У гісторыі беларускай літаратуры XX і пачатку XXI стагоддзя ёсць постаці, чый творчы шлях непарыўна звязаны з канкрэтным кутком Бацькаўшчыны, які стаў для іх галоўнай крыніцай натхнення і маральным арыенцірам. Менавіта такім пісьменнікам быў Уладзімір Федасеенка.
Уладзімір Канстанцінавіч Федасеенка нарадзіўся 22 красавіка 1926 года ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. Менавіта малая радзіма — старажытны Мормаль з яго багатай гісторыяй, адмысловым вясковым укладам і працавітымі людзьмі — сфарміравала нацыянальны светапогляд і маральны код будучага празаіка.
Глыбокую сувязь з Жлобінскім краем пісьменнік захаваў праз усе гады свайго жыцця, рэгулярна вяртаючыся сюды не толькі ў думках і творах, але і падчас асабістых візітаў да землякоў.
Суровы гартоўнік: ваенная маладосць і партызанскі чын
Сталасць Уладзіміра Федасеенкі прыпала на гады бязлітаснай Другой Сусветнай вайны ў Беларусі, якая жорстка ўварвалася ў жыццё юнака. Юны жыхар Мормаля не застаўся ў баку: ён далучыўся да партызанскага руху, што разгарэўся ў лясах Жлобінскага краю, і мужна змагаўся супраць нацысцкіх захопнікаў. Юнаку было ўсяго 15 гадоў!
Вайсковы досвед, баявое брацтва, боль стратаў і гераізм простых людзей сталі тым духоўным і гістарычным падмуркам, на якім пазней паўстала яго маштабная празаічная спадчына. Вайна загартавала характар будучага пісьменніка, ператварыўшы яго асабісты суровы досвед у глыбокае разуменне цаны мірнага жыцця і чалавечай годнасці.
З успамінаў пра вайну
Сам Уладзімір Федасеенка так узгадывае свой партызанскі досвед:
– Мой дзядзька (Афанасій Мартынаў), стары камуніст, старшыня калгаса, стаў байцом знішчальнага батальёна, – успамінаў пісьменнік. – Тады ж і я ўступіў у гэтае злучэнне і стаў разведчыкам. За мной дзядзька замацаваў добрага калгаснага каня. Але ў разведку я хадзіў найбольш пехатою.
12 жніўня 1941 года юны разведчык быў схоплены гітлераўцамі. Нямецкі унтэр без доўгага следства паставіў Уладзіміра над ямай на расстрэл. Пачаў ужо цэліцца ў юнака з вінтоўкі. Але раптам немец, што стаяў на пагорку, нешта крыкнуў афіцэру. Аказалася, што да месца расправы па прасёлкавай дарозе набліжася легкавая машына.
– Унтэр хуценька аддаў салдату вінтоўку і адскочыў на абочыну, – чытаем ва ўспамінах Уладзіміра Федасеенкі. – Машына спынілася. З яе вылез генерал. Унтэр адрапартаваў, працягнуў генералу бінокль. Той пачаў углядацца на ўсход, потым вярнуўся да машыны. Я працягваў стаяць над ямай з паднятымі рукамі. Афіцэр, які суправаджаў генерала, заўважыў гэта і накіраваўся да мяне. Не дайшоўшы некалькі крокаў, ён рукой махнуў, каб я ішоў услед за ім да машыны. Паказаўшы, дзе мне сесці, загадаў рукі трымаць угары. Генерал сядзеў наперадзе.
Юнага разведчыка даставілі ў вёску Галы. Там дапыталі і ўпіхнулі ў ёўню, дзе было ўжо чалавек 20 ваеннапалонных. А праз пару тыдняў іх пасадзілі ў вялізную крытую машыну і павезлі ў Бабруйск, дзе быў лагер для ваеннапалонных. Па дарозе Уладзіміру ўдалося ўцячы.
У канцы 1943-га пачалося вызваленне Жлобінскага раёна. Перад самым злучэннем партызанскіх атрадаў з рэгулярнымі часткамі Чырвонай арміі Уладзімір Федасеенка быў паранены. Так закончылася для яго вайна. Ды і было яму ўсяго 17 гадоў. За праяўленую мужнасць ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней – ордэнам Айчыннай вайны I ст., медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ст. (даволі рэдкі выпадак).
Літаратурная ніва: эпас беларускай вёскі і ваеннай памяці
Пасляваенны час патрабаваў асэнсавання перажытай трагедыі і адраджэння роднага краю. Уладзімір Федасеенка прысвяціў сябе літаратурнай працы, стаўшы адным з бачных прадстаўнікоў беларускай ваеннай і вясковай прозы.
Пры гэтым яго раманы “Дубовая града” (1965), “Віхры на скрыжаваннях” (1970), “Пасля смерчу” (1975) па сваім змесце глыбока аўтабіяграфічныя. У 1999 годзе ўбачыла свет яшчэ адна кніга Уладзіміра Федасеенкі – раман “Мутныя росы”. Гэта – апісанне жыцця аднаго пакалення людзей, землякоў аўтара, якія балюча ўспрымалі гібель роднай прыроды.
Грамадскае прызнанне і захаванне памяці землякамі
Шматгадовая творчая і грамадская дзейнасць Уладзіміра Федасеенкі атрымала высокую ацэнку як на рэспубліканскім узроўні, так і на яго малой радзіме. За значны ўнёсак у беларускую літаратуру і патрыятычнае выхаванне моладзі яму было прысвоена ганаровае званне «Ганаровы грамадзянін горада Жлобіна». Таксама Уладзімір Федасеенка мае мядаль Францыска Скарыны.
Памёр 3 студзеня 2018 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам з ваеннымі ўшанаваннямі.
У Жлобінскім раёне і асабліва ў роднай вёсцы Мормаль свята берагуць памяць пра свайго славутага земляка. Тут рэгулярна ладзяцца мемарыяльныя мерапрыемствы, літаратурныя гадзіны і вечары памяці пісьменніка.

