалі масла, цукар, соль і пяклі ў печы пасля таго, як пагараць дровы. Жыхары Жлобіна звычайна не дадавалі мукі ў страву.
Тут любілі абабраную бульбу, якую таўклі, потым запраўлялі смажаным салам з цыбуляй ці маслам, або свежым малаком. Такую страву у нашых краях называлі “топчанка”.
У вёсках Жлобінскага раёна было шмат майстроў, якія выраблялі музычныя інструменты з дрэва, кары, рогу, саломы, пер’я, гліны, скуры. У 1930-х гадах быў майстар Андрэй Сіманенка, які майстраваў балалайкі ў вёсцы Селішча, а тады ж у Майскім майстар Фёдар Кавалёў вырабляў гармонікі, балалайкі і іншыя інструменты.
У вёсцы Навозы на працягу 1940-80-х гадоў жылі музыкі: Ян Казлоўскі (скрыпач), Юзік Каліноўскі (баяніст), Павел Некрашэвіч і Андрэй Шчыгельскі (гарманісты). А вось у Стрэшыне было сем вядомых гарманістаў, столькі ж баяністаў, балалаечнік. Тут жыў і Валерый Міхальцоў, самадзейны кампазітар. У 1960-м годзе быў нават свой духавы аркестар.
Адзін з яскравых заняткаў нацыянальнай культуры – народны строй. Калісьці кожная жанчына мела не толькі ўмець ткаць палатно, але і шыць бялізну для сябе, мужа, дзяцей. Верхняе адзенне звычайна неслі шыць майстрам: шаўцам і краўцам. Існуе магчымась аднавіць народны строй Жлобінскага краю па фотаздымках, што захавалі выгляд гэтага сапраўднага скарбу. А раней ён быў у кожнай хаце. Асобныя фрагменты старадаўняга шляхецкага строя захаваліся ў вёсцы Навозы.


1 Каментар