Сярэдзіна ХІХ стагоддзя выдалася вельмі напружанай для жыхароў жлобінскага Падняпроўя. Адчувалася, што набліжаюцца вялікія перамены. У шляхецкім і моладзевым асяроддзі ўсё часцей гучалі размовы пра бядотнае становішча народа, пра свабоды і вольнасці былой Рэчы Паспалітай. Асабліва востра гэта адчувалася ў вялікіх гарадах, але і ў правінцыі дух перамен быў заўважны. Рэвалюцыйныя настроі і неспакой адчуваліся нават ў паветры.
Па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў Падняпроўі, назіраўся рост сялянскіх хваляванняў. Хаця яны адносна лёгка падаўляліся, сяляне прыводзіліся ў падпарадкаванне сваім панам, але такіх памераў сялянскіх выступленняў раней не было. Хваляваліся і жлобінскія сяляне.
Алею ў агонь падлівалі трывожныя звесткі з тэатра баявых дзеянняў чарговай, але гэтым разам у край няўдалай, нават ганебнай для Расіі, каланіяльнай Крымскай вайны. Падзеі вайны 1853-1856 гадоў паўплывалі на палітычную сітуацыю ў былым Вялікім Княстве Літоўскім, як і ва ўсёй Расійскай імперыі. Ва ўмовах вайны і з улікам неспакою ў краі, Магілёўская губерня ўказам Мікалая I ад 3 лютага 1855 года аб’явілі ваеннае становішча. Яе перадалі ў вядзенне Галоўнакамандуючага дзеючай арміі. Для арганізацыі апалчэння засноўвалася “губернскае апалчэннае прысутствіе” пад старшынствам грамадзянскага губернатара.
Нельга сказаць, што ўвядзенне ваеннага становішча кардынальна змяніла жыццё правінцыйнага Жлобіна, Стрэшына ці нават павятовага Рагачова. Уладныя ўстановы праводзілі для ўзняцця патрыятычных настрояў, так бы мовіць, “ідэалагічныя” мерапрыемствы: малебны, хросныя шэсці, зборы ахвяраванняў для параненых жаўнераў і інш. Кардынальна жыццё не памянялася, але прапагандысцкія дзеянні ўладаў мелі нечаканы водгук сярод сялянства Падняпроўя. Пачалі распаўсюджвацца чуткі пра вызваленне ад прыгоннай залежнасці тых сялян, хто адправіцца добраахвотнікамі на вайну.
Крымская вайна скончылася паразаю Расіі пасля заняцця супернікамі Севастопаля. Гэта паскорыла пачатак рэформ. У канцы вайны сканаў кансерватыўны імператар Мікалай I, якога змяніў Аляксандр II. Падчас ягонага кіравання правялі маштабныя рэформы, што закранулі ўсе беларускія губерні і жлобінскі край.
Паўсюднае распаўсюджванне чутак аб хуткім вызваленні сялян пачалося з пачатку 1857 года. Апублікаванне ў канцы 1857 годзе царскіх рэскрыптаў і ўтварэнне ў 1858 губернскіх камітэтаў па паляпшэнні побыту памешчыцкіх сялян паслужылі прычынай уздыму сялянскага руху.
Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе была спробай вырашэння аграрнай праблемы. Працэс аграрных пераўтварэнняў быў запушчаны, але быў яшчэ далёкім ад завяршэння яшчэ дзесяцігоддзе. Сяляне былі незадаволеныя воляй без зямлі. На працягу 1861 года адзначана 379 выступленняў беларускіх сялян, у 125 выпадках для іх падаўлення выкарыстоўвалася ўзброеная сіла. А перад Расійскай імперыяй стаялі і іншыя праблемы: палітычная, нацыянальная, рэлігійная і г.д. Яны даўно чакалі вырашэнняў, а абмеркаванне пачатку рэформ яшчэ больш узбудзіла грамадства. Усё гэта дало штуршок так званаму “маніфестацыйнаму” руху на землях былой Рэчы Паспалітай.
Насельніцтва Рагачоўскага павета таксама пачала праяўляць актыўнасць у барацьбе за свае правы. 10 кастрычніка 1861 года шляхта Рагачоўскага павета склала смелы зварот да імператара, у якім прасіла далучыць Рагачоўскі павет разам са ўсёй Магілёўскай губерняй да Літоўскага генерал-губернатарства, адкрыць Віленскі ўніверсітэт, надаць роўныя правы ўсім канфесіям, здзяйсняць публічнае і галоснае судаводства, мець выбарных дэпутатаў і г.д. Па загадзе начальніка губерні пастанову канфіскавалі. Іван Богуш, адстаўны падпалкоўнік, адлучаны ад пасады павятовы маршалак, падтрымаў пастанову. Яго асудзілі на паўтары гады зняволення ў крэпасці. Самае крыўднае для рагачоўскай шляхты і асабіста для пана Богуша было тое, што яго асудзілі за тыя просьбы да Імператара, некаторыя з якіх рэалізуюць царскія ўлады цягам дзесяцігоддзя, а астатнія, за выключэннем адкрыцця ўніверсітэта, – на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Прычынай такіх свабодалюбівых заяваў падняпроўскай шляхты, як заўжды, бачыліся афіцыйнымі органамі ў замежных уплывах. Так, “Русский вестник” называў прычыну рэвалюцыйных настрояў шляхты Магілёўскай губерні ў прапагандзе польскай эміграцыі, што наведала ў 1861 годзе “магілёўскае захалусце”.
Улады адчулі небяспеку, таму пачалі больш пільна сачыць за насельніцтвам, а найперш за шляхтай Рагачоўскага павета. Каталіцкая шляхта загадзя залічвалася ўладамі ў спіс палітычна ненадзейных грамадзян Расійскай імперыі. Быў праведзены перапіс насельніцтва ваколіц Рагачоўскага павета, вызначалася колькасць і веравызнанне шляхты. Выявілася, што найбольшую небяспеку прадстаўляе шляхта ваколіц, што размяшчаліся непадалёк ад Жлобіна: Антушы і Сенажаткі (сучасны Рагачоўскі раён), Марусенькі, Чарцёж (Жлобінскі раён). Шляхта ў іх была каталіцкай і складала прыход касцёла, што знаходзіўся ў Антушах.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Антушах
Калішні каталіцкі храм у вёсцы Антушы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці знаходзіўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Яго пабудавалі з дрэва ў пачатку XIX стагоддзя. У савецкі час выкарыстоўваўся медыцынскай установай. Яго зруйнавалі ў 1990 гады.
Першыя звесткі пра касцёл ў Антушах адносяцца да пачатку ХІХ стагоддзя, іх звязваюць з іменем ксяндза Канстанціна Антушэвіча. У 1800 годзе ён фундаваў у Антушах касцёл, што ў 1802 годзе асвяцілі пад тытулам Унебаўшэсця Пана. Касцёл спачатку быў філіяльным у дачыненні да касцёла ў мястэчку Карпілаўка (цяпер Карпілаўка знаходзіцца ў межах горада Жлобіна).
У 1843 г. касцёл у Антушах стаў парафіяльным. Гэта адбылося праз захады пробашча Карпілаўскага касцёла Марціна Вашкевіча. У 1839 годзе Карпілаўскі касцёл мусіў быць ліквідаваны, і Вашкевіч дамогся, каб парафіяльным касцёлам стаў касцёл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 года даў міністру ўнутраных спраў такі дазвол.
У 1841 годзе стары касцёл у Антушах быў цалкам перабудаваны звонку, а ў 1843 годзе і знутры. З таго часу касцёл вядомы пад назваю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Антушаўская парафія да 1882 года ўваходзіла ў Рагачоўска-Быхаўскі дэканат.
У 1910 годзе святар Аляксадр Болтуц зрабіў капітальны рамонт будынка касцёла, а ў 1911 годзе касцёл як звонку, так і ўсярэдзіне, пафарбавалі алейнымі фарбамі.
Касцёл у Антушах не захаваўся. Пасля закрыцця ў ім быў дзіцячы дом, потым бальніца. Калі бальніцу перавялі ў вёску Побалава, будынак закінулі. У канцы 1980 – пачатку 1990 гадоў яго разабралі.
Расійскія службы мясцовую каталіцкую шляхту разглядалі як недобранадзейную і распаўсюджвалі гэтыя ўяўленні нават на побытавую сферу. У перыядычным выданні “Вестник Западной России” за 1867 год насельніцтва шляхецкіх ваколіц называецца “буянамі”, “задорнікамі” і нават “злодзеямі”. Прыводзяцца прымаўкі і прыказкі пра насельнікаў аколіц: “Поедешь в Антуши, не чуешь и души; а поедешь в Сеножатки, душа уходит в пятки”, ці “Поедешь в Сеножатки, тогды уже не гадки”; “Марусеньки зададут трусеньки, а заедешь в Чертеж, будет не в терпеж.”
Улады рыхтаваліся да рэвалюцыйных выступленняў у Падняпроўі. Яшчэ з сярэдзіны 1862 года Магілёўская губерня ўвайшла ў склад Віленскай ваеннай акругі. У паветах, у тым ліку ў Рагачоўскім, была цэнтралізавана гарадская і павятовая (уездная) паліцыя. Цяпер гэта быў адзіны паліцэйскі орган на павет.
Чарговае нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і на Беларусі разгарнулася ў 1863-1864 гадах. У студзені 1863 году народы колішняй Рэчы Паспалітай зноў узяліся за зброю. У Беларусі і Літве нацыянальна-вызвольным паўстаннем кіраваў Кастусь Каліноўскі. Паўстанцы выступалі з лозунгам “За нашу і вашу свабоду”, прагнулі волі, зычылі вызвалення ад самадзяржаўя не толькі польскаму, беларускаму, літоўскаму, украінскаму, але і велікарускаму народам.
Кастусь Каліноўскі (1838–1864) — адзін з лідараў нацыянальна-вызвольнага руху на землях Беларусі, публіцыст, рэвалюцыянер, герой паўстання 1863–1864 гадоў супраць расійскага царызму.
Нарадзіўся ў маёнтку Мастаўляны (цяпер Польшча), вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах. Быў адным з арганізатараў паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі, выдаваў першыя газеты на беларускай мове — «Мужыцкая праўда». Заклікаў сялян да барацьбы за волю і зямлю.
Арыштаваны царскімі ўладамі, пакараны смерцю ў Вільні 22 сакавіка 1864 года. Пахаваны таемна на замкавай гары ў Вільні. У 2019 годзе парэшткі К.Каліноўскага, разам з іншымі паўстанцамі, былі ідэнтыфікаваныя і перапахаваныя на могілках Росах ў Вільні.
Паўстанне ахапіла і Магілёўскую губерню. У красавіку 1863 года каля Магілёва дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад. А атрад Людвіка Звяждоўскага ў ноч на 24 красавіка 1863 года з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута здолеў захапіць павятовы цэнтр Горкі. Гэта стала адной з самых значных акцый паўстанцаў ва ўсёй Беларусі.
Паўстанне прывяло да ўзмацнення мясцовых органаў паліцыі і жандармерыі, да заснавання новых інстытуцый і пасад. У Магілёўскай губерні, як і ў Літве, Беларусі і правабярэжнай Украіне, усталявалі жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Па ўсім краі аб’явілі ваеннае становішча, у тым ліку і Магілёўская губерня (15 траўня 1863 года). Начальнік Віленскай ваеннай акругі генерал М. Мураўёў зацвердзіў спецыяльную Інструкцыю для ўладкавання ваенна-грамадзянскага кіравання ў паветах Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Магілёўскай губерняў, што давала ўсю паўнату ўлады карным органам.
Інструкцыя для ўладкавання ваенна-грамадзянскага кіравання ў паветах Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Магілёўскай губерняў
24 траўня начальнікам Віленскай ваеннай акругі генералам ад інфантэрыі М.М. Мураўёвым (былым магілёўскім грамадзянскім губернатарам) была ўведзена “Інструкцыя для ўладкавання ваенна-грамадзянскага кіравання ў паветах Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Магілёўскай губерняў”. У адпаведнасці з ёй разгарнулі сваю дзейнасць Канцылярыя часовага ваеннага начальніка і камандуючага войскамі Магілёўскай губерні, ваенныя павятовыя начальнікі, Камісія ваенна-палявога суда над удзельнікамі паўстання і следчыя камісіі па справах паўстання. У разгар паўстання напрыканцы 1863 года пачалі дзейнічаць павятовыя жандарскія каманды. Яны падпарадкоўваліся губернскаму жандарскаму штаб-афіцэру. Адной з асноўных задач каманд быў пераслед і знішчэнне паўстанцкіх атрадаў.
У самім Магілёве, што меў вялікі гарнізон, да выступлення справа не дайшла. Тым не менш, следчая камісія высвятляла, чаму так шмат магілёўскіх гімназістаў і чыноўнікаў знаходзіліся ў самавольных адлучках у перыяд паўстання. Пасля разгрому паўстанцаў непадалёк ад ратушы ў астрозе каля Дняпра ўлады трымалі зняволеных. У горадзе расстралялі чатырох афіцэраў, у тым ліку і братоў Манцэвічаў, якія змагаліся на баку паўстанцаў. Падтрымліваў паўстанне старшыня палаты крымінальнага суда ў Магілёве, прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Ігнаці Валовіч. Яго выслалі ў далёкую Енісейскую губерню ў чэрвені 1864 года.
Увогуле, памеры паўстання на ўсходзе Беларусі былі значна меншымі, чым у Віленскай і Гродзенскай губернях. Відавочна, што ў Падняпроўі, у адрозненні ад Гродзеншчыны, сялянская падтрымка паўстанцаў была меншай. А вось шляхта Рагачоўскага павета спрычынілася да паўстання 1863 года. Менавіта сярод шляхціцаў былі тыя, хто горача спачуваў паўстанцам і мужна выступіў у барацьбе за свабоду.
У перыядычным выданні “Русский вестник” у 1864 годзе надрукавалі артыкул пра ўдзельнікаў паўстання 1863 года ў Магілёўскай губерні, які называўся “Неделя беспорядков”. З яго зместу вынікае, што рэвалюцыйныя падзеі закранулі і рагачоўска-жлобінскае Падняпроўе.
Характэрна, што рагачоўскі земскі спраўнік М. Яўшыц у рапарце магілёўскаму цывільнаму губернатару А. Беклямішаву пра настроі насельніцтва ў Рагачоўскім павеце яшчэ ў лютым указваў на адсутнасць змоў на карысць паўстання. А ў красавіку 1863 года рагачоўскі павятовы спраўнік У. Блахін у рапарце дакладаў пра з’яўленне паўстанцаў у Бабруйскім павеце, арышце некаторых паўстанцаў у вёсцы Тошчыца Рагачоўскага павету, зборы паўстанцкага атрада ў ваколіцах Тошчыцы і высылцы войска для яго знішчэння.
Улада справядліва бачыла ў антушаўскім ксяндзе Яне Багушэвічы аднаго з рэгіянальных лідараў думак. У даносах тагачасных “неабыякавых грамадзян” пра яго паведамлялася: “…адукаваны, валодае дарам слова і па сваіх думах, няма сумневаў, мае шкодны ўплыў на шляхту свайго прыходу”; “Ксёндз Багушэвіч мае ўплыў не толькі на простую шляхту, але і на больш адукаваны клас палякаў, асабліва жанчын. Выступае супраць Рускага Урада”.
Улады аднеслі ксяндза Багушэвіча да асоб, якія падтрымлівалі паўстанцаў. Адзначалася, што “адукаваны клас палякаў” (пад якім можна разумець заможных шляхціцаў каталікоў) да яго прыслухоўваўся, а сам ён меў вялікую папулярнасць сярод моладзі. Мясцовыя чыноўнікі палічылі, што у 1862 годзе ксяндза наўмысна даслала эміграцыя з Масквы, дзе ён прыжываў, у Антушы для прапаганды. Ужо ў студзені 1863 года Багушэвіча выселілі з Магілёўскай губерні ва ўнутраныя губерні Расіі. Галоўную “крыніцу мяцежу” ліквідавалі.
Па звестках паліцэйскіх інфарматараў, шляхта антушаўскага прыхода, з большага, была прыхільнай да паўстання. Тут арганізоўваліся таемныя сустрэчы, патрыятычна настроеная шляхта распаўсюджвала навіны аб паўстанні. Мясцовая ўлада фіксавала выпадкі нашэння шляхтай “так званых нацыянальных касцюмаў, гербавых і іншых знакаў”. Адзначаліся выпадкі нашэння ў Рагачоўскім павеце чамарак, канфедэратак, кушакоў і нават кунтушоў. У пачатку 1863 года праз рашэнне магілёўскага губернатара забаранілі нашэнне нацыянальных строяў і пэўных гербавых знакаў.
Працягвалася “слежка” за “агентамі чырвонай партыі”, якія кіравалі падрыхтоўкай паўстання. Адным з цэнтраў для збораў лаяльнай да паўстання шляхты стаў маёнтак Аскеркі ў Ціхінічах (Рагачоўскі павет). Частым госцем у Аскеркі быў ксёндз Багушэвіч. У вельмі гасціннага пана Аскеркі збіралася шляхецкая грамада, якая слухала спевы дачкі пана, спявала польскія гімны, а любімай тэмай размоў было паўстанне.
Аске́ркі — шляхецкі род гербу “Мурдэліа”
Аскеркі паходзілі з полацкіх мяшчан. Прозвішча ўтварылася ад назвы населенага пункта або імя заснавальніка роду, што даў назву сялу Аскерць на рацэ Яжаль (басейн Улы). Аляксандр, першы прадстаўнік роду, вядомы з 1458 года.
Фёдар, Грышка, Андрэй і Цішка Аскярэнічы (Аткярэнічы, Акярэнічы) валодалі маёнткам на рацэ Ушача. У Інфлянцкую вайну па акупацыі Полаччыны войскам цара маскоўскага Івана Грознага Аскеркі атрымалі як кампенсацыю землі ў Мазырскім павеце, дзе сталі ўплывовым родам. Пазней яны набылі маёнткі ў суседніх паветах.
Адным з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў быў грамадскі дзеяч, , публіцыст, выдавец Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830-1911). Ён нарадзіўся ў маёнтку Рудакоў Рэчыцкага павета. Ён у 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне беларускамоўнага буквара-катэхізіса “Элементаж для добрых дзетак-каталікоў”. Пахаваны на віленскіх могілках Росах.
Лаяльнасцю да паўстання адзначыўся яшчэ адзін буйны землеўласнік Рагачоўскага і Бабруйскага паветаў Булгак, палац якога ў Жылічах ёсць беларускай славутасцю. У адным з сваіх маёнткаў ў Бабруйскім павеце ён сабраў 70 чалавек на вяселле сваёй сястры. Амаль усе госці-мужчыны былі апрануты ў чамаркі, усе былі ўзброеныя.
Род Булгакаў
Булгакі – шляхецкі род Беларусі, вядомы на нашых землях з ХV стагоддзя. Прозвішча роду паходзіць ад імя Булгак, што мае цюркскія карані і трактуецца як мяцежны, ганарлівы ці зменлівы чалавек. Ёсць падставы меркаваць, што заснавальнікам роду быў татарын.
Булгакі паступова сталі аднымі з багацейшых людзей на тэрыторыі Беларусі. У канцы XVIII стагоддзя яны пачалі асвойвацца на тэрыторыі Рагачоўскага і Бабруйскага паветаў. Аляксандар Булгак вырашыў выкупіць у Франца Сапегі маёнтак Добасна. Маёнтак месціўся на землях гістарычнай Рагачоўшчыны і быў вядомы з ХVІ стагоддзя.
Ігнат Булгак
Пасля смерці Аляксандра Булгака ўладальнікамі маёнтку Добасна сталі яго сыны - Ігнацій і Вінцент-Мікалай. Браты Булгакі не мелі нашчадкаў, таму завяшчалі маёнтак сястры Фартуне. Яна пабралася шлюбам са сваім далёкім родзічам Габрыэлям Булгакам і паяднала такім чынам дзве галіны роду ў адну. Менавіта іх сын Ігнацій Булгак (не блытайце з ягоным дзядзькам) быў заснавальнікам шыкоўнага палацу ў Жылічах, будаўніцтва якога пачаў у 1825 годзе. Ігнацій будаваў не толькі свой палац, але і новы Бабруйск, на які не шкадаваў грошай.
Пасля Ігнація Булгака ўладальнікам палацу стаў яго малодшы сын Эдгар. Ён выкупіў і мадэрнізаваў лесапілку, стварыў новы індустрыяльны і рэкрэацыйны квартал у Рагачове. Сям'і Эдгар не меў, таму ў 1914 годзе прадаў палац з маёнткам пляменніку Эмануілу Булгаку. Што праўда, шмат каштоўных рэчаў Ігнацій з палацу вывез і пляменніку не пакінуў. Пасля рэвалюцыі ўладар пакінуў палац і з’ехаў ва Францыю, дзе памёр у Канах у 1943 годзе.
Ян Булгак
З роду Булгакаў быў знакаміты мітрапаліт Іасафат Булгак і адзін з першых фотамастакоў Беларусі Ян Булгак.
Зараз нашчадкі роду Булгакаў жывуць у Польшчы і Італіі.
У маёнтках Аскеркі, Булгака, пана Аляксандра Жукоўскага, што размяшчаліся ў Рагачоўскім павеце, сяляне ў школах вывучалі беларускую мову лацінкай: “…і хоць выкладаецца руская грамата, але таксама і беларуская па азбуцы з польскімі літарамі, нават … пачалі вучыць чыста польскай мове, што было забаронена.”
Палітычна ненадзейнымі жыхарамі Рагачоўскага павета адзначаліся таксама Канстанцыя Васілеўская (з Маліноўскіх), якая жыла недалёка ад Антушэй, настаўнік Рагачоўскага вучылішча Маціевіч, які атрымаў нейкія забароненыя кнігі, доктар Яворскі, доктар Васілеўскі, доктар артылерыйскай брыгады Дубіцкі, казначэй Крыловіч, суддзя Камароўскі, Любаўскі і г. д.
Афіцыйны “Русский вестник” паведамляў, што па ўсёй Магілёўскай губерні дзейнічала сем “шаек” паўстанцаў, з якіх адна была рагачоўскай. Камандаваў ёй Дзержаноўскі (Станіславовіч). Атраду прадпісвалася “сфармавацца ля фальварку Верхняя Тошчыца (маёнтак Томаша Грыневіча), зацвердзіцца ў лясах паміж Дняпром і Друццю, падняць ваколіцы чатырох па суседстве прыходаў Дваржэчна-Антушэўскага, Азеранскага, Свержанскага і Рагачоўскага, і дзейнічаць на поўдзень ад Магілёва”.
У цяжкім становішчы аказалася шляхта антушаўскага прыходу, бо пасля высылкі ксяндза Багушэвіча на яе тэрыторыі размясціліся паўтары роты расійскіх салдат. Яны кантралявалі паўднёвы захад сучаснага Рагачоўскага і паўночны захад Жлобінскага раёнаў. Гэта не дазволіла жлобінскай шляхце масава далучыцца да паўстання.
Адзінае боесутыкненне паўстанцаў з урадавымі войскамі ў Рагачоўскім павеце адбылося ў час фарміравання атрада паўстанцаў. Група Дзержаноўскага не здолела дайсці да Тошчыцы і злучыцца з паўстанцамі. Сяляне затрымалі Дзержаноўскага разам з чатырма шляхціцамі і адным ксяндзом. Даведаўшыся пра гэта, рагачоўскі іспраўнік Блохін разам з адной ротай паскакаў у Тошчыцу.
У гэты жа час адстаўны штаб капітан Томаш Грыневіч узначаліў атрад з жыхароў шляхецкіх аколіц Антушы, Сенажаткі, Чарцёж і Марусенькі. Даведаўшыся пра паланенне атрада Дзержаноўскага, паплечнікі Грыневіча рушылі выратоўваць схопленых паўстанцаў, але наткнуліся на роту вайскоўцаў. У цемры ночы пачалася перастрэлка, што працягвалася з паўгадзіны, і “паны пайшлі дадому”. Але гадзіны праз дзве, вырашыўшы, верагодна, на ваеннай нарадзе абавязкова вызваліць паланеных, яны зноў рушылі. У цемры ночы зноўку пачалася перастрэлка з расійскімі салдатамі. Атрад Грыневіча не здолеў перамагчы смаленскую роту і яшчэ адну, што прыйшла ёй на дапамогу. Паўстанцам давялося разбегчыся па лесе.
Так, узброены атрад мясцовай шляхты па сутнасці быў разгромлены пры спробе яго фармавання. У палон патрапіла 38 паўстанцаў. На наступную раніцу падышлі свежыя сілы царскага войска і пачалі прачэсваць лес. У адной з сядзіб быў знойдзены паранены Томаш Грыневіч. Палонны быў дастаўлены ў турму ў Магілёве.
Таксама праз Рагачоўшчыну праходзілі паўстанцкія атрады. Ім аказалі падтрымку ў фальварку Беліца Шпілеўскай (непадалёк ад Жлобіна) і фальварку Петрулін Кастравіцкага. Але ўжо ў маі 1863 года карнікі падавілі рэвалюцыйны рух ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях. І правабярэжнае, і левабярэжнае жлобінскае Падняпроўе былі ўціхаміраныя. У той жа час у Гродзенскай губерні, дзе паўстанцы перайшлі да тактыкі партызанскіх дзеянняў, у траўні адбылося каля 20 баявых сутыкненняў паўстанцаў з царскімі войскамі.
Каб задушыць паўстанне ўлады выкарыстоўвалі самыя розныя метады. Так, на каталіцкія манастыры і прыходы накладаліся штрафы за кожнага, хто “пайшоў у мяцеж”, памешчыкі-каталікі плацілі 10% падатак на падаўленне паўстання. Апошніх прымусілі вярнуцца у свае маёнткі з гарадоў, куды яны з’ехалі з мэт бяспекі. Цяпер, памешчыкі пад пагрозай ваеннага суда “за неданясенне” павінны былі адказваць за спакой на сваіх землях і ў лясах.
Памешчыкі часам карысталіся наяўнасцю воінскіх каманд у павеце для падаўлення выступленняў сваіх сялян. Так захавалася прашэнне памешчыка Уладзіслава Барысовіча ад 25 красавіка 1863 года магілёўскаму цывільнаму губернатару А.П. Беклямішаву аб прысылцы войска для падаўлення бунту сялян сяла Шапчыцы і вёскі Званец Рагачоўскага павета, якіх нібыта падбухторыў на гэта мясцовы святар.
Схопленых шараговых ўдзельнікаў паўстання выслалі ў далёкія губерні Расійскай імперыі, а іхнія маёнткі былі канфіскавалі. У зняволенні апынуліся ўсе рагачоўскія кіраўнікі паўстання. Дзержаноўскага саслалі на катаржныя работы. Томаша Грыневіча расстралялі 16 (28) ліпеня 1863 года ў Рагачове.
Нягледзячы на трагічны лёс, менавіта памяць пра растралянага Томаша Грыневіча найлепш захавалася ў беларускай літаратуры. Ён стаў прататыпам некалькіх герояў у творах знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, у тым ліку “Каласы над сярпом тваiм”.
Томаш Грыневіч
Томаш Грыневіч (польск. Tomasz Piotr Hryniewicz (хрышчоны 24 лютага 1817 года ў мястэчку Пабалаў) – беларускі шляхціц герба Пшыячэль, арганізатар і камандзір паўстанцаў Рагачоўскім павеце, паэт, меркаваны продак па матчынай лініі вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Томаш быў сынам падкаморыя бабруйскага Міхала Грыневіча і князёўны Генавефы Пузыны і пляменнік памешчыка Івана Нікадзімавіча Грыневіча, уладальніка сядзібы Красны Бераг.
У 1838-1843 гадах ён быў на ваеннай службе ў Караля Гановерскага (Лубенскім) гусарскім палку. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся ў радавым маёнтку Верхняя Тошчыца Рагачоўскага павета.
У красавіку 1863 года Томаш Грыневіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім павеце з жыхароў шляхецкіх аколіц Антушы, Сенажаткі, Цэрцеж (Чарцёж) і Марусенькі. Іншыя паўстанцы, падпаручнік Станіслаў Дзяржаноўскі-Станіслававіч разам з 4 памешчыкамі і ксяндзом Бугенам па дарозе ў Тошчыцу, былі схопленыя сялянамі. Асноўныя сілы паўстанцкага атрада Грыневіча пайшлі на выручку таварышаў, але натыкнуліся на роту Смаленскага запаснога палка. Завязалася перастрэлка. Калі падышла другая рота салдат 4-га рэзервовага батальёна Чарнігаўскага пяхотнага палка на чале са штабс-капітанам Міхайлавым, паўстанцы вымушаны былі адступіць.
На наступную раніцу падышлі свежыя сілы царскіх войскаў і пачалі прачэсваць лес. У палон патрапіла 38 паўстанцаў. У адной з сядзіб знайшлі параненага Томаша Грыневіча. Палоннага даставілі ў магілёўскую турму.
1 ліпеня 1863 года ў сценах магілёўскага астрогу Томаш Грыневіч напісаў па-польску верш "Песня асуджанага на смерць паляка". У ім ёсць наступныя радкі: "Ciało tracąc tu w katuszach, Duchem wzmocnim siłę wątku" ("Цела губячы тут у пакутах, духам умацуем слабую сілу…"). Захаваліся два малюнкі, як мяркуюць, Томаша Грыневіча. На адным намалявана зброя паўстанцаў, на другім – магільны крыж з якарам.
Паводле прыгавору ваенна-палявога суда 16 (28) ліпеня 1863 года Томаша Грыневіча расстралялі ў Рагачове. Паводле легенды, цэлы батальён салдат прамаршыраваў па яго магіле, каб зраўняць яе з зямлёй. Легенда найхутчэй мае праўдзівую аснову. Такім самым чынам раўнялі магілы кіраўнікоў паўстання, у тым ліку і Кастуся Каліноўскага, у Вільні, на Замкавай гары.
У рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць” Томаш Грыневіч стаў прататыпам Усяслава Грынкевіча.
На месцы пахавання Грыневіча на старых гарадскіх могілках у другой палове XIX стагоддзя устанавілі вялікі дубовы крыж, які прастаяў да 1980-х гадоў. У жніўні 2016 года быў устаноўлены новы памятны знак Томашу Грыневічу ў Рагачове.
Малюнак паўстанца Томаша Грыневіча падчас знаходжання ў Магілёўскім астрозе
Малюнак зроблены Томашам Грыневічам (знойдзены А.Мальдзісам у Варшаўскай бібліятэцы). Малюнак быў узяты за ўзор пры распрацоўцы памятнага знака ў Рагачове
Па здушэнні паўстання прайшла самая значная за ХІХ стагоддзе хваля рэпрэсій. Расійскія ўлады пакаралі смерцю 128 чалавек, 850 чалавек выслалі на катаргу, 760 адправілі ў арыштанскія роты, каля 12 500 чалавек прымусова перасялілі ў іншыя рэгіёны імперыі. Многія сядзібы паўстанцаў зруйнавалі, а маёмасьць канфіскавалі. Зямянам-каталікам забаранялі купляць зямлю, сялянам-каталікам абмяжоўвалі норму зямлі на гаспадарку.







2 Каментары